У мінскай парафіі адбылася калядная сустрэча апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
- 8 студзеня, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: з архіву парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску // Catholicminsk.by
Увечары 6 студзеня, калі ў Касцёле адзначаецца Урачыстасць Аб’яўлення Пана, удзельнікі апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабраліся ў капліцы парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску (мікрараён Сухарава), дзе нясуць служэнне айцы марыяне, на калядную сустрэчу.
Духоўнае мерапрыемства пад назвай “калядная сустрэча” адбываецца ў апостальскім руху ў архідыяцэзіі другі год запар. Ініцыятыва супольнай сустрэчы на святой Імшы ў адной з мінскіх парафій і “калядавання” (спеву калядак) пасля яе сыходзіла ад саміх “маргарытак”.
Калядная сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў архідыяцэзіяльны мадэратар апостальскага руху ксёндз Павел Эйсмант. Канцэлебраваў святую Імшу айцец Канстанцін Анашка MIC, вікарый парафіі, які пасля прачытання Евангелля ўрачыста абвясціў Божаму народу даты рухомых святаў у 2025 годзе.
Гамілію прамовіў ксёндз Павел Эйсмант. Разважаючы над постацямі Трох Мудрацоў з Усходу, якія, кіраваныя зоркай, прыбылі ў Бэтлеем і пакланіліся Дзіцятку Езусу, святар падкрэсліў тэалагічную праўду, паводле якой Божы план збаўлення ад пачатку ўключаў ў сябе таксама язычнікаў. Гэта былі людзі, якія найчасцей патрабавалі да сябе нашмат больш увагі, чым габрэі, з боку тагачасных евангелізатараў. У адрозненне ад габрэяў, язычнікі не ведалі адзінага і праўдзівага Бога. Аднак, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, ім абвяшчалася Евангелле, бо тыя, якія былі да гэтага пакліканыя, адчувалі абавязак служэння нават такім “цяжкім” бліжнім.
Кожны хрысціянін на моцы сакрамэнту хросту павінен адчуваць маральны абавязак дапамогі “цяжкаму”, гэта значыць, няверуючаму ці непрактыкуючаму, бліжняму, абвяшчаючы яму Хрыста. Але, у першую чаргу, гэта з’яўляецца заданнем святароў і кансэкраваных асоб, за якіх асаблівым чынам моляцца вернікі, згуртаваныя ў “маргарыткі”.
Мадэратар руху заклікаў усіх, хто адчувае пакліканне да малітвы за святароў і законнікаў, не баяцца цяжкасцяў і ўтвараць новыя “маргарыткі”. Важна, каб ідэя апостальскага руху, заснаванага ў 1981 годзе канадскай верніцай Луіз Вард, распаўсюджвалася ў Касцёле. Тады будуць забяспечаныя малітоўнай падтрымкай тыя, хто абвяшчае Хрыста “на першай лініі духоўнага фронту” – святары і манаскія асобы.
Пасля традыцыйнага ў гэты дзень асвячэння крэйды, кадзіла і вады адбылася другая частка сустрэчы – супольны спеў калядных песень. Пад арганны акампанемент мадэратара руху, падтрыманыя спевам парафіяльнага хору, прысутныя удзельнікі і мясцовыя парафіяне спевам праславілі Бога за дар Уцелаўлення Яго Сына Езуса Хрыста.
Сустрэча завяршылася салодкім пачастункам і адказамі на хвалюючыя пытанні.