Вялікапосныя рэкалекцыі ў Нацыянальным санктуарыі правёў біскуп Андрэй Зноска
- 1 красавіка, 2025
- Тэкст і фота: Пінская дыяцэзія Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь / Instagram // Catholicminsk.by

З 28 па 30 сакавіка дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска правёў парафіяльныя рэкалекцыі ў Нацыянальным санктуарыі Беларусі — Будслаўскай святыні Божай Маці.
Рэкалекцыі былі арганізаваныя кусташам санктуарыя, ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам, разам з валанцёрамі, міністрантамі і моладдзю. Варта адзначыць, што ў гэтых духоўных практыкаваннях удзельнічалі не толькі жыхары Будслава і ваколіц, але і шмат прыезджых вернікаў з Мінска, Маладзечна, Фаніпаля. Некаторыя сачылі за падзеямі ў Будслаўскай святыні пры дапамозе online-трансляцыі.

Іерарх з Пінска засяродзіўся над пошукамі звышпрыродных сродкаў, якія могуць загаіць раны чалавечага сэрца, сцвярджаючы, што яму для гэтага патрэбна толькі Божая ласка. Гэтай праблематыцы былі прысвечаны і казанні, і заняткі з малодшымі вернікамі, і набажэнствы Крыжовага шляху.



Біскуп Андрэй наведаў таксама даяздовыя капліцы ў Вераб’ях і Ілаве, дзе збіраюцца пераважна пажылыя людзі, якім цяжка дабрацца да парафіяльнай святыні. Нечаканым сюрпрызам для пастыра стала шчодрасць вернікаў, якія загрузілі цэлы багажнік яго аўто варэннем, грыбамі, яйкамі і іншымі хатнімі прысмакамі. Біскуп Андрэй прызнаўся:
«Гэта вельмі кранальна і міла, што можна быць двойчы іерархам і тройчы важнай асобай, а для гэтых заслужаных людзей ты сын, а то і ўнук. Атрымаць такія прэзенты з іх спрацаваных рук – незаслужаны гонар для мяне».

