Віншаванне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB з юбілеем 50-годдзя з дня нараджэння
- 6 жніўня, 2024
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Ваша Эксцэленцыя, дастойны юбіляр!
Ад свайго ўласнага імя, а таксама ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, святароў, кансэкраваных асобаў, семінарыстаў, моладзі і ўсяго вернага народа мясцовага Касцёла маю гонар выказаць самыя сардэчныя віншаванні з нагоды дня нараджэння Вашай Эксцэленцыі — з юбілеем 50-годдзя.
У такі момант мы найперш ўспамінаем пра біблейскі юбілей, адным з асноўных прывілеяў якога была амністыя, гэта значыць вяртанне людзям свабоды і маёмасці. У Новым Запавеце гэта азначала вяртанне да першапачатковай годнасці дзяцей Божых (Ян 1, 12–13). Пан Езус узгадаў гэты час у сінагозе ў Назарэце: «Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў мяне абвяшчаць вызваленне <…>, каб абвясціць год ласкі Пана» (Лк 4, 18–19). Гэта важны пасыл, які нясе ў сабе кожны юбілей. Што датычыцца Вас, шаноўны біскуп Аляксандр, то варта прыгадаць важныя этапы Вашага святарскага жыцця, якое можна назваць служэннем добрага пастыра, які ахвяруе сваё жыццё за авечак.
Ваша Эксцэленцыя, з Божага Провіду і любові вашых бацькоў Вы прыйшлі на свет 6 жніўня 1974 годзе ў Смаргоні. Атрымаўшы бацькоўскае благаслаўленне і наказ вучыцца пільна і быць паслухмяным Богу, у 1991 годзе паступілі ў салезіянскі навіцыят ў горадзе Чэрвіньск над Віслай (Польшча). Вы паспяхова прайшлі курс філасофіі ў салезіянскай духоўнай семінарыі ў Лодзі і старанна, таксама і на каленях ў капліцы, вывучалі тэалогію ў Папскім Салезіянскім універсітэце ў Рыме, дзе атрымалі ступень ліцэнзіята дагматычнай тэалогіі.
У 1998 годзе з вуснаў настаяцеляў салезіянскай кангрэгацыі прагучалі словы: «Ці любіш Хрыста і гатовы ісці шляхам харызмы святога Яна Боско ў салезіянскай супольнасці, і Вы, па прыкладзе апостала Пятра, рашуча адказалі: «Вы ведаеце, што я люблю Яго, прычым па-над усё»: далі вечныя манаскiя шлюбы. Так распачалася вандроўка з Панам праз душпастырскія практыкі і выпрабаванне працай з моладдзю. Прэзбітэрскае пасвячэнне Вы прынялі ў юбілейным 2000 годзе праз апостальскую паслугу біскупа Аляксандра Кашкевіча, пастыра Гродзенскай дыяцэзіі. Пасля прыміцыйнай святой Імшы і благаслаўлення, Вы з адпаведнымі ведамі і кампетэнцыяй занялі сваё месца ў чоўне Пятровага Касцёла як адміністратар парафіі ў Барунах, а пазней — у Жодзішках і Смаргоні.
Прагучаў у Ваш бок і заклік Пана: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» — прызначэнне на новае заданне, адказным за салезіянскі прэнавіцыят у пасёлку Акцябрскі Маскоўскай вобласці (Расея), гэтым разам на пасадзе дырэктара салезіянскай супольнасці. Пасля вяртання на радзіму Вы займалі пасаду адміністратара парафіі ў Жупранах. Былі сакратаром Спецыяльнай Усходнееўрапейскай акругі Салезіянскай кангрэгацыі з сядзібай у Маскве. Займалі пасаду дырэктара салезіянскай супольнасці ў Мінску і былі адказным за салезіянскі араторый. Здабытыя дагэтуль веды і досвед выкарыстоўвалі на пасадзе інспектарыяльнага дарадцы Спецыяльнай акругі Салезіянскай кангрэгацыі і старшыні катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выконваючы адначасова абавязкі вікарыя ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля.
Вы былі членам катэхетычнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З 2013 года займалі пасаду вікарыя і эканома Iнспектарыяльнай дэлегатуры Варшаўскай салезіянскай інспекторыі святога Станіслава Косткі, а ў 2014 годзе, згодна з рашэннем вышэйшых настаяцяляў, былі прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў Мінску. Ахвяраваўшы самога сябе цалкам служэнню Касцёлу, Вы прынялі прызначэнне выкладчыкам дагматычнай тэалогіі ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля, каб быць дарэшты адданым справе выхавання моладзі на ўзор святога Яна Боско.
9 чэрвеня 2015 года Папа Францішак прызначыў Вас дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, надаўшы тытулярную біскупскую катэдру Фурнас Маёр і скіраваўшчы на служэнне ў Магілёўскі рэгіён архідыяцэзіі. 27 чэрвеня 2015 года Вы атрымалі біскупскае пасвячэнне праз апостальскае служэнне тагачаснага Апостальскага нунцыя ў Беларусі, сённяшняга кардынала Клаўдыё Гуджэроцці, Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Дастойны юбіляр, Вы сёння Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, пробашч парафіі, будаўнічы дома Божага і лёсу чалавека. Аб Вашай ахвярнай працы ва ўсходняй частцы архідыяцэзіі ўсе добра ведаюць, таксама як і пра Ваш клопат аб парафіях і святынях Магілёўшчыны. Асаблівыя намаганні Вы прыкладаеце ў справе адраджэння Марыйнага санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай — аднаго з найстарэйшых у Беларусі. Там пакуль у маленькай, але ўтульнай капліцы Вы набіраецеся духоўных і фізічных сілаў, каб вырушыць у Рым на Сінод Біскупаў на тэму сінадальнасці як прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Пачуўшы ад нябеснай Маці словы «Зрабіце ўсё, што скажа вам Сын», Вы несяце адказнасць за выхаванне семінарыстаў. Згодна з заклікам Езуса падчас Апошняй Вячэры, «каб усе былі адно», Вы з’яўляецеся своеасаблівым «сувязным звяном» паміж епіскапатам і Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Вы таксама кіруеце Катэхэтычным аддзелам і каардынуеце працу дэканаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Шматлікія абавязкі дзеля збаўлення іншых, якія Вы выконваеце, не абмяжоўваюцца толькі «кабінетнай» працай: Вы заўжды ў дарозе, бо, сказаўшы гэта ў 1990 годзе, Вы паўтараеце штодзень: «Пане, Ты ўсё ведаеш і бачыш, як я Цябе люблю».
Вось толькі некаторыя, аднак вельмі важныя абавязкі і моманты Вашага служэння, злучаныя ў адно вашымі малітвамі. Сёння разам з Вамі Касцёл на Беларусі дзякуе Богу за ласкі, атрыманыя ад Пана, і за плён Вашай працы, за Ваша адданае служэнне людзям у розных месцах, у розных установах, куды Божы Провід вас пасылаў.
Ваша Эксцэленцыя, на заканчэнне хачу скіраваць Вам біблійныя пажаданні: «Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам» (Ліч 6, 22–27), на многія і святыя гады. Няхай гэта адбываецца пад плашчом Матчынай апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі