У Місіі Добрага Самараніна ў Мінску з удзелам іерархаў адзначылі свята Ахвяравання Пана
2 лютага
- 4 лютага, 2026
- Паводле Samaranin.by
Увечары 2 лютага ў Місіі Добрага Самараніна ў Мінску, якой апякуюцца сёстры уршулянкі, урачыста адзначылі свята Ахвяравання Пана, вядомае таксама як Грамніцы.
Святую Імшу ў капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра, які дзейнічае пры Місіі, узначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрпапаліт Мінска-Магілёўскі. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і ксёндз канонік Юрый Ясевіч. Падчас Эўхарыстыі адбылося традыцыйнае асвячэнне грамнічных свечак.
Капліца пад тытулам Ахвяравання Пана — адзінае месца культу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прысвечанае Маці Божай Грамнічнай.
Пасля Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі паблагаславіў усіх прысутных фігуркай Дзіцятка Езус. Гэты абрад звязаны з традыцыяй «развітання» з фігурай маленькага Хрыста з каляднай стаенкі.