Skip to main content

У свята святога Лукі, апекуна лекараў, арцыбіскуп Станеўскі віншуе медыцынскіх работнікаў

18 кастрычніка
  • 18 кастрычніка, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Шаноўныя медыцынскія работнікі, браты і сёстры!

Сёння, у свята святога Лукі, евангеліста, які, дарэчы, быў таксама ўрачом, Каталіцкі Касцёл моліцца праз яго заступніцтва за людзей у белых халатах — медыцынскіх работнікаў. Сёння мы з асаблівым пачуццём падзякі і шчырай малітвай звяртаем свой позірк на ўсіх, хто носіць гэтае высокае званне.

Сардэчна віншую ўсіх вас з патранальным святам! Ваша штодзённая самаадданая і адказная праца патрабуе глыбокіх ведаў і мужнасці. Ваша сапраўды хрысціянскае служэнне людзям немагчымае без любові і спачування, цярплівасці і міласэрнасці. Святы Лука ў Евангеллі запісаў словы наказу Езуса, з якімі Ён звяртаўся да сваіх апосталаў і да кожнага, хто прымае Яго вучэнне: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны (Лк 6, 36).

Менавіта вас называюць медыцынскімі братамі і сёстрамі, падкрэсліваючы важнасць вашага ахвярнага служэння і клопат пра людзей. Духоўная сіла, міласэрнасць, спагадлівасць і цярплівасць заўсёды дапамагалі і дапамагаюць урачам з гонарам і годнасцю выконваць свой прафесійны абавязак. Вы праз сваю штодзённую ахвярную працу літаральна крочыце па слядах Нябеснага Лекара, які ўзяў на сябе хваробы і немачы ўсяго роду чалавечага.

З глыбокай удзячнасцю віншую вас з патранальным святам! Жадаю моцнага здароўя, супакою ў сем’ях, паразумення ў працоўных калектывах, веры і невычэрпнага аптымізму ў святой справе лячэння людзей!

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі