Выдавецтва «Про Хрысто»: Выйшаў каляндар на 2025 юбілейны год
- 3 ліпеня, 2024
- Тэкст: Ганна Шаўчэнка, фота: Выдавецтва «Про Хрысто» // Catholicminsk.by
«Міласэрнасць Божая — надзея нашага збаўлення» — так называецца каляндар, які выйшаў у выдавецтве «Про Хрысто» на 2025 год.
У Каталіцкім Касцёле ва ўсім свеце і ў Беларусі наступны год стане юбілейным, пра што падрабязна распавядае арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у сваім уступным слове да новага календара «Непахісная надзея на збаўленне ў Хрысце…».
- Па-першае, Апостальская Сталіца абвясціла 2025 год Святым годам. Гэта асаблівы час, калі вернікі могуць атрымаць Божае прабачэнне праз спецыяльныя адпусты.
- Па-другое, у 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з таго часу, калі Езус у містычных аб’яўленнях навучыў святую Фаўстыну Кавальскую маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
- Па-трэцяе, у 2025 годзе мы будзем святкаваць 1700-годдзе Першага Нікейскага Сабору, на якім былі акрэсленыя асноўныя дагматы хрысціянства.
- І па-чацвёртае, свой юбілей адзначыць Пінская дыяцэзія, якая была заснаваная роўна 100 гадоў таму.
Кожны падобны юбілей — гэта сведчанне бязмежнай Божай любові, знак таго, што, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні і перыпетыі лёсу, «брамы пякельныя» не перамагаюць Касцёл, вера ў чалавечых сэрцах працягвае жыць і ўмацоўвацца, а Бог заўсёды гатовы прабачыць нам нашыя правіны, калі мы са скрухаю прыходзім да Яго.
Для таго, каб яшчэ раз нагадаць пра гэта і паспрыяць большаму пашырэнню культу Божай Міласэрнасці, аўтары ідэі календара змясцілі ў ім на кожны месяц фрагменты з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай. Яны стануць для карыстальнікаў крыніцаю натхнення ў малітоўным жыцці, медытацыі, перажыванні святочных і звычайных дзён літургічнага года.
У календары таксама падаецца інфармацыя пра атрыманне поўных адпустаў на працягу Звычайнага Юбілею 2025 года. Умовы адпустаў акрэсленыя ў дэкрэце Апостальскай пэнітэнцыярыі. Нельга недаацэньваць гэтую вялікую Божую ласку і спрадвечную практыку Каталіцкага Касцёла, выключную магчымасць атрымаць поўнае адпушчэнне кары за грахі для сябе або за кагосьці з памерлых.
Каляндар аздоблены выявамі прыгожых твораў сакральнага мастатцва з усяго свету. Яркі і густоўны, ён для кожнага верніка стане цудоўным спадарожнікам у практыкаванні веры на ўвесь наступны год.
Новы каляндар можна будзе набыць на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе. Можна звяртацца таксама да пробашчаў парафій і ў парафіяльныя кіёскі.