У Нацыянальным санктуарыі з удзелам біскупа Яшэўскага адзначылі Дзень пажылых людзей
- 30 ліпеня, 2024
- Тэкст: Catholic.by, фота: Лізавета Грышкевіч
У нядзелю 28 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адзначылі IV Сусветны дзень бабуль, дзядуляў і пажылых людзей.
Сёлета Дзень пажылых людзей, устаноўлены Папам Францішкам на нядзелю, бліжэйшую да ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, праходзіў на тэму: «У старасці не пакідай мяне» (пар. Пс 71 (70), 9).
Урачыстую цэлебрацыю з гэтай нагоды ў будслаўскай базыліцы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Напачатку ўсіх сабраных у Нацыянальным санктуарыі вернікаў, сярод якіх былі як мясцовыя жыхары, так і пілігрымы, а таксама тых, хто духоўна далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі, прывітаў пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.
У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі адзначыў вялікую ролю бабуль, дзядуляў і пажылых людзей у выхаванні дзяцей і моладзі. Іерарх звярнуў увагу на тое, што сёння бацькі часта маюць замала часу для сваіх дзяцей.
«У такой сітуацыі бабулі і дзядулі выконваюць незаменную ролю. Яны маюць час, які могуць правесці са сваімі ўнукамі. Вядома, вам, дарагія нашы бабулі, дзядулі падабаецца бачыць, як унукі прыходзяць да вас <…>; вы праводзіце час з імі, каб заахвоціць, падтрымаць і падарожнічаць з імі ў іх адкрыцці свету», — сказаў пастыр, звяртаючыся да старэйшых людзей.
Іерарх зазначыў, што бабулі і дзядулі з’яўляюцца надзвычай багатай крыніцай у перадачы маладым пакаленням досведу мінулага.
«У іх ёсць вопыт жыцця, якое было пражыта, з яго ўзлётамі і падзеннямі, яго трыумфамі і расчараваннямі. Праз некалькі гадоў нашы дзеці будуць гадавацца на свецкай „дыеце“, дзе, верагодна, будзе вельмі мала згадак пра Бога, дзе злоўжыванне наркотыкамі і алкаголем, маральная разбэшчаннасць будуць вельмі папулярнымі, а матэрыяльны поспех і асабістая рэалізацыя стануць мэтай і сэнсам чалавечага жыцця для многіх. Бабулі і дзядулі маюць магчымасць даць унукам каштоўнасці, якія ў будучыні стануць сродкамі пераадолення ўсяго гэтага»,— сцвердзіў біскуп Яшэўскі.
Сярод гэтых каштоўнасцяў іерарх назваў веру ў Бога, вучэнне Езуса Хрыста, любоў, павагу, сумленнасць і праўду. Ён дадаў, што менавіта ад бабулі і дзядулі дзіця можа навучыцца першым малітвам.
«Дарагія бабулі і дзядулі! У вас таксама ёсць ключ да сэрцаў вашых унукаў. Таму, калі ласка, ніколі не спыняйцеся дарыць вашым унукам дар веры. Ніколі не спыняйце заахвочваць іх у іх рэлігійных практыках. І не падайце духам, калі вам здаецца, што вашыя намаганні па перадачы веры продкаў не прыносяць бачных вынікаў. Нельга губляць надзеі на тое, што Бог дапаможа маладым людзям перажыць перыяд „буры і стрэсу“ і што калі-небудзь у сваім жыцці, у бліжэйшай ці далёкай будучыні, яны знойдуць сцежку, якая вядзе да касцёла, да Найсвяцейшага Сакрамэнту, да спавядальні»,— заахвоціў старэйшых асобаў пастыр.
Ён таксама падзякаваў пажылым людзям за тое, што яны робяць у супольнасці Касцёла: за малітву ў ружанцовых колах, за самаадданую працу ў розных дабрачынных групах, за матэрыяльную дапамогу.
«Але перадусім дзякую вам за тое, што па нядзелях, падчас урачыстасцяў, а таксама на працягу тыдня вы ёсць у нашых касцёлах і моліцеся з намі», — сказаў біскуп Яшэўскі, заклікаўшы ўсіх вернікаў маліцца за пажылых людзей у гэты асаблівы для іх дзень, а таксама на працягу ўсяго года.
«Давайце скарыстаемся з іх жыццёвай мудрасці і прыслухаемся да іх парад, заснаваных на шматгадовым жыццёвым вопыце. Давайце паважаць іх годны ўзрост і кожны дзень словамі і справамі выказваць ім удзячнасць за іх добрую, цёплую і сяброўскую прысутнасць у нашых сем’ях і ў нашым грамадстве»,— заахвоціў іерарх.
Напрыканцы гамліі ён павіншаваў усіх бабуль і дзядуляў з іх святам, назваўшы іх пасламі Езуса Хрыста ў гэтай самай актуальнай форме евангелізацыі, калі моладзь знаёміцца з Богам як з любячым Айцом і з Марыяй як з Маці, якая клапоціцца пра іх.
«У гэтае свята мы аддаем пад апеку ўсіх бабуль і дзядуляў, а таксама ўнукаў нашай любай Божай Маці Будслаўскай і просім вымаліць у свайго Божага Сына неабходныя ласкі ўсім пажылым людзямі нашай Айчыны, бо Яна з’яўляецца для нас чулай Маці і сапраўднай Апякункай Беларусі», — завяршыў гамілію біскуп Аляксандр Яшэўскі.