У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры прадстаўлены старадаўні абраз Маці Божай
- 20 жніўня, 2024
- Паводле Samaranin.by
Нядаўна ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры быў прадстаўлены воку гледача старадаўні абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Езусам на руках, на адваротным баку ўзгадваецца, што ён “святы і цудатворны”.
Адшукаць і ўратаваць гэтую святыню ўдалося двум рупліўцам, вернікам Паўлу Каралёву і Юрыю Кудзеліну. Яны, уклаўшы свае ўласныя сродкі, змаглі набыць абраз і змясціць яго на месцы, дзе гучыць супольная хрысціянская малітва.
Твор уяўляе сабой Божую Маці Адзігітрыю. Малюнак зроблены алеем на палатне. Твор мае незвычайныя асаблівасці. У пачатку ХХ стагоддзя, падчас аднаўленчых прац, яго часткова закрылі лінолеўмам. Гэты новы на той час матэрыял, на жаль, пакінуў пасля сябе мноства слядоў ад цвікоў, якія яго мацавалі да палатна. Калі лінолеўм быў зняты, на палатне адкрылася мноства маляваных кветак, якія ўжо мінімум 250 гадоў упрыгожваюць абраз і ствараюць цуд хараства. На абразе бачны таксама надпіс «DIVA VIRGO», што азначае «Найсвяцейшая Дзева».
Згадка пра цудатворны абраз ускосна пацвярджаецца наяўнасцю каронаў на палатне і на шатах. Таксама на шатах маецца надпіс з 1775 года, што муж і жонка Сіман і Брыгіда Сіневічы з Дарэўскіх Вярыгаў ахвяравалі гэтыя шаты на абраз. Гэта азначае, што час стварэння шатаў дасягае XVIII стагоддзя, а сам гэты рэлігійны твор, верагодна, яшчэ старэйшы. Да таго ж, лікі на абразе на пачатку ХХ стагоддзя панаўляліся. Калі ў 2024 годзе спецыялістамі была зроблена рэнтгенаграма, быў выяўлены ранейшы выгляд лікаў Панны Марыі і Хрыста.
Цяпер неабходна тэрмінова правесці рэстаўрацыю абраза, каб надаць яму адпаведны выгляд. На палатне ёсць страты, скразныя прарывы, пашкоджанне маляўнічага пласта, асабліва ў месцах злучэння дошак. Таксама неабходны рэстаўрацыйныя працы з шатамі і, акрамя таго, – з вялікай разной драўлянай рамай. Памер абраза разам з рамай складае 129х106 см.
Дырэктар Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра сястра Часлава Навіцкая USJK звяртаецца да ўсіх ахвотных з просьбай аб супольнай дапамозе ў справе рэстаўрацыі і зберажэння выяўленай святыні, а таксама аб паведамленні імёнаў ахвярадаўцаў для ўзгадвання ў малітве тых, хто спрыяе аднаўленню абраза.
Рэквізіты для ахвяраванняў на рэстаўрацыю абраза Маці Божай ТУТ>>>
Пасля рэстаўрацыі будзе магчымасць убачыць адноўлены абраз у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску.
Адрас Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра: Мінск, вул. Серафімовіча, 19 (станцыя метро «Пралетарская»).