У Слуцку адзначылі 25-ю гадавіну пасвячэння касцёла
- 13 лістапада, 2025
- Тэкст: Ірына Санюковіч / Фота: Віктар Ведзень // Сatholicminsk.by
8 лістапада ў парафіі святога Антонія ў Слуцку з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага прайшло святкаванне дваццаціпяцігоддзя з моманту кансэкрацыі парафіяльнай святыні.
Парафіяне сустракалі арцыбіскупа хлебам-соллю. У прывітальным слове яны падзякавалі за бацькоўскую апеку і духоўнае кіраўніцтва і папрасілі, каб дастойны іерарх увёў сваю паству ў касцёл, як гэта зрабіў 25 гадоў таму 11 лістапада 2000 года кардынал Казімір Свёнтэк.

На ўрачыстасць прыбылі прадстаўнікі мясцовай улады, святары, законныя сёстры, вернікі з розных парафій і шматлікія госці, якія разам з парафіянамі дзякавалі Богу за ўсіх людзей, што спрычыніліся да будовы святыні. Ужо 25 гадоў ніколі не зачыняюцца яе дзверы: тут абяцаюць адзін аднаму сужэнскую вернасць і хрысцяць дзяцей, прымаюць Першую Камунію і сакрамэнт канфірмацыі, развітваюцца з памерлымі і моляцца аб патрэбах для жывых.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў арцыбіскуп Станеўскі.
— звярнуўся да прысутных іерарх.

Парафіяльная сям’я дзякавала кожнаму, хто спрычыніўся да вялікай справы будаўніцтва, умацавання і далейшага духоўнага развіцця парафіі. Тым, хто, будаваў, аднаўляў, працягваў руку дапамогі ў самы патрэбны момант, тым, хто ахвяраваў, падтрымліваў сваімі малітвамі і словамі, тым, хто зрабіў парафію жывой і квітнеючай. Вернікі маліліся, каб касцёл у Слуцку і надалей быў месцам жывой веры, цёплым прыстанкам для ўсіх шукаючых Бога і асяродкам дабра для ўсяго горада, каб яго званы яшчэ шмат гадоў склікалі вернікаў на малітву.
Асаблівую падзяку парафіяне выказалі пробашчу парафіі айцу Аляксею Рамановічу OFM, які ўзяўся за ажыўленне францішканскага духу ў Слуцку і пабудаваў не толькі сцены касцёла, але і моцную парафіяльную супольнасць, за тое, што шмат гадоў нястомна, з вялікай ахвярнасцю, стараннем і айцоўскім клопатам нясе душпастырскае служэнне ў гэтай святыні.

Напрыканцы вернікі пажадалі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, каб пад яго духоўным кіраўніцтвам гэты юбілей стаў для ўсіх часам духоўнага адраджэння і яшчэ большай адданасці Хрысту і Яго Касцёлу, і падаравалі сімвал Случчыны — невялікі фрагмент слуцкага пояса як напамін пра малітоўную падтрымку парафіі са Слуцка. Да ўрачыстай даты была зладжаная выстава фотоздымкаў з гісторыі касцёла і жыцця парафіі.



















