Упершыню Каталіцкі Касцёл у Беларусі заключыў афіцыйны мемарандум аб супрацоўніцтве. Гістарычным партнёрам стаў Беларускі фонд міру
- 17 мая, 2026
- Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC // Catholicminsk.by
15 мая ў Душпастырскім цэнтры імя святога Дамініка Савіо парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання Мемарандума аб узаемадзеянні паміж грамадскім аб’яднаннем «Беларускі фонд міру» і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, а таксама Дамовы аб супрацоўніцтве паміж фондам і Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіяй. Гэта першы за 35 гадоў дакумент такога фармату, падпісаны Канферэнцыяй Біскупаў з рэспубліканскім аб’яднаннем, што надае падзеі асаблівую гістарычную вагу.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дыпламатычнага корпуса, кіраўніцтва Беларускага фонду міру, іерархі Каталіцкага Касцёла, прадстаўнікі духавенства і манаства, навукі, культуры, адукацыі, грамадскіх арганізацый і СМІ. Сярод ганаровых гасцей — Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа і пасол Венгерскай Рэспублікі Зіта Беньчык.

Старшыня Беларускага фонду міру Максім Місько адзначыў, што падпісанне дакументаў з Каталіцкім Касцёлам з’яўляецца важным этапам у сістэмнай працы фонду па ўмацаванні ўзаемадзеяння з традыцыйнымі канфесіямі краіны. Паводле яго слоў, Каталіцкі Касцёл на працягу многіх гадоў з’яўляецца надзейным партнёрам фонду ў гуманітарных, асветніцкіх і дабрачынных праектах, а прадстаўнікі духавенства ўваходзяць у склад праўлення арганізацыі.
У пацвярджэнне гэтых слоў падчас цырымоніі былі прадстаўлены тры відэасюжэты, падрыхтаваныя фондам.
Два сюжэты з цыкла «Фонд міру ў тварах», створанага да 65‑годдзя нацыянальнай міратворчай арганізацыі Магілёўскім абласным аддзяленнем, былі прысвечаны членам праўлення фонду — Магілёўскаму і Мсціслаўскаму арцыбіскупу Сафронію і Генеральнаму вікарыю Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі, адказнаму за Магілёўскую вобласць, біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB. Гэтыя матэрыялы паказалі не толькі асобы іерархаў, але і іх сумеснае служэнне дзеля міру, дабра і духоўна‑маральных каштоўнасцяў, накіраванае на дабро чалавека і грамадства.

Трэці сюжэт быў прысвечаны міжнароднаму дабрачыннаму праекту «Моцныя духам», які рэалізуецца пры ўдзеле кіраўнікоў традыцыйных канфесій Беларусі, вядомых палітыкаў, прадстаўнікоў бізнесу, грамадскіх дзеячаў і людзей мастацтва. У цэнтры ўвагі сюжэта — дзеці з асаблівасцямі развіцця, якія праз творчасць, падтрымку і супольныя намаганні фонду знаходзяць сілы жыць, спадзявацца і верыць у сябе.
Максім Місько падкрэсліў, што менавіта дзеля такіх прыкладаў чалавечай еднасці і духоўнай сілы фонд аб’ядноўвае намаганні розных канфесій, грамадскіх арганізацый і людзей добрай волі.

Ён таксама нагадаў, што 5 мая было падпісана аналагічнае пагадненне з Беларускай Праваслаўнай Царквой, а ў бліжэйшы час плануецца заключэнне мемарандумаў з іудзейскім і мусульманскім рэлігійнымі аб’яднаннямі. Міжканфесійны мір і ўзаемапавага, паводле яго слоў, з’яўляюцца важнай умовай грамадскай стабільнасці, а фонд на працягу многіх гадоў выступае пляцоўкай, якая аб’ядноўвае канфесіі і грамадскія ініцыятывы вакол каштоўнасцяў міру і служэння чалавеку.
Да ўдзельнікаў цырымоніі звярнуўся старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ён падкрэсліў, што падпісанне Мемарандума і Дамовы мае не толькі арганізацыйнае, але і важнае духоўнае і гістарычнае значэнне. Паводле яго слоў, тэма міру займае цэнтральнае месца ў хрысціянскім вучэнні і з’яўляецца асновай грамадскай згоды і стабільнасці.

У сваім выступленні арцыбіскуп падкрэсліў, што падпісаныя дакументы замацоўваюць ужо існуючае плённае супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржаўнымі структурамі, якое рэалізуецца праз гуманітарныя, сацыяльныя і адукацыйныя праекты. Асобна былі згаданы ініцыятывы па мемарыялізацыі памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Шклове і Магілёве, а таксама дзейнасць Caritas, якая аказвае падтрымку сем’ям, пажылым, людзям з інваліднасцю і моладзі.
Мітрапаліт Станеўскі адзначыў, што падпісанне Мемарандума адкрывае новы этап у супрацоўніцтве і сведчыць пра гатоўнасць Каталіцкага Касцёла і надалей уносіць уклад у ўмацаванне міру, падтрымку грамадскіх ініцыятыў і захаванне духоўна‑маральных каштоўнасцяў у беларускім грамадстве.
Кульмінацыяй сустрэчы стала падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Беларускім фондам міру і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, а таксама Дамовы аб супрацоўніцтве паміж фондам і Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіяй. Дакументы падпісалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і старшыня праўлення фонду Максім Місько.

Ён падкрэсліў, што мір — гэта «канкрэтная і штодзённая задача», якая патрабуе супольнай адказнасці і рашэнняў, здольных паляпшаць жыццё людзей. Арцыбіскуп таксама звярнуў увагу на значэнне дыялогу, назваўшы яго «сведчаннем сталасці і гістарычнай неабходнасці».

Напрыканцы да ўдзельнікаў цырымоніі звярнуўся дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Лакіза. Ён адзначыў, што падпісанне Дамовы — гэта адзін з этапаў вялікай і пастаяннай працы, накіраванай на ўмацаванне гуманітарнай бяспекі, захаванне праўды пра Вялікую Айчынную вайну і ўклад кожнага чалавека ў гісторыю краіны. Паводле яго слоў, эфектыўнае выхаванне патрыятызму немагчыма без удзелу грамадскіх арганізацый і прадстаўнікоў розных канфесій, чые ініцыятывы ў адукацыйнай сферы маюць асаблівую каштоўнасць для моладзі.































