Skip to main content

У Івянцы з удзелам Мітрапаліта ўшанавалі галоўнага заступніка парафіі і мітраполіі

29 верасня
  • 2 кастрычніка, 2026
  • Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by

29 верасня ў парафіяльным касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы (Валожынскі дэканат), якім апякуюцца францішкане канвентуальныя, сабралася выключная колькасць вернікаў. У гэты дзень увечары адпустовая святая Імша была асабліва ўрачыстай, бо яе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Супольна маліліся святары з дэканату і з недалёкага ад Івянца Мінска, сёстры назарэтанкі, якія нясуць служэнне ў парафіі, і вернікі. Адметнай групай на Імшы былі каталіцкія скаўты. Падобна хорам анёлаў, літургію ўпрыгожвалі два хоры: дзіцячы і дарослы, якія папераменна выконвалі спевы падчас Імшы.

Пасля прывітання іерарха, святароў, сясцёр і вернікаў, пробашч парафіі і дэкан Валожынкага дэканату айцец Павел Раманчук OFMConv заахвоціў іх да малітвы праз заступніцтва арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала аб захаванні ад зла сем’яў, дзяцей, усіх жыхароў Беларусі, а таксама ў інтэнцыі міру ў свеце.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр зазначыў, што аўтар першага чытання — прарок Даніэль — запрашае нас узняць вочы ўверх, каб дзякуючы веры пабачыць тых істотаў, якіх мы штодзёння не заўважаем. Кніга Апакаліпсіса святога Яна ўжо выразна апісвае барацьбу ў небе.

Міхал перамог д’ябла і яго анёлаў. Перамога адбылася не яго ўласнай моцай. Арханёл атрымаў моц Божую, каб выстаяць у барацьбе. Так і нам, паводле слоў прамоўцы, Бог не толькі паказвае шлях, але і напаўняе нашыя сэрцы сілай.

Арцыпастыр у гэты момант нагадаў вядомыя словы папы Францішка, які казаў, што калі хтосьці дазваляе Хрысту дакрануцца да яго сэрца ў святой Камуніі, той становіцца маладым маладосцю Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.

Разважаючы над значэннем імені той ці іншай асобы, галоўны цэлебрант заўважыў, што ў старажытным Ізраэлі імя азначала функцыю, пакліканне, місію, заданне. Тыя з анёлаў, хто абвяшчае найважнейшыя падзеі, называюцца арханёламі.

Кажучы пра святога Арханёла Міхала, заступніка івянецкай парафіі, а таксама ўсёй касцёльнай правінцыі на Беларусі, іерарх узгадаў яшчэ некаторыя іншыя яго тытулы: князь анёлаў, анёл справядлівасці, ахоўнік раю, абаронца Хрыстовага Касцёла, князь душаў, пасланнік Бога, які дае людзям Божыя наказы. Імя арханёла (па-габрэйску Mikael) азначае «Хто ж як Бог!», паказваючы, што ва ўсім Сусвеце няма нікога большага, чым Бог.

Арханёл Габрыэль, імя якога перакладаецца як «Божы муж», бо ён пераказвае Божую волю, абвясціў Марыі, што Яна стане Маці Божага Сына, а яшчэ крыху раней святару Захарыі, што той будзе мець сына — Яна Хрысціцеля.

Імя Рафал азначае «Бог лечыць, апякуецца», што асабліва праявілася ў апісанні Кнігі Тобія. Арханёл Рафал з’яўляецца заступнікам хворых і вандроўнікаў.

Да прыйсця Езуса Хрыста арханёл Міхал лічыўся вялікім князем Выбранага народа, яго ахоўнікам ад небяспекаў. Бог дае кожнаму чалавеку ад яго нараджэння, падкрэсліў арцыпастыр, такога ахоўніка — анёла. «Але ці заўважаем мы яго? Ці звяртаемся да свайго анёла за парадай ці просьбай, каб дапамог нам не паддацца спакусе?» — спытаў ён прысутных. Прамоўца асабліва звярнуў увагу на сацыяльныя сеткі, праз якія адбываецца спакушэнне сённяшніх дзяцей і моладзі.

«Арханёл Міхал сёння асаблівым чынам вучыць нас боскай паслухмянасці і чыннасці, каб мы былі “ратавальнікамі” бліжніх ад сучасных спакусаў»,

— сказаў арцыбіскуп Станеўскі і дадаў: «Зло не пераможа! (…) Злу трэба адважна сказаць “Не!”»

Арханёл Міхал таксама вучыць называць рэчы па імені і «ўстанаўліваць этычныя і экзістэнцыяльныя межы, інакш грамадская супольнасць можа ператварыцца ў масу людзей, якая ідзе ў бяздонне». Таму папа Бэнэдыкт XVI загадаў устанавіць фігуру святога Міхала Арханёла ў Ватыканскіх садах, а папа Францішак у 2013 годзе асвяціў яе, кажучы, што «Міхал абараняе першынство Бога, схіляецца да вяртання Божай справядлівасці, бароніць Божы народ». Сённяшні Папа Леў XIV узяў сябе імя ад Льва XIII, вялікага шанавальніка святога Міхала і аўтара вядомай малітвы-экзарцызму праз заступніцтва гэтага арханёла.

Напрыканцы гаміліі арцыпастыр заклікаў прасіць у даверлівай малітве заступніцтва святых Арханёлаў, якія, па словах папы Францішка, «пазычаюць нам крылаў, каб дапамагчы пераадолець небяспеку і каб мы маглі высока лётаць над тым, што абцяжарвае нашае жыццё і цягне нас уніз».

Апошнім пунктам разважання іерарха быў заклік святога Міхала Арханёла «Хто ж як Бог!» Ён прыпамінае чалавеку, хто з’яўляецца яго Творцам і каму трэба аказваць паслухмянасць. Арцыбіскуп пажадаў усім удзельнікам урачыстасці не паддавацца спакусам, але «быць вернымі Хрысту, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём».

У працэсіі з дарамі, сярод іншых, да алтара была прынесена выява святога Міхала Арханёла ручной работы як напамін пра прысутнасць і дзейнасць заступніка парафіі ў штодзённым жыцці.

Напрыканцы Імшы малодшыя і старэйшыя парафіяне ад шчырага сэрца падзякавалі Мітрапаліту за прысутнасць і супольную малітву ў «дзень імянінаў парафіі», а таксама павіншавалі яго з 5-й гадавінай прызначэння на катэдру Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.