Skip to main content

У Заслаўі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі Нядзелю Божага слова

25 студзеня
  • 26 студзеня, 2026
  • Фота: Віктар Обух // Catholicminsk.by

25 студзеня ў трэцюю звычайную нядзелю арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Эўхарыстыю ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад). Набажэнства было прысвечана нядзелі Божага слова і Тыдню малітваў аб адзінстве хрысыціянаў.

Свята Божага слова ў Заслаўі мае асаблівае значэнне, бо менавіта ў гэтым старажытным горадзе ў далёкім 1572 годзе Сымон Будны працаваў над перакладам Новага Запавета. Таму горад па праву можа ганарыцца сваімі біблійнымі традыцыямі.

Напачатку Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч прывітаў дастойнага іерарха, якому нядаўна споўнілася 80 гадоў, а таксама святароў і вернікаў. Асаблівыя словы прывітання ён скіраваў да групы дзяцей і моладзі з парафіі святога Міхала Арханёла ў Багданаве, якія разам са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і сястрой Аленай Дварэцкай, якая імі апякуецца, прыбылі ў Заслаўе, каб паказаць тэатральную пастаноўку, прысвечаную Божаму Нараджэнню.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп спытаў у вернікаў, якое месца займае Біблія ў нашым жыцці: «Гэта кніга на паліцы, зборнік старажытных гісторый ці голас Бога?»

Арцыбіскуп заклікаў вернікаў, каб нядзеля Божага слова дапамагла пачуць Святое Пісанне, гэта значыць, стаць на шлях навяртання, а таксама ўбачыць у Бібліі не толькі гістарычны ці мастацкі твор, але тое, што можа нас змяніць, як змяніла святога Аўгустына, які, знаходзячыся ў граху, адкрыў Біблію і натрапіў на фрагмент Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў, які заклікаў пакінуць распусту і апрануцца ў Езуса Хрыста. І грэшнік Аўгустын паверыў Божаму слову і праз гады стаў вялікім хрысціянскім святым. Яго прыклад —  гэта заклік звярнуцца да Святога Пісання і прыняць яго словы як Божую праўду.

«Божае слова з’яўляецца святлом у грахоўнай цемры і асвятляе наш жыццёвы шлях, а таксама паказвае, дзе праўда, а дзе ілюзія», — падкрэсліў іерарх.

Сёлятняя праграма Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян падрыхтавана хрысціянамі Арменіі і праходзіць пад дэвізам: «Адно Цела. Адзін Дух. Адна Надзея».

Хрысіцянства ў Арменію прынеслі апосталы Тадэвуш і Барталамей. Арменія таксама стала першай краінай, дзе хрысціянства атрымала статус дзяржаўнай рэлігіі яшчэ ў 301 годзе.

«Адзінства хрысціян ляжыць у аснове нашай хрысціянскай ідэнтычнасці і адыгрывае ключавую ролю ў нашай евангнелізатарскай місіі»,

—  адзначыў арцыпастыр.

Прамоўца нагадаў, што ў мінулым годзе хрысціянскі свет адзначаў 1700-годдзе прыняцця Нікейскага сімвала веры, які вызнае веру ў «адзіны, святы, паўсюдны і апостальскі Касцёл», і нагадаў, што ўсіх хрысціян аб’ядноўваюць сімвал веры, Святое Пісанне і Традыцыя. Таму мы павінны прыняць Божы заклік да адзінства не як нейкі абстрактны ідэал, а як жыццёва важнае крэда нашай веры.

«Сёння лёгка набыць кнігі Святога Пісання. Нядаўна быў выдадзены пераклад на беларускую мову пяцікніжжа Майсея — першых пяці кніг Старога Запавету. Але ці мы заўсёды чытаем Божае слова? Ці не з’яўлемся глухімі на яго?»,

— задаўся пытаннем арцыбіскуп.

Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз пробашч Антоній коратка прадставіў вернікам біяграфію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, адзначаючы, што ён, як і раней, застаўся «чалавекам, які не сядзіць на адным месцы». Святар пажадаў яму моцнага здароўя і многіх гадоў для далейшага служэння Касцёлу. Затым юныя прадстаўнікі заслаўскай і багданаўскай парафій павіншавалі дастойнага іерарха-юбіляра з яго 80-годдзем.

Адказваючы на словы віншаванняў, арцыпастыр падкрэсліў, што касцёл у Заслаўі становіцца сапраўдным духоўным і культурным цэнтрам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, таму што апошнім часам тут добрым звычаем стала ладзіць тэатральныя пастаноўкі, выставы духоўнага мастацтва, арганныя канцэрты, і звярнуў увагу, што гэта адна са шматлікіх форм евангелізацыі.