У санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Мінску з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі адпустовую ўрачыстасць
- 28 красавіка, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Вольга Семярнік // Catholicminsk.by

27 красавіка, у ІІ Велікодную нядзелю, святкуецца свята Божай Міласэрнасці. У гэты дзень у капліцы парафіі Маці Божай Ружанцовай у мінскім мікрараёне Лошыца (дэканат Мінск-Усход), побач з якой ідзе будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці, адбылася адпустовая ўрачыстасць, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Вернікі парафіі разам з ксяндзом пробашчам Янам Юшко CSMA прывіталі дастойнага госця хлебам-соллю.

Арцыпастыр узначаліў адпустовую святую Імшу, якую разам з ім цэлебравалі парафіяльны пробашч і некалькі святароў. У спеве прысутным дапамагаў дзіцячы гурт «Міхаэлькі».

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч распачаў ад сцвярджэння: «У пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса ў найвышэйшай ступені аб’явілася Божая Міласэрнасць». Сапраўды, у асобе Езуса Хрыста Бог узяў на сябе нашыя грахі і збавіў нас сваёй крыжовай смерцю, а ўваскрасеннем указаў на новы спосаб чалавечага быцця. Таму, паводле іерарха, лагічна, што ІІ Велікодная нядзеля, згодна з пажаданнем самога Езуса, выказаным у аб’яўленнях святой сястры Фаўстыны Кавальскай, з’яўляецца святам Божай Міласэрнасці.

Арцыпастыр успомніў таксама пра спачылага Папу Францішка, які абвясціў 2016 год надзвычайным юбілейным годам міласэрнасці, які праходзіў пад дэвізам «Міласэрныя, як Айцец». Таму ганаровы іерарх без ваганняў назваў час пантыфікату Папы Францішка «ўвасабленнем Божай Міласэрнасці», якая з’яўляецца адной з найважнейшых ўласцівасцей Бога.

Разважаючы над фрагментам Евангелля на гэты дзень, арцыпастыр падзяліў яго на 2 часткі. У першай з іх ён засяродзіўся над словамі Хрыста: «Супакой вам». Яны сталіся прадвеснікам устанаўлення сакрамэнту пакаяння, у якім Бог адпускае чалавеку яго грахі, робячы яго свабодным для жыцця вечнага.
«Евангелле таксама нагадвае нам, што выразам нашай веры ў прысутнасць Уваскрослага Езуса сярод нас з’яўляецца прабачэнне грахоў іншым людзям. Без гэтага цэлебрацыя Эўхарыстыі будзе абмежавана выкананнем прадпісанняў літургічных рубрык»,
— сцвердзіў іерарх.

Другая частка Евангелля прадстаўляе апостала Тамаша ў яго бескампраміснай сумленнасці. Яго не было з іншымі апосталамі, калі Езус аб’явіўся ім у першы раз, у выніку чаго апостал адмовіўся верыць у Яго Уваскрасенне.
Гісторыя Тамаша, паводле слоў арцыпастыра, падкрэслівае важнасць знакаў у прывядзенні людзей да веры. Сустрэча апостала Тамаша з Уваскрослым Хрыстом прывяла яго да веры. Арцыбіскуп выразіў перакананне, што сучасныя хрысціяне, якія фізічна не могуць «убачыць» Езуса сваімі вачыма, павінны верыць таму, што чуюць. Вось чаму Павел навучае, што «вера — ад слухання».
Існуюць розныя шляхі да веры. Апостал Тамаш выкарыстоўвае розум, які даў яму Бог, каб паверыць, і таму кажа, што ён павінен мець рэальныя доказы Уваскрасенне Хрыста.
«Хрысціянская вера — гэта не проста бяздумная згода з пэўнымі перакананнямі. Яна мае трывалую аснову ў рацыянальнасці з мэтай яе растлумачыць і зразумець, прыкладам чаго з’яўляецца святы Тамаш»,
— падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы гаміліі ў якасці высновы арцыпастыр даў парады, якія дапамагаюць веруючаму чалавеку прыняць Божую Міласэрнасць і самому стацца міласэрным:
- прыступаць да сакрамэнту пакаяння і практыкаваць учынкі міласэрнасці для цела і душы бліжніх,
- прасіць Бога аб жывой веры,
- кіравацца крытычным розумам у пазнаванні і ўзрастанні веры праз чытанне Божага слова, удзел у сакрамэнтах і малітву,
- дзяліцца сваёй верай з іншымі,
- дазволіць Езусу перамяніць чалавечыя сумненні ў сапраўдную веру, запрашаючы Яго ў сваё жыццё.

Пасля святой Імшы ўдзельнікі ўрачыстасці адправіліся ў парафіяльны дом, дзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў катэхетычныя класы і жылую частку для святароў (плябанію).

