Skip to main content

У Ждановічах каля Мінска прывіталі новага пробашча (ФОТАРЭПАРТАЖ)

3 жніўня
  • 8 жніўня, 2025
  • Тэкст: Наталля Нікуліна / Фота: Павел Ганчар // Catholicminsk.by

У нядзелю 3 жніўня ў парафіі Багародзіцы Апякункі сем’яў у аграгарадку Ждановічы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад) адбылося ўрачыстае ўступленне на пасаду новага пробашча.

Згодна з дэкрэтам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ад 1 жніўня 2025 года, новым пробашчам парафіі быў прызначаны ксёндз Ян Этэль SCJ з Кангрэгацыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (ксяндзы сэрцане), які раней нёс душпастырскае служэнне ў парафіі Божай Міласэрнасці (Гродна, мікрараён Вішнявец, Гродзенская дыяцэзія).

Парафіяне прывіталі арцыбіскупа Станеўскага, які прыбыў на ўрачыстасць, і свайго новага пробашча традыцыйнымі хлебам-соллю каля капліцы. Пасля прывітання Мітрапаліт акрапіў вернікаў асвячонай вадой, што таксама крыху асвяжыла паветра у гэты спякотны сонечны дзень.

Літургічнае ўступленне на пасаду новапрызначанага пробашча парафіі адбылося перад урачыстай святой Імшой, на якой, апрача Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прысутнічалі святары: дэкан дэканата Мінск-Захад ксёндз канонік Францішак Рудзь, сакратар Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага ксёндз канонік Юрый Ясевіч, ксёндз Аляксандр Фамяных, шматгадовы былы пробашч парафіяльнай супольнасці, настаяцель сэрцанаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Фядотаў SCJ, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне ксёндз Эдвард Сінкевіч SCJ.

Напачатку новага пробашча сабраным у капліцы шматлікім вернікам прадставіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі: «Паважаныя святары, шаноўныя вернікі, парафіяне і госці! Сёння мы сабраліся ў гэтым святым месцы, каб урачыста прывітаць нашага новапрызначанага пробашча. І ваша прысутнасць тут з’яўляецца знакам супрацоўніцтва з Богам, пробашчам ксяндзом Янам Этэлем у будаванні Божага Валадарства ў гэтай парафіі».

Потым ксёндз дэкан Францішак Рудзь агучыў дэкрэт аб прызначэнні ксяндза Яна Этэля SCJ пробашчам гэтай парафіі.

Падчас урачыстасці, згодна з прадпісаннямі касцёльнага права, ксёндз Ян Этэль SCJ даў публічнае вызнанне веры і прынёс прысягу вернасці ў выкананні сваіх абавязкаў.

Бачным знакам уступлення на пасаду стала перадача ключоў ад капліцы былым пробашчам ксяндзом Аляксандрам Фамяных новаму пробашчу.

Усе разам заспявалі Гімн да Духа Святога з просьбай аб дапамозе для новага пробашча і ўсёй парафіі ў будаванні Божага Валадарства на зямлі.

З рук дэкана ксёндз Ян Этэль SCJ прыняў кнігу Святога Пісання, што азначала прыняцце на сябе абавязку як настаўнік гэтай парафіяльнай супольнасці з амбона абвяшчаць і тлумачыць Божае слова.

Напрыканцы літургічнага абраду новы пробашч ушанаваў алтар, просячы Нябеснага Айца, каб гэты алтар і цэлебраваная тут Эўхарыстыя сталі цэнтрам жыцця прызначанай яму парафіі.

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі выказаў спадзяванне, што

«тут, у гэтым месцы зачне біцца сэрца не толькі Кангрэгацыі праз прысутнасць ксяндза Яна — ксяндза сэрцаніна, але таксама і нашыя сэрцы яшчэ больш будуць дапасаваныя да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. А гэта значыць — больш любові, больш міра, больш згоды, больш радасці, больш ветлівасці, больш Бога ў нашым жыцці»

Потым арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з новым пробашчам і прысутнымі святарамі распачаў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой выказаў жаданне «маліцца за ксяндза Аляксандра — з падзякай за яго служэнне і за ксяндза Яна — з надзеяй на плённае служэнне, за кожнага прысутнага і за тых, хто ў гэтай парафіяльнай супольнасці знойдзе для сябе месца, дзе зможа сустрэцца з Богам, дзе будзе пілігрымам і апосталам надзеі».

Падчас прамовы да вернікаў арцыпастыр разважаў, між іншым, пра парафіяльную супольнасць як сям’ю, пра прысутнасць вернікаў у касцёле. І прыгадаў такую гісторыю: Папа Францішак, калі яшчэ быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, сталіцы Аргентыны, адведаў адну парафію, дзе пасля святой Імшы быў абед. Пробашч падышоў да яго і сакзаў: ”Я спадзяваўся, што Вы заахвоціце парафіянаў, каб яны хадзілі ў касцёл, а Вы нічога пра гэта не сказалі». Тады будучы Папа запытаў яго: «А каму гаварыць пра тое, каб хадзілі да касцёла?» «Ім, парафіянам», — прагучаў адказ пробашча. «А, гэта парафіяне?» — здзівіўся іерарх. «Так», адказаў пробашч. І ў тую хвіліну будучы Пантыфік растлумачыў сітуацыю, кажучы: «Як я магу запрашаць іх ва ўласным дом?»

«Парафіяльная супольнасць — гэта сям’я, вялікая сям’я дзяцей Божых, і ад кожнага з нас залежыць, наколькі яна будзе вялікай, як будзе развівацца і ўзрастаць. Жыццё ў парафіяльнай супольнасці, калі мы даверым ёй нашу прысутнасць, сапраўды адкрывае ў нас многае. Мы ў прысутнасці Езуса Хрыста зможам адкрыць нашыя здольнасці, наша пакліканне. Толькі трэба дазволіць Хрысту дзейнічаць, толькі сапраўды трэба прыйсці ў касцёл»,

— падкрэсліў арцыпастыр.

Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Прысутныя маліліся Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Пасля святой Імшы ад імя вернікаў святары выказалі словы ўдзячнасці арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за яго прысутнасць, цэлебрацыю Эўхарыстыі, прамоўленае слова, малітву і клопат за парафію.

Прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці шчыра дзякавалі ксяндзу Аляксандру Фамяных, былому пробашчу, за амаль 10 гадоў добрасумленнага служэння ў парафіі, за прыклад веры, адданасці і даверу Богу, за тое, што ён жыў жыццём парафіі, за малітоўную падтрымку «ўдзень і ўначы, у горы і ў радасці», што заўсёды прыходзіў людзям на дапамогу. У якасці падарунка парафіяне падрыхтавалі для яго калаж з малітвамі падзякі і фотаздымкамі з гісторыі парафіі.

Вернікі скіравалі новапрызначанаму пробашчу ксяндзу Яну Этэлю SCJ шчырыя, сардэчныя словы, спалучаныя з абяцаннем «ахоўваць і падтрымліваць у душпастырскім служэнні сваёй малітвай і дапамогай». З мэтай няспыннай малітвы за святара парафіяне ўручылі ксяндзу Яну «Маргарытку» і склалі перад ім абяцанні «вечнай малітвы» за яго. Пасля яны запрасілі ўсіх прысутных на пачастунак і зрабілі сумеснае фота.