У Мінску адбылася першая пасля летняга перапынку фармацыйная сустрэча апостальскага руху “Маргарытка”
- 24 верасня, 2024
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Наталля Герцоўская //Catholicminsk.by
21 верасня, у свята святога апостала Мацвея, пасля летняга перапынку, у мінскім касцёле святога Антонія (мікрараён Малінаўка) адбылася фармацыйная сустрэча апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Духоўную канферэнцыю прамовіў і святую Імшу для ўдзельнікаў цэлебраваў ксёндз Павел Эйсмант, архідыяцэзіяльны мадэратар руху, які таксама з’яўляецца рэзідэнтам пры парафіі святога Антонія.
На пачатку ксёндз Павел прывітаў прысутных. Святар заўважыў, што многія з іх прыбылі на сустрэчу, адклаўшы паездку на вёску ці на дачу, узяўшы на працы дзень “за свой кошт”. Дзякуючы ім за гэта, мадэратар запэўніў, што яны “выбралі найлепшую частку, якая не адымецца ў іх” (пар. Лк 10, 42).
Тэма канферэнцыі “Эўхарыстыя і чысціня святарскага сэрца” скіравала думкі ўдзельнікаў на неабходнасць святарам служыць Богу і людзям з чыстым сэрцам. У гэтым выпадку святарскае служэнне прынясе і вернікам, і самім святарам найбольшы плён. У сітуацыі, калі для хрысціянскай веры і маральнасці становяцца асабліва небяспечныя сучасныя секулярныя плыні і светавыя спакусы, святары, не менш, чым вернікі, наражоныя на іх уздзеянне.
Адыход святара ад першапачатковых ідэалаў, пакіданне цнотаў, жыццё нязгоднае з Евангеллем прыносіць больш негатыўныя наступствы, чым у выпадку вернікаў. “Сёння вернікі бяруць святароў “пад мікраскоп” і ўважліва іх разглядаюць”, – заўважыў святар.
“Калі ў салдат на фронце падае баявы дух, цяжка казаць пра перамогу ў вайне. Калі б у Касцёле дысцыпліна духавенства знізілася; калі б не было паслухмянасці, пачуцця справядлівасці, сціпласці; калі б з боку святароў былі неадпаведныя паводзіны; калі б адсутнічала асабістая малітва і клопат аб прагрэсе ў духоўным жыцці; калі б святары з такім маральным цяжарам сумлення падыходзілі да цэлебрацыі Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтаў і ўвогуле пастырскага служэння, – тады цяжка было б казаць пра іх любоў да Хрыста і Касцёла, пра поспехі новай евангелізацыі або пра іх адказнасць за Касцёл сёння. Таму з тым большай моцай трэба святарам трымацца Хрыста і Яго Касцёла, будучы “святымі і беззаганнымі перад Ім” (пар. Эф 1,4)”, – сцвердзіў прамоўца.
Праяўляючы клопат пра духоўнае жыццё святароў, а асабліва пра чысціню іхніх сэрцаў, Касцёл з даўніх часоў абавязвае духавенства лацінскага абраду жыць у цэлібаце (нежанатасці).
“Асабліва важна пакліканаму адчуць цэлібат як дар, атрыманы ад Бога з любоўю і шчодрасцю, – сцвердзіў ксёндз Павел Эйсмант, дадаючы, што варта яго таксама разглядаць “як спецыяльную харызму, атрыманую ад Бога для распаўсюджвання і ўмацавання Божага Валадарства ў свеце”.
Для трывання ў гэтым дары да канца святару неабходна весці жыццё, заснаванае на малітве і святых сакрамэнтах, а таксама браць прыклад са шматлікіх святароў – святых і благаслаўлёных Касцёла. Шмат такіх імёнаў ёсць і на нашай зямлі.
Затым сабраныя ў касцёле адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці святароў і манаскіх асоб, давяралі іх Богу, молячыся на ружанцы.
У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі мадэратар руху “Маргарытка” засяродзіўся на паняцці выбару ў кантэксце паклікання Мацвея да апостальскага служэння. Мытнік Мацвей да моманту сустрэчы з Езусам не толькі шмат чуў пра Яго, але да яго даходзіла вучэнне Езуса, з якім ён ужо тады згаджаўся і прымаў сэрцам. Аднак, паводле слоў папы Францішка з адной са сваіх гамілій, Мацвей падчас сустрэчы з Езусам, чуючы Яго заклік: “Ідзі за Мной!”, стаяў перад выбарам: золата ці Настаўнік з Назарэту. Гэтую сцэну добра адлюстроўвае карціна вядомага італьянскага мастака Караваджо “Пакліканне апостала Мацвея”. На ёй Мацвей у нерашучасці і разгубленасці кідае адначасова позірк і на Езуса, і на калег па мытні. Але ўсё ж такі ў Мацвея ўзяў гару выбар Езуса. Гэты выбар стаў магчымым дзякуючы яшчэ аднаму выбару, цяпер ужо з боку Езуса, аб чым нагадвае біскупскі заклік папы Францішка “Miserando atque eligendo” (“Аказваючы міласэрнасць, [Езус] выбірае”). Езус міласэрна спазірае на мытніка, прабачае яму грахі колішняга жыцця і, выбіраючы яго апосталам, кліча за Сабой.
Караваджо, “Пакліканне апостала Мацвея” (1599-1600). Крыніца: https://ru.wikipedia.org/wiki/Призвание_апостола_Матфея
Святар нагадаў, што ў цяжкія моманты жыцця, калі ў слухачоў з’явіцца спакуса пакінуць малітву за святароў і кансэкраваных асоб, бо “я і так шмат малюся”, “я патрабую больш малітвы, чым яны”, “я нягодны/нягодная маліцца за пакліканых”, варта памятаць пра тое, што тых, хто ўдзельнічае ў гэтай малітве, да гэтага задання выбраў і паклікаў сам Езус і што ён умацоўвае тых, хто давярае Яму.
Напрыканцы сустрэчы прагучалі аб’явы, і пасля супольнага фотаздымку ўдзельнікі перайшлі ад “духоўнага” да “цялеснага” стала, каб падчас пасілку і нязмушанай размовы падзяліцца з іншымі сведчаннем свайго ўдзелу ў апостальскім руху.