Віншаванні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды 30-годдзя часопіса «Ave Maria»
- 7 снежня, 2024
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Шаноўная спадарыня рэдактар Крыстына Лялько, рэдакцыйны калектыў, аўтары часопіса і чытачы!
Па благаслаўленні Папы Яна Паўла ІІ напрыканцы 1994 года выйшаў першы, тады вельмі сціплы, нумар каталіцкага беларускамоўнага часопіса “Ave Maria” са змешчаным на вокладцы абяцаннем Маці Божай Фацімскай: “Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе”. А сёння мы адзначаем ужо 30-гадовы плён яго актыўнай дзейнасці.
Трэба падкрэсліць, што з самага пачатку на старонках часопіса асвятляліся не толькі асноўныя вехі адраджэння Касцёла ў Беларусі, але вялася вельмі важная справа – евангелізацыя і катэхізацыя на роднай мове. Цяжка нават ахапіць той вялікі ўнёсак часопіса ў адраджэнне веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў за гэтыя тры дзесяцігоддзі. Таму невыпадкова, што за гэтую важную і важкую дзейнасць Вы, шаноўная спадарыня Крыстына, Папам Бэнэдыктам XVI-м былі ўзнагароджаны медалём Benemerenti.
Сапраўды, з самага пачатку існавання часопіс быў першапраходцам, друкуючы на беларускай мове дакументы Апостальскай Сталіцы, асвятляючы пытанні веры і каталіцкага вучэння, аб’яўленні Маці Божай, праблемы абароны жыцця, моладзі і сям’і, змяшчаючы шматлікія сведчанні навяртання, набажэнствы і малітвы. З гадамі часопіс стаў добрай амбонай для нашых мясцовых святароў, якія сталі яго аўтарытэтнымі аўтарамі. Безумоўна, сёння часопіс з’яўляецца прыгожай і змястоўнай візітоўкай каталіцкай прэсы ў Беларусі, і, хоць развіваецца яго дзейнасць у інтэрнэт-прасторы, друкаваная версія часопіса “Ave Maria” надалей карыстаецца папулярнасцю сярод вернікаў.
Гэты юбілей з’яўляецца таксама добрай нагодай для таго, каб заахвоціць вернікаў чытаць і распаўсюджваць каталіцкую прэсу ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны. Сімвалічна, што 30-годдзе часопіса супадае са 110-гадовым юбілеем з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, які падкрэсліваў важную ролю часопіса “Ave Maria” ў адраджэнні Касцёла на Беларусі; а таксама супадае з 35-й гадавінай біскупскай сакры арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога называюць медыйным біскупам за яго актыўнасць і асаблівую ўвагу да каталіцкіх мас-медыя.
Дзякуючы Пану Богу за 30 гадоў плённай дзейнасці часопіса “Ave Maria”, накіраванай на паглыбленне веры, захаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў, распаўсюджванне набажэнстваў да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, выказваю ўдзячнасць за шматгадовую руплівую і самаахвярную працу ўсяму рэдакцыйнаму калектыву, асабліва рэдактару часопіса спадарыні Крыстыне, якая з вялікай адказнасцю і ахвярнасцю выконвае сваё пакліканне служыць Езусу і Марыі праз друкаванае слова, узбагачаючы родную мову каталіцкай лексікай; дзякую ўсім аўтарам, чытачам і тым, хто распаўсюджвае гэты змястоўны і актуальны часопіс.
Няхай Пан Бог, у Тройцы Адзіны, адорвае ўсіх вас шчодрымі ласкамі, каб сваім служэннем вы будавалі Божае Валадарства ў сэрцах і розумах людзей, а Маці Божая Фацімская няхай сваёю апекаю атуляе вас і вядзе бяспечнымі шляхамі да Яе Сына, нашага Валадара і Збаўцы. Няхай Яна дапаможа вам пераадолець ўсе цяжкасці і перашкоды, каб і надалей, дзякуючы цікавым і глыбокім публікацыям, часопіс быў своеасаблівым духоўным шляхам, школай малітвы, нёс надзею і Хрыстовы спакой, развіваў веру і абуджаў любоў.
На новы плённы этап служэння дзеля Хрыста і Яго святога Касцёла шчырым сэрцам благаслаўляю
у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі