Skip to main content

У Заслаўі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ўшанавалі святога Губерта, апекуна паляўнічых

8 лістапада
  • 10 лістапада, 2025
  • Фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

8 лістапада ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (дэканат Мінск-Захад) з нагоды нядаўняга літургічнага ўспаміну святога Губерта адбылося традыцыйнае набажэнства для паляўнічых і ляснікоў, якое ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Напачатку дастойнага госця прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, які сам захапляецца паляваннем і рыбалоўствам. Разам з вернікамі маліліся паляўнічыя, згуртаваныя ў аб’яднанне «Сафары».

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што гісторыя святога Губерта — гэта гісторыя не толькі пра яго святасць, але таксама і пра навяртанне. Яна з’яўляецца ўрокам для сучаснага чалавека, бо гэта шлях ад гонару да пакоры.

Арцыбіскуп нагадаў прысутным гэтую гісторыю. Губерт любіў азарт пагоні за дзікім зверам. На паляванні ён не шукаў Бога, а трафей. Аднак Бог сам знайшоў яго. Аднойчы падчас палявання будучаму святому з’явіўся алень з крыжом паміж рагоў. Голас з неба загадаў паляўнічаму пакінуць паганскае жыццё і засяродзіцца на выратаванні сваёй душы. Гэтае здарэнне змяніла яго жыццё. Замест таго, каб зацыклівацца на здабычы дзічыны, ён навучыўся бачыць Творцу ў прыродзе і ў выніку не пакінуў быць паляўнічым, але перастаў быць толькі ім.

«Духоўнае пераўтварэнне святога Губерта з’яўляецца ключом да хрысціянскага разумення палявання. Яно паказвае пераход ад палявання як хобі да палявання як служэння і адказнасці»,

— адзначыў іерарх.

Арцыпастыр вылучыў некалькі аспектаў, у чым паляўнічым можа быць прыдатнай старажытная асоба святога:

  • Па-першае, у ідэі павагі да Божага стварэння. Губерт убачыў у алені не проста дзікую жывёлу, але Божае стварэнне. Таму паляўнічыя не могуць ставіцца да прыроды выключна па-спажывецку.
  • Па-другое, у ідэі служэння. Пасля свайго навяртання Губерт стаў служыць людзям і прыродзе. Паляўнічыя павінны служыць прыродзе і дапамагаць ёй быць здаровай.
  • Па-трэцяе, у ідэі ўнутранай цішыні. Каб убачыць дзікага звера, трэба замерці і зліцца з прыродай. Таму паляванне — гэта добры спосаб пабыць у цішыні, у якой паляўнічаму можа з’явіцца свой «алень з крыжом», каб ён зразумеў значэнне свайго жыцця і месца ў гэтым свеце.

Іерарх заўважыў, што, праслаўляючы святога Губерта, неабходна памятаць не толькі пра яго святасць, але перадусім пра яго духоўнае навяртанне і захаванне паляўнічай этыкі, паводле якой паляўнічы павінен быць справядлівым і адказным, шанаваць жыццё і прыроду.

«Прыклад святога Губерта вучыць паляўнічых, што іх пакліканнем таксама павінна быць апостальства. Сваім сведчаннем веры і нормаў этычнага палявання яны павінны быць “паляўнічымі душаў”»,

— падкрэсліў прамоўца.

Арцыпастыр нагадаў, што Папа Леў XIV у гаміліі падчас святой Імшы аб абароне стварэння 9 ліпеня заклікаў да малітвы аб навяртанні тых, хто не клапоціцца пра наш супольны дом, якім з’яўляецца прырода. Пры гэтым Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Евангелле падкрэслівае глыбокую сувязь чалавека са стварэннем.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў заклікам да паляўнічых браць прыклад са святога Губерта, каб паляванне стала магчымасцю сузіраць прыгажосць Божага стварэння і паглыбляла адносіны з Богам.