Skip to main content

У Заслаўі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася святая Імша і экуменічная малітва

19 студзеня
  • 21 студзеня, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота з архіву парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі // Catholicminsk.by

19 студзеня, у ІІ Звычайную Нядзелю, у другі дзень Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, у парафіяльным касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі адбылася святая Імша, пасля якой прайшла экуменічная малітва.

Абедзьве цэлебрацыі ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім прысутнічалі таксама ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, Часовы Павераны ў справах Апостальскай Сталіцы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама святары.

На пачатку святой Імшы іерарха і прыбылых святароў урачыста прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Антоні Клімантовіч.

У гаміліі, зыходзячы з Евангелля аб цудзе ў Кане Галілейскай, арцыпастыр заклікаў прысутных запрашаць Езуса і Марыю ў свае жыццё і сем’і, каб стаўся цуд іх перамены.

Напрыканцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Кандрусевіч пасвяціў памятныя знакі юбілейных гадоў: колішняга юбілейнага “Года міласэрнасці 2016” і цяперашняга “Года надзеі 2025”.

Пасля Імшы адбылася адмысловая малітва аб адзінстве хрысціян, у якой прынялі ўдзел, апроч рыма-католікаў, прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы і Лютэранскай Царквы. Запрошаны прадстаўнік Евангеліцкай Царквы не быў прысутны па прычыне хваробы.

Пасля ўступных малітваў і Евангелля кожны з прысутных прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій выступіў са сваім словам.

Тэмай прамовы прадстаўніка Грэка-каталіцкай Царквы, Канцлера Курыі Апостальскай Адміністратуры для грэка-каталікоў Беларусі айца Яўгена Усошына, была радасць, якая не атаясамліваецца з весялосцю, але чэрпае сваю моц з факту змёртвыхпаўстання Хрыста. Святар заахвоціў удзельнікаў малітвы падзяліцца гэтай радасцю з усімі сустрэтымі людзьмі.

Клірык Кафедральнай Праваслаўнай царквы ў Заслаўі, іерэй Вячаслаў Шафарэнка, засяродзіўся на супольных рысах, якія аб’ядноўваюць розныя хрысціянскія канфесіі, і заклікаў прысутных “будаваць масты” паміж хрысціянамі, адкідваючы ўсё, што іх раздзяляе.

Прадстаўнік лютэранскай супольнасці Мінска, лектар Ігар Несцяровіч, звярнуў увагу на тое, што гістарычныя памылкі, якія прывялі да падзелаў паміж хрысціянамі, не могуць перашкодзіць ім сёння плённа супрацоўнічаць і сведчыць аб веры ў аднаго і таго самага Хрыста.

Арцыбіскуп Тадэвуш прыпомніў, што сёлета Каталіцкі Касцёл адзначае Юбілейны год надзеі, які праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”. Мы ўсе з’яўляемся пілігрымамі ў дом нябеснага Айца.

“Мы розныя, але ў нас аднолькавая хрысціянская ДНК, якая заклікае да адзінства. Дзеля гэтага трэба дазволіць Духу Святому дзейнічаць у нас. Мы павінны супольна сведчыць аб хрысціянскіх каштоўнасцях, каб свет будаваўся на агульных і вечных прынцыпах Евангелля і маральнасці. Адзінства хрысціян – гэта лакмусавая паперка іх хрысціянскай ідэнтычнасці,” – адзначыў іерарх.

“Падобна таму, як Езус спытаў сястру памерлага Лазара ці яна верыць ва ўваскрашэнне цела, так сёння Ён пытаецца нас: «Ці мы верым ў уваскрашэнне адзінства?» Езус здольны ўваскрасіць хрысціянскае адзінства, але для гэтага нам трэба маліцца і дазволіць Духу Святому дзейнічаць”, – працягнуў арцыпастыр.

Тэмай дня 19 студзеня Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў з’яўляюцца “Стварэнне як справа Бога”. Створаны свет – гэта выдатны прыклад адзінства. У ім усё фунцыянуе з дакладнасцю і гармоніяй. Падобным чынам трэба развіваць адносіны паміж рознымі канфесіямі, каб разам мець магчымасць праслаўляць Бога.

Сімвалічна, што сёлета прыпадае Юбілей 1700 годдзя Нікейскага Сабору, які абараніў адзінства хрысціянства і прыняў агульны для ўсіх хрысціян Сімвал веры. Таксама ў гэтым годзе супадае дата Пасхі для ўсіх хрысціянскіх канфесій – 20 красавіка.

“Ці гэта не знакі, якія павінны нас натхняць да інтэнсіфікацыі працы для дасягнення адзінства ўсіх веравызнанняў? – спытаў арцыбіскуп Тадэвуш.

Іерарх завяршыў прамову заклікам: “Божа, у Тройцы Адзіны, прымі нашу сумесную малітву, умацуй нас на шляху да адзінства, бо ў Табе няма падзелаў, толькі братэрства любові і міру”.

Адметным момантам экуменічнай малітвы быў абрад запальвання свечак, якія сімвалізуюць святло Хрыста, які жадае, “каб усе былі адно” (Ян 17, 21). Кульмінацыяй набажэнства стала сумеснае з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій прамаўленне Нікейска-Канстанцінопальскага сімвалу веры з ІV стагоддзя.

Напрыканцы арцыпастыр падзякаваў усім удзельнікам малітвы, а асабліва яе арганізатару, ксяндзу каноніку Антонію Клімантовічу, пробашчу заслаўскай парафіі.