У гродзенскім пабрыгідскім касцёле арцыбіскуп Кандрусевіч асвяціў фігуры святых Вацлава і Казіміра
- 17 жніўня, 2025
- Фота: Андрэй Вашкілевіч // Catholicminsk.by
У нядзелю 17 жніўня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне, адбылася святая Імша з асвячэннем новых фігур святых Вацлава і Казіміра, гістарычныя выявы якіх былі знішчаны ў часы пераследу веры, але адноўлены на сваіх месцах дзякуючы намаганням ксяндза каноніка Антонія Грэмзы, рэктара касцёла, і супольнасці вернікаў.
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім канцэлебравалі Эўхарыстыю ксёндз канонік Антоній Грэмза і ксёндз Павел Эйсмант, сакратар арцыбіскупа Кандрусевіча.

У гаміліі дастойны іерарх падкрэсліў, што імшальныя чытанні 20-й Звычайнай нядзелі, якая прыпадае на гэты дзень, заклікаюць веруючых «жыць паводле рэлігійных перакананняў, нават калі гэта можа прывесці да мучаніцтва і перавароту жыцця з ног на галаву».
У першым чытанні гаворыцца аб тым, як прамова прарока Ераміі падзяліла горад. Яго праціўнікі схапілі яго і кінулі ў глыбокую яму, каб ён памёр, таму што ён «шукае для свайго народа не дабрабыту, але толькі няшчасця» (Ер 38, 4). На шчасце, потым знайшоўся чалавек, які выратаваў яго ад непазбежнай смерці.
Святы апостал Павел у другім чытанні заклікае хрысціян цвёрда стаяць у сваёй веры ў Хрыста да канца.
У Евангеллі Езус абвяшчае Божае слова, якое раздзяляе людзей і якое стала прычынай Яго ўласнай смерці. Езус кажа, што прыйшоў кінуць агонь і хоча, каб ён разгарэўся (пар. Лк 12, 49).
Арцыпастыр нагадаў прысутным, што ў біблійнай сімволіцы агонь з’яўляецца знакам духоўнага ачышчэння чалавека, так як золата і срэбра ачышчаюцца ў агні. «Агонь, які нясе Езус, — гэта агонь любові і надзеі. Разбурэнне, падзелы і духоўная рэвалюцыя, якія Езус выклікаў у грамадстве агнём ахвярнай любові і справядлівасці, неабходныя для ачышчэння ад граху і злых звычаяў», — заўважыў ён.
Іерарх падкрэсліў, што, хоць вучэнне Хрыста і выклікае падзелы, бо адны ідуць за Ім, а другія супрацьстаяць Яму, тым не менш, менавіта Езус з’яўляецца носьбітам сапраўднага і трывалага спакою. Выбар Хрыста можа прывесці да падзелаў, але яго мэтай з’яўляецца пазнанне праўды, якая ўчыніць людзей свабоднымі ад зла і будзе весці да трывалага міру.
— пераканаўча прамовіў арцыпастыр.

Ён нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI, які казаў, што сталая вера — гэта не вера, якая ідзе за моднымі тэндэнцыямі і ідэямі маральнага рэлятывізму, але глыбока ўкаранёная ў сяброўстве з Хрыстом. Яна з’яўляецца крытэрыем, па якім можна адрозніць праўду ад хлусні. «Такая вера дазвалае агню Духа Святога гарэць у нас і дае нам мужнасць жыць згодна з нашымі хрысціянскімі перакананнямі», — сказаў іерарх.
Пераходзячы да маючага адбыцца асвячэння фігур двух святых — святога Вацлава і святога Казіміра, — арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў слухачам пра іх жыццё.
Святы Вацлаў жыў у Х стагоддзі, быў чэшскім каралём і вялікім прыхільнікам хрысціянізацыі чэшскіх земляў. Святы рупліва клапаціўся пра захаванне Божага закону ў сваёй дзяржаве. Не ўсім гэта спадабалася. Яго родны брату Баляслаў, які стаў аднім з найгоршых яго праціўнікаў, забіў яго.
Святы каралевіч Казімір жыў у ХV стагоддзі. Ён нарадзіўся ў Кракаве, зямное жыццё завяршыў у Гродзенскім замку, а яго рэліквіі знаходзяцца ў Віленскай катэдры.
— падсумаваў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію заклікам: «Божа, праз заступніцтва святых Вацлава і Казіміра дапаможы нам, людзям ХХІ стагоддзя, быць не толькі пілігрымамі надзеі, але і яе носьбітамі праз мужнае абвяшчэнне Божага слова, здольнае змяніць нашыя сэрцы і ўсталяваць так патрэбнае адзінства і спакой».
Пасля гаміліі арцыпастыр прачытаў словы малітвы асвячэння новых фігур і здзейсніў абрад асвячэння.










