Вернікі з Багданава наведалі святыя месцы Беларусі
- 12 мая, 2026
- Тэкст і фота: удзельнікі пілігрымкі // Catholicminsk.by
На пачатку мая група вернікаў з парафіі святога Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі дэканат) на чале з ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і сястрой Аленай Дварэцкай здзейснілі падарожжа па святынях Беларусі.
Гэтая аўтобусная пілігрымка па святых месцах Беларусі, якая праводзілася ўжо чарговы раз, сёлета была прымеркавана да Года святога Францішка. Яна сабрала цэлы аўтобус вернікаў парафіі, уключаючы і дзяцей, і моладзь.
Гудагай і абраз Маці Божай Шкаплернай сталі першым яркім момантам вандроўкі. У месцы знаходжання цудатворнага абраза Марыі вернікі маліліся і слухалі аповеды пра нялёгкі лёс святыні, якая ў свой час уцалела праз Божы Провід дзякуючы простым людзям.

Далей пілігрымаў сардэчна сустрэлі вернікі парафій Узвышэння Святога Крыжа і святых Космы і Даміяна ў Астраўцы, якія на развітанне пажадалі ім шчаслівага падарожжа.
Гервяты — «беларускі Нотр-Дам», касцёл і яго тэрыторыя захапілі ўсіх сваёй прыгажосцю, вытанчанасцю і дагледжанасцю.
Парафіяне і пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Міхалішках сардэчна віталі вандроўнікаў, распавялі пра цікавосткі і гісторыю святыні, якая налічвае ўжо 400 год і з’яўляецца адной з найстарэйшых у рэгіёне.

У Мосары (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) вернікі памаліліся ў касцёле, наведалі магілу ксяндза Юзафа Булькі. Гэты святар быў духоўным айцом ксяндза Андрэя Яркаўца і пры ім нарадзілася пакліканне сённяшняга пробашча багданаўскай парафіі.
Удзела (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) — Беларускі Непакалянаў альбо Сяліба Марыі — стала апошнім пунктам вандроўкі. Гэта парафія, якой апякуюцца айцы францішкане і ў якой можна атрымаць поўны адпуст ў Годзе святога Францішка. Яна адметная яшчэ тым, што тут знаходзяцца адзіныя ў Беларусі рухомыя яслі, якія можна пабачыць круглы год. Гэта родная парафія ксяндза Андрэя Яркаўца. Тут адбылася Імша для пілігрымаў, на якой была прысутная таксама мама багданаўскага пробашча. Яна цешылася з магчымасці маліцца разам з пілігрымамі.

На завяршэнне пілігрымкі кожны яе ўдзельнік атрымаў сімвалічны квіток «Дарога ў неба». Ён нагадвае пра дарогу ў рай, аплочаную Езусам Хрыстом, Які чакае ў сваім Валадарстве кожнага чалавека.







