У ноч пад Новы год арцыбіскуп Станеўскі адкрыў юбілейную святыню ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе
- 2 студзеня, 2025
- Нацыянальны Санктуарый Маці Божай у Будславе / Facebook // Catholicminsk.by
У ноч з 31 снежня 2024 года на 1 студзеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, здзейсніў абрад адкрыцця юбілейнай святыні Святога 2025 года.
Як падае афіцыйная Facebook-старонка Нацыянальнага санктуарыя, познім вечарам вернікі з Будслава і іншых мясцін сабраліся перад уваходам у будслаўскі касцёл.
Працэсія, на пачатку якой міністранты неслі крыж, выйшла з плябаніі і скіравалася ў бок святыні.
Перад зачыненымі цэнтральнымі дзвярыма базылікі арцыбіскуп Станеўскі прамовіў прадпісаныя малітвы, а ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі з Гродзенскай дыяцэзіі, які ўжо традыцыйна штогод бярэ ўдзел у навагодніх цэлебрацыях у Нацыянальным санктуарыі, прачытаў фрагмент Евангелля паводле Яна, дзе Езус кажа, што Ён — дарога, праўда і жыццё.
Пасля гэтага арцыбіскуп Станеўскі сваім біскупскім пастаралам гучна тройчы ўдарыў у зачыненыя дзверы святыні. Адчыніўшы іх, арцыпастыр правёў сабраных людзей, нібы праз браму збаўлення, усярэдзіну базылікі, дзе ўсіх пілігрымаў чакаў Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце і Святая Багародзіца Марыя ў Яе цудадзейным Будслаўскі абразе.
Уваходзячы ў святыню, арцыпастыр трымаў за руку дзіця — наймалодшага будслаўскага міністранта, — нібы жывое ўвасабленне надыходзячага Новага, Юбілейнага года хрысціянства і новай будучыні Касцёла на Беларусі.
Ушанаваўшы алтар і прывітаўшы прысутных, у тым ліку святароў, сярод якіх былі ксёндз прэлат і грэміяльны канонік Уладзіслаў Завальнюк, а таксама ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, арцыбіскуп акрапіў усіх асвячонаю вадою на знак ачышчэння, пасля чаго ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на таямніцы Богаўцелаўлення — адной з цэнтральных падзей у гісторыі збаўлення, — адзначыўшы, што Будслаўскі санктуарый з’яўляецца «беларускім Бэтлеемам», дзе Хрыстус сваёю ласкаю нараджаецца ў сэрцах вернікаў дзякуючы матчынаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі.
Роўна апоўначы арцыбіскуп Станеўскі ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на чатыры бакі свету, просячы ў Бога для ўсіх людзей на зямлі Божых ласкаў, а асабліва дару міру ў Сусветны дзень малітваў за мір, які адзначаецца 1 студзеня.
За фота і тэкст афіцыйная старонка Нацыянальнага Санктуарыя Маці Божай у Будславе ў Facebook дзякуе Міколе Гракаву (Catholic.by).