Skip to main content

У парафіі на мінскай Кальварыі будуць штомесяц ушаноўваць святога Шарбэля Маклуфа

  • 19 ліпеня, 2024
  • Тэкст: _parafia_na_kalvarii_ // Instagram, Catholic.by, фота: Hannah Brockhaus // CNA

24 ліпеня прыпадае літургічны ўспамін святога Шарбэля Маклуфа, законніка. Сёлета ў гэты дзень у парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя) ў Мінску адбудзецца першае набажэнства праз заступніцтва гэтага святога. З гэтага дня малітва праз заступніцтва святога Шарбэля будзе адбывацца ў парафіяльным касцёле на Кальварыі 24 чысла кожнага месяца.

Святы Шарбэль Маклуф нарадзіўся ў Ліване 8 мая 1828 года ў сялянскай сям’і. Уступіўшы ў кляштар, стаў святаром і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вёў вельмі суровае аскетычнае жыццё пустэльніка. Браты вельмі паважалі яго як прыклад дасканалага манаха. Ужо пры жыцці настаяцелі бачылі, што ў жыцці Шарбэля дзейнічае «звышнатуральная Боская сіла», хрысціяне лічылі яго святым і нават некаторыя мусульмане прызнавалі яго за цудатворцу.

Шарбэль Маклуф, які аддана ўшаноўваў прысутнасць Бога ў Эўхарыстыі, 16 снежня 1898 года падчас цэлебрацыі Боскай Літургіі перанёс інсульт. Ён адышоў у вечнасць 24 снежня 1898 года, у вігілію Нараджэння Пана, у кляштары, дзе пражыў усё жыццё. На месцы яго пахавання адбылося шмат цудаў і туды пачалі прыходзіць шматлікія пілігрымы з усяго свету. Шарбэль Маклуф быў кананізаваны у 1977 годзе святым папам Паўлам VI.

У Ліване гэтага святога пустэльніка ўшаноўваюць не толькі хрысціяне, але і мусульмане за тыя шматлікія аздараўленні, якія адбываюцца каля яго магілы і праз яго заступніцтва.

Каталіцкі кляштар мараніцкага абраду ў Ліване, у якім святар, манах і пустэльнік Шарбэль Маклуф пражыў каля 20 гадоў, сёння прымае каля чатырох мільёнаў наведвальнікаў у год, сярод якіх не толькі хрысціяне, але таксама шмат мусульманаў.

Да 1950 года аздараўленні пацвярджаліся толькі святарамі або відавочцамі. З 1950 года, калі ў кляшатары пачалі дакументальна фіксаваць аздараўленні, іх колькасць перавысіла 29 тысяч. Цяпер, калі сталі больш даступнымі сучасныя медыцынскія тэхналогіі, меркаванае аздараўленне павінна быць пацверджана медыцынскімі дакументамі, якія адлюстроўваюць захворванне пацыента напачатку і потым яго невытлумачальнае аздараўленне.

Санктуарый святога Шарбэля ўключае манастыр святога Марона, дзе Шарбэль Маклуф пражыў 19 гадоў, прысвечаных адданай малітве, фізічнай працы і сузіранню ў маўчанні, а таксама пустэльню непадалёк, у якой святы правёў апошнія 23 гады зямнога жыцця ў суровай аскезе і глыбокай еднасці з Богам.

У манастыры пілігрымы могуць наведаць касцёл, пабудаваны ў 1840 годзе, маленькі музей з асабістымі рэчамі і рэліквіямі святога і месца яго першай магілы. З 1952 года пахаванне святога Шарбэля знаходзіцца ў прыбудаванай капліцы-крыпце.

Парафія на Кальварыі ў Мінску стала чарговай парафіяй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у якой вернікі будуць ушаноўваць святога манаха з Лівану. Малітвы праз заступніцтва святога Шарбэля адбываюцца ў парафіі святога Мікалая ў Свіры (Мядзельскі дэканат), а таксама ў парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску (дэканат Мінск-Захад).