Skip to main content

У мінскай архікатэдры адбылася сустрэча міністрантаў

13 красавіка
  • 15 красавіка, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Федаровіч MIC, фота: Станіслаў Зданцэвіч, Аляксандр Кірыленка

13 красавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася сустрэча для міністрантаў з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На пачатку сустрэчы адбылася духоўная канферэнцыя, якую прамовіў кс. Андрэй Бурак. Яе тэмай было пытанне: “Як быць добрым міністрантам?” Адказ на яго кс. Андрэй і прадстаўнікі літургічнай службы алтара спрабавалі знайсці разам пры дапамозе дыялогу. Супольная праца была завершана падагульненнем і прамовай арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, які прымаў актыўны ўдзел у размове.

Наступнай часткай сустрэчы была супольная Эўхарыстыя пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Гэтая Імша мела своеасаблівы характар – падчас яе міністранты разам са святарамі ў вернікамі дзякавалі Богу за 33 гады існавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На заканчэнне Эўхарыстыі быў зроблены агульны фотаздымак, пасля якога ўсе ўдзельнікі спаткаліся на супольным пасілку.