Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: У Фашчаўцы на Магілёўшчыне, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай, адсвяткавалі парафіяльны фэст

31 мая
  • 4 чэрвеня, 2024
  • Тэкст Ф. Сенакосава, фота з архіва парафіі

У пятніцу, 31 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты, у Фашчаўцы, якая належыць да Магілёўскага дэканату Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адбыўся парафіяльны фэст.

На пачатку ўрачыстасці пробашч фашчаўскай парафіі кс. Міхал Бубен прывітаў святароў і вернікаў, якія прыбылі ў Фашчаўку з розных куткоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама з Віцебскай дыяцэзіі.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля літургіі іерарх змясціў ля абраза Найсвяцейшай Панны Марыі Фашчаўскай воту – знак удзячнасці Маці Божай за атрыманыя ласкі, прынесеную ў дар мясцовай парафіянкай Раісай Іосіфаўнай Казловай.  

Раздзяліць з мясцовымі парафіянамі радасць святкавання прыехалі святары і вернікі з іншых парафій Магілёўскага краю і з па-за яго межаў. Сярод святароў, якія наведалі ў гэты дзень Фашчаўку, былі: кс. Юзэф Сярпейка, пробашч з Бялыніч; а. Раман Шульц, дамініканец і кларэтын а. Ежы Вежхоўскі, якія нясуць святарскую паслугу ў Магілёве. Разам з біскупам Яшэўскім прыбыў вікарый конкатэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве кс. Яўген Баланёў. На ўрачыстасці прысутнічаў таксама а. Сяргей Білдзіс SAC, пробашч парафіі святога Антонія ў Талачыне.

Хоць сённяшні невялікі па памерах касцёл не мае барочнай велічы разбуранага ў 60-я гады велічнага храма, ён ўсё ж напоўнены, як і раней, шчырай верай і цяплом сэрцаў людзей, якія жывуць тут і зберагаюць памяць пра яго.

Мы рады, што на Магілёўшчыне можам сапраўды лічыць сябе адной сям’ёй: ведаем па імені і сваіх парафіян, і ўсіх гасцей, але заўсёды рады новым наведвальнікам. І, вядома, запрашаем да нас у наступным годзе. Будзем чакаць кожнага з вас.

Спадзяемся, што спадарыня  Марыя Іванаўна Платоненка ў свае 93 і налета прывязе для пачастунку ўласнаручна зроблены торт. Дзякуем усім, хто памятае пра нас, хто моліцца і дапамагае рознымі спосабамі – ахвяраваннямі, добрым словам ці спевам. Асабліва хочам падзякаваць арганістцы парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску Марыі Сяргееўне Новікавай, якая “абудзіла” арганы на хорах.

Дзякуем і заўсёды чакаем тут, ля цудадейнага абраза Маці Божай Фашчаўскай, каб разам узнесці ёй падзяку і просьбу аб бласлаўленні для ўсёй нашай Айчыны і беларускага народа.