Skip to main content

Удзельнікі Carlo Club адзначылі кананізацыю святога апекуна клуба

7 верасня
  • 11 верасня, 2025
  • Тэкст і фота: удзельнікі Carlo Club // Catholicminsk.by

7 верасня Каталіцкі Касцёл адзначыў гістарычную падзею — кананізацыю двух маладых благаслаўлёных: Карло Акуціса і П’ера Фрасаці. Папа Леў XIV аб’яднаў іх у адной урачыстай цырымоніі, падкрэсліваючы духоўную сувязь паміж імі.

У гэты святочны дзень удзельнікі Carlo Club сустрэліся разам у студыі «Радые Марыя Беларусь», каб супольна паглядзець трансляцыю святой Імшы з Ватыкана.

У студыі падлеткаў чакаў асаблівы падарунак ад дырэктара «Радые Марыя» ксяндза Аляксандра Фаміных — рэліквіі святога Карло Акуціса 3 ступені — абразкі з кавалачкам тканіны, якая была прыкладзены да цела святога.

У чэрвені ксёндз Аляксандр удзельнічаў у міжнароднай сустрэчы дырэктараў «Радые Марыя» ў Асізі, падчас якой адбылася сустрэча з мамай святога Карло Акуціса, спадарыняй Антоніяй Сальцано. Пасля сустрэчы святар меў магчымасць асабіста паразмаўляць са спадарыняй Антоніяй, распавеў ей пра праект Carlo Club і атрымаў у падарунак  рэліквіі.

Для перакладу на беларускую мову трансляцыі святой Імшы ў студыю «Радые Марыя» завітаў брат Вадзім Войцік OFMCap.  Дзякуючы служэнню брата Вадзіма радыёслухачы з усёй Беларусі змаглі яшчэ бліжэй пазнаёміцца з асобамі святых Карло Акуціса і П’ера Джорджо Фрасаці.

Пасля трансляцыі усіх удзельнікаў сустрэчы чакаў італьянскі пачастунак — піца і цірамісу. Такі пачастунак быў выбраны, каб падкрэсліць італьянскае паходжанне двух новых святых.

Завяршэннем святкавання стала супольная ружанцовая малітва разам з радыёслухачамі, падчас якой усе маліліся праз заступніцтва новых святых.

Удзельнікі Саrlo Club выказваюць асаблівую падзяку ўсей камандзе «Радые Марыя» за падтрымку ў арганізацыі святочнай сустрэчы клуба.