Skip to main content

У Навагрудку прайшоў Трэці агульнабеларускі малітоўны семінар служыцеляў Альфа-курса

22-24 жніўня
  • 25 жніўня, 2025
  • Тэкст і фота: Арцём Сафарэвіч // Catholicminsk.by

З 22 па 24 жніўня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыўся Трэці агульнабеларускі малітоўны семінар-канферэнцыя служыцеляў Альфа-курса пад дэвізам «Камунікацыя ў любові».

Семінар быў прысвечаны тэмам, звязаным з правільным будаваннем і фарміраваннем каманды служыцеляў дзеля больш плённага служэння і выканання місіі Паўсюднага Касцёла ў справе новай евангелізацыі.

Так паводле Божай волі сталася, што адзін з метадаў новай евангелізацыі — Альфа-курс — прыносіць добрыя плёны ў паасобных парафіяльных супольнасцях нашай краіны. Усё больш вернікаў вырашаюць прысвяціць свой час і сілы справе служэння Хрысту і Яго Касцёлу. Служыцелі евангелізацыйнага Альфа-курса з’яўляюцца адной з найбольш актыўных вернікаў пры сваіх парафіях, а таксама падтрымкай і апорай для пробашчаў парафій.

Малітоўны семінар-канферэнцыя сабраў каля 100 чалавек з парафій Гродна, Навагрудка, Мінска і Крупак.

Семінар распачаўся супольнай малітвай. На другі дзень семінара былі прачытаны чатыры лекцыі, спалучаныя з дзяленнем досведам па будаванні каманды служыцеляў Альфа-курса і асабістымі сведчаннямі. Лекцыі праводзілі служыцелі з Навагрудка. Кульмінацыяй сустрэчы была супольная Эўхарыстыя і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з заступніцкай малітвай. Падчас святой Імшы ксёндз канонік Антоній Грэмза падчас гаміліі звярнуў ўвагу, што «слова Альфа азначае першае і тое, што дае пачатак». Гэта, як паўжартам адзначыў святар, — «духоўны спецназ Альфа, моцны сродак сучаснай новай евангелізацыі.

Альфа-курс — гэта ўжо не столькі курс, а супольнасць, сям’я, якая пастаянна павінна адкрываць Божае сыноўства. Найгалоўнейшым арыенцірам для гэтай сям’і з’яўляецца служэнне ў любові — прыклад, які нам паказаў сам Хрыстус, ажно да ўзаемнага абмывання ног.

Заданні і прывілеі кожнага служыцеля акрэсліваюцца асабістым сведчаннем веры», — адзначыў святар.

У апошні дзень семінара былі падведзены вынікі і накрэслены некаторыя планы сумеснага супрацоўніцтва. Семінар завяршыўся супольнай Эўхарыстыяй разам з вернікамі Навагрудка.

На дадзены момант Альфа-курс праводзіцца ў Віцебску, Шуміліна, Глыбокім, Мінску, Крупках, Навагрудку і Гродне. Восенню распачынаюцца курсы пры парафіях у вышэйпералічаных мясцовасцях. Служыцелі шчыра запрашаюць да ўдзелу ў Альфа-курсах тых, хто шукае сэнсу, духоўнай падтрымкі і паглыблення знаёмства з Божым словам, а таксама марыць служыць Хрысту і Яго Касцёлу.