Skip to main content

У Ватыкане адбылася развітальная Імша і пахаванне Папы Францішка

26 красавіка

26 красавіка на ватыканскай плошчы Святога Пятра адбылося развітанне з Папам Францішкам, пасля чаго цела Пантыфіка было перавезена ў Базыліку Санта-Марыя-Маджорэ — месца яго вечнага спачынку.

Пахавальная святая Імша распачалася ў 10:00 па цэнтральнаеўрапейскім часе (11:00 па мінскім часе). Яна стала першай з дзевяці эўхарыстычных цэлебрацый, якія будуць праходзіць на працягу бліжэйшых дзевяці дзён жалобы і малітвы пасля смерці Святога Айца.

Працэсія з труной Папы Францішка. Фота: Vatican News

Літургію, якая праходзіла на лацінскай мове, узначальваў 91-гадовы італьянскі кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Разам з ім маліліся каля 5 тысяч канцэлебрантаў — кардыналаў, біскупаў і святароў. Беларускі епіскапат на пахаванні Папы Францішка прадстаўлялі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Фота: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Фота: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Беларускія іерархі і старшыня беларускай дэлегацыі Ігар Сергеенка на плошчы Святога Пятра. Фота: belta.by

На пахавальнай Імшы прысутнічалі каля 160 афіцыйных дэлегацый з розных краін свету. Сярод іх была таксама афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергеенкі.

Пасля заканчэння літургіі і абрадаў апошняга развітання труна з целам Святога Айца пад гукі магутных званоў была ўнесеная ў Базыліку Святога Пятра. Затым, пакладзеная на белы папамабіль, яна назаўсёды пакінула Ватыкан і ў суправаджэнні паліцэйскага картэжу матацыклістаў на малой хуткасці адправілася ў апошні шлях.

Згодна з запаветам Пантыфіка, ён быў пахаваны ў Базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ — галоўным марыйным храме Вечнага горада. Цырымонія тумуляцыі насіла прыватны характар і не транслявалася СМІ.

266-ы наступнік святога Пятра знайшоў спачын у простай магіле паміж Паўлінскай капліцай і капліцай Сфорца. Абрад праводзіў камерленга Святога Рымскага Касцёла, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл.

Абрад пахавання ў Базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Фота: Vatican News

Удзельнікі цырымоніі прасілі Бога прыняць душу Папы Францішка ў «жытло міру і святла» і дараваць яму «шчасце і супольнасць са святымі і выбранымі».