У юбілейны год святога Францішка ў Расіі адбылася прэзентацыя выдання раннефранцішканскіх тэкстаў
- 24 студзеня, 2026
- Тэкст і фота: Юлія Зайцава // Паводле
- blagovest-info.ru
Прэзентацыя кнігі «Францішак і яго браты» (М.: Выдавецтва «Гранат»), складзенай паэткай і перакладчыцай Вольгай Седаковай, адбылася 21 студзеня ў культурным цэнтры «Пакроўскія вароты». Гэта кніга перакладаў раннефранцішканскай літаратуры XIII-XIV стагоддзяў і аўтарскіх каментарыяў, прысвечаная святому Францішку Асізскаму, якая ўключае тэксты, прадыктаваныя самім святым.
Прадстаўляючы новую кнігу, Джавана Паравічыні, навуковы супрацоўнік КЦ «Пакроўскія вароты», адзначыла, што 2026-ы ў Каталіцкім Касцёле аб’яўлены юбілейным годам Францішка Асізскага —спаўняецца 800 гадоў з таго дня, калі святы «сустрэў Сястру Смерць як чалавек, які знайшоў спакой» (гэта словы з Паслання Папы Льва XIV з нагоды адкрыцця юбілейнага францішканскага года).
Разважанням на гэтую тэму прысвяціў сваё выступленне арцыбіскуп Павел Пеццы, кіраўнік Архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве. Як вядома, Францішак, выхадзец з багатай арыстакратычнай сям’і, пакінуў свет, каб «служыць Спадарыні Галечы». Ён стаў убогім, і для яго гэта азначала не проста «штосьці рабіць для бедных», але «ісці за Хрыстом паводле Евангелля, успрыняўшы Галечу як сваю «нявесту», як «найвышэйшы дар Пана», патлумачыў арцыбіскуп. «Заручыўшыся» са Спадарыняй Галечай, Францішак атрымаў найвялікшае багацце: Самога Езуса Хрыста! Знакам гэтага багацця і гэтых заручынаў было распаўсюджанае святло», — сказаў выступоўца і прывёў словы Папы Грыгорыя IX у дзень кананізацыі Францішка: «З’явілася Ранішняя зорка».
Арцыбіскуп лічыць вельмі ўдалым загаловак новай кнігі «Францішак і яго браты», таму што В.Седакова не абмяжоўваецца асобай і спадчынай самога святога, бо «харызма пасля смерці заснавальніка перадаецца ўсёй супольнасці».

Паводле яго слоў, менавіта Спадарыня Галеча дала Францішку «дакладнае ўсведамленне ўсіх істот на свеце і бескарыслівую любоў да ўсіх», ён бачыў ва ўсіх і ва ўсім братоў і сясцёр.
— адзначыў арцыбіскуп.
Вольга Седакова распавяла, што з юных гадоў тэксты святога Францішка «склалі рэчыва майго жыцця». Яна ўпершыню пачула пра Францішка ў старэйшых класах школы, але дастаць яго тэксты, кнігі пра яго ў «пустыні навуковага атэізму» было практычна немагчыма. Вывучыўшы італьянскую мову, яна ўсё ж стала перакладаць навелы «Кветачак» і «Люстэрка» — спачатку для самвыдату, потым была зробленая спроба падрыхтаваць выданне ў серыі «Літпомнікі». У гэтым ёй дапамагалі С. Аверынцаў, М. Гаспараў, Д. Ліхачоў, але марна. Толькі ў 1990-я з’явілася магчымасць легальна працаваць з тэкстамі Францішка і францішканаў пры падрыхтоўцы рускага перакладу вялікага зборніка «Вытокі францішканства». Некаторыя з гэтых тэкстаў увайшлі ў новую кнігу.
Седакова распавяла пра структуру кнігі, якую яна параўноўвае з «мазаікай» з розных тэкстаў.
Другі раздзел складае «Легенда трох спадарожнікаў» — яе доўгі час лічылі самым першым жыціем святога Францішка, напісаным трыма першымі вучнямі. Цяпер аўтарства аспрэчваецца, але прызнана, што ў аснове тэксту — мясцовыя асізскія паданні і ўспаміны пра Францішка.
Трэці раздзел называецца «Прадыктаванае святым Францішкам»: малітвы, пасланні, настаўленні, тэстаменты. На думку Седаковай, Францішак, будучы пісьменным, нічога сам не пісаў таму, што і ў гэтым хацеў наследаваць Хрыста.
Чацвёрты раздзел — разрозненыя апавяданні пра святога Францішка, узятыя з «Люстэрка дасканаласці», «Кветачак» і «Другога жыція» Тамаша Чаланскага.
Пяты раздзел — «Разважанні аб святых стыгматах». Як адзначыў у сваім слове арцыбіскуп Пеццы, стыгматы святога Францішка — гэта першы выпадак у гісторыі на працягу дванаццаці стагоддзяў хрысціянства.
Шосты раздзел — выбарка са «Слоў брата Эгідыя», аднаго з першых вучняў святога Францішка.
Седакова называе Францішка «абвяшчальнікам спакою».
Яму было важна, каб менавіта гэты мірны дух браты прыносілі ў свет — перажыванне спакою паміж Богам і чалавекам і паміж людзьмі», — сказала яна. Арцыбіскуп Пеццы ў сваім слове працытаваў малітву Папы Льва XIV да святога Францішка, якая сёння гучыць асабліва актуальна:
Сучаснікі ўспрымалі Францішка як «выбуховую з’яву нейкай неапісальнай навізны», да Францішка «сцякаліся натоўпы, рух распаўсюджваўся, як пажар, пераходзячы межы краін і моў», піша Седакова. У чым прычына гэтай навізны? Бо «новыя апосталы» — Францішак і яго браты — неслі евангельскую вестку не язычнікам, а сваім вернікам суайчыннікам, якім хрысціянскія праўды былі добра вядомыя. Па словах Седаковай, Францішак «паведамляў аб Евангеллі як аб самай свежай, толькі што ім асабіста атрыманай вестцы», ён даў магчымасць перажыць зноўку тое, што як быццам усім было і так вядома, прычым звяртаўся да людзей на зразумелай народнай мове. (Ягоная «Пахвала стварэнню» — адзін з першых твораў на умбрыйскай мове.) Седакова піша: «Навізна Францішка змяніла само паветра эпохі, яе асвятленне, яе тэмпературу.
Да вечара па відэасувязі падключыўся мастацтвазнаўца з Перуджы Франчэска Віньяролі. Ён распавёў пра тое, як у роспісах базылікі святога Францішка ў Асізі адбілася ўспрыманне духоўнасці Францішка, як «у камені і колеры была выражаная яго «Пахвала стварэнняў». На вечары прагучала сярэднявечная італьянская музыка: «лаўды» (праслаўленні) у суправаджэнні ігры на віеле — любімым музычным інструменце святога Францішка.