У мінскай архікатэдры прайшло адвэнтавае начное чуванне моладзі
- 17 снежня, 2025
- Тэкст : Анастасія Кухальская / Фота: Дар’я Токарава, Эвеліна Пупкевiч // Catholicminsk.by
З 13 па 14 снежня, традыцыйна перад святам Божага Нараджэння, у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло начное чуванне моладзі, якое сабрала ў сябе палкія і адкрытыя сэрцы маладых вернікаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Важнай і актуальнай тэмай для іх з’яўляецца пакліканне, якое нялёгка распазнаць маладым людзям без багатага жыццёвага досведу.
Увага была звернута не толькі на святарскае і манаскае пакліканне, але і на агульнае, жыццёвае пакліканне як чалавека, бо, як было заўважана, «кожны з нас можа змяніць гэты свет, зрабіць у яго свой унёсак, аказаць дапамогу».
Сімвалічнымі сталі невялікія памятныя падарункі ўдзельнікам мерапрыемства — бранзалеты са сваім імем, бо Бог ведае кожнага з нас і кліча да сябе па імені.
Распачалося начное чуванне Літургіяй, якую ўзначаліў Мітрапаліт Юзаф Станеўскі. Ён звярнуў увагу маладых людзей на важнасці распазнання свайго паклікання. Са сваім словам да маладых людзей таксама звярнуўся прысутны на чуванні біскуп Юрый Касабуцкі, які асвяціў прынесеныя аплаткі. Пасля святой Імшы маладыя людзі падзялілася імі адзін з адным на знак дзялення радаснай навіной аб хуткім прыйсці Збаўцы.

Далей удзельнікаў чакала духоўная канферэнцыя, якую правёў ксёндз Андрэй Бурак — душпастыр моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ён адзначыў, што пакліканне бывае не толькі святарскім ці манаскім, але у кожнага з нас у гэтым жыцці ёсць свая пэўная роля і прызначэнне.
Паміж часткамі чування можна было сагрэцца цёплай гарбатай і супам, атрымаць ад святога Мікалая прыемны падарунак за чытанне верша, пагутарыць з сябрамі.
Чуванне завяршылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама нечаканым для ўдзельнікаў і, як адзначылі ўдзельнікі чування, «рэдкім для нас зараз снегам».






















