Skip to main content

У Мінску адзначылі патранальную ўрачыстасць Рэгіянальнага вікарыята кармэлітаў босых у Беларусі

20 лістапада
  • 21 лістапада, 2024
  • Тэкст: а. Юрый Кулай, фота: з архіва Ордэна Кармелітаў Босых у Беларусі // Karmel.by

20 лістапада, у літургічны ўспамін святога Рафала Каліноўскага, кармэліты босыя ў Беларусі перажывалі ўрачыстасць свайго нябеснага заступніка. 

Як паведамляецца на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі Karmel.by, субраты з супольнасцяў у Гудагаі, Мядзелі і Нарачы сабраліся ў кляштары кармэлітаў босых у Мінску. Спачатку іх чакаў прывітальны пачастунак і смачная кава. Затым паўдзённай малітвай з Літургіі гадзінаў у новым парафіяльным касцёле Божага Цела распачалася афіцыйная частка сустрэчы. Рэгіянальны настаяцель айцец Пётр Фраштэнга OCD прывітаў усіх прысутных кармэлітаў босых, а таксама брата Алега Шэнду OFMCap, настаяцеля кустодыі братоў капуцынаў у Беларусі, які быў запрошаны духоўна суправаджаць прысутных у гэты дзень.

Наступным пунктам праграмы была духоўная канферэнцыя брата Алега на канкрэтныя, практычныя тэмы, звязаныя з манаскай кансэкрацыяй, пакліканнем, духоўнасцю, а таксама сучаснымі выклікамі і пагрозамі вернасці манаскай харызме. Святар засяродзіў увагу слухачоў на тым, што малітва і братэрскія адносіны павінны будавацца на шчырасці і добразычлівасці, каб манах у сучасным свеце быў жывым носьбітам Божай любові і кансэкраванага жыцця з Богам і дзеля Бога.

Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой у цішыні сэрца кожны меў магчымасць пабыць сам-насам з Езусам, давяраючы свае і супольныя справы Божай усемагутнасці і міласэрнасці.

Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў рэгіянальны настаяцель кармэлітаў босых айцец Пётр Фраштэнга OCD. Гамілію прамовіў брат Алег Шэнда OFMCap. У кантэксце літургіі слова святар паразважаў над постаццю і духоўнасцю святога Рафала Каліноўскага ў перыяд яго зямнога жыцця, а таксама заахвоціў прысутных дбаць пра адзінства і ахвярнасць у манаскім і святарскім служэнні.

Пасля святой Імшы мінская супольнасць кармэлітаў босых запрасіла ўсіх удзельнікаў сустрэчы на смачны абед і супольную рэкрэацыю. У атмасферы радасці і братэрства айцы і браты падзяліліся сваімі штодзённымі клопатамі, намаганнямі і дасягненнямі.