Skip to main content

У Мінску з удзелам Катэдральнага Капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася святая Імша за спачылае духавенства

6 лістапада
  • 6 лістапада, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Youtube-канал “Архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску” // Catholicminsk.by

З 1 па 8 лістапада, у тзв. “актаве” малітваў за памерлых, Касцёл асаблівым чынам успамінае тых вернікаў, якія адышлі з гэтага свету і знаходзяцца ў вечнасці. Днём малітвы за спачылых святароў была вызначана серада, 6 лістапада. У гэты дзень у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебравалася святая Імша за памерлых біскупаў і святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Адметнасцю эўхарыстычнай сустрэчы была прысутнасць святароў Катэдральнага Капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай. Яшчэ адной асаблівасцю святой Імшы было тое, што большасць вернікаў, якія на ёй прысутнічалі, з’яўляюцца ўдзельнікамі апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія моляцца за выбраных праз сябе “жывых” святароў, але таксама ў сваіх малітвах памятаюць пра памерлых святароў.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў ксёндз канонік Аляксей Раманчук, пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве.

На пачатку святар адзначыў, што малітва да Бога ўзносіцца за тых, “хто быў нашымі духоўнымі айцамі, пробашчамі, хто быў сведкам і пераказчыкам апостальскай сукцэсіі, дзякуючы якім і мы прынялі Хрыстовае святарства”.

Дзякуючы “маргарыткам” за іх прысутнасць на святой Імшы, ксёндз Аляксей прызнаўся, што быў узрушаны інфармацыяй, што іншы касцёльны рух, “Жывы Місійны Ружанец”, удзельнікі якога моляцца толькі за святароў, налічвае аж 1300 удзельнікаў.

Прапаведнік падкрэсліў, што замест натоўпаў, якія віншуюць са святам і апладзіруюць, сёння ўзносіцца ціхая малітва “за тых, хто сталіся ўжо сапраўднай гісторыяй, аб якіх можна ўзгадаць толькі ў энцыклапедыях або ў гістарычных кнігах, што яны жылі калісьці сярод нас, і іх спадчына, якой карыстаемся мы сёння, сведчыць аб прыгожай і велічнай гісторыі”.

Звяртаючыся да Евангелля, святар узгадаў фрагмент, калі Пётр пытае Настаўніка з Назарэту: “Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой. Дык што мы атрымаем?” (Мц 19,27). Адказ Езуса: “…у сто разоў больш і … ў спадчыну жыццё вечнае” (Мц 19,29). Гэтай надзеяй жылі тыя, хто апярэдзіў нас на шляху ў вечнасць. Нягледзячы на розныя часы і абставіны, у якіх дзейнічалі спачылыя цяпер святары, яны давалі людзям Хрыста, таму іх надзея трывалая.

Ксёндз Раманчук, які, кажучы па-чалавечы, у апошні тыдзень “страціў” аднакурсніка па семінарыі ксяндза Андрэя Горбача з Гродзенскай дыяцэзіі і сябра айца Пятра Карнелюка OFMConv, які служыў у Расіі, пажадаў, каб надзея памерлых святароў на ўваскрасенне разам з Хрыстом і вера ў будучае збаўленне ўжо цяпер сталася для іх суцяшэннем і ўзнагародаю.

Пасля благаслаўлення з вуснаў удзельнікаў святой Імшы ўзнёсся спеў малітвы “Анёл Панскі”, якая заканчваецца просьбай да Бога аб “вечным супакоі” і “святле вечным” для спачылых духоўных асобаў.