У Беразінскім падчас Імшы гучала музыка Міладоўскага
- 21 мая, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: з архіва парафіі Беразінскае // Catholicminsk.by
18 мая ўпершыню ў 160-гадовай гісторыі колішняй парафіі Гарадзілава, а сённяшняй парафіі Беразінскае Маладзечанскага дэканату, загучала музыка таленавітага кампазітара Фларыяна Міладоўскага (1819-1889), сябра вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі.
У гэтай невялікай вясковай парафіі з прыгожым, аздобленым шматлікімі рэлігійнымі мастацкімі творамі, касцёлам, шматгадовым пробашчам з’яўляецца ксёндз канонік Сяргей Бараўнёў, вядомы на ўсю Беларусь арганізацыяй міжканфесійнага музычнага фестываля Laudato si’. Гэты святар 18 мая ў касцёле Божага Цела ў Беразінскім цэлебраваў урачыстую святую Імшу, падчас якой гучаў твор «Спевы да святой Імшы» вышэйзгаданага класіка айчыннай музычнай культуры. Твор Міладоўскага ўпершыню ў гісторыі загучаў падчас цэлебраванай Эўхарыстыі.

У вакальным выкананні твора Фларыяна Міладоўскага прыняў ўдзел хор Verum Cantus з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Акампаніраваў на аргане выканаўцам Старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Віктар Кісцень.

Пасля святой Імшы адбылося выступленне хору «Край радзінны» з Баранавіч, прысвечанае 105-й гадавіне з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, якая адзначалася ў гэты дзень, а таксама віцебскага гурта «Вербіца», які выканаў як рэлігійныя, так і песні, на музыку якіх была пакладзена паэзія класікаў беларускай літаратуры.
Выступленне доўжылася каля трох гадзін. Прысутныя аматары музыкі адзначалі прыгажосць і непаўторнасць старадаўняга музычнага твора.
Біяграфія кампазітара
Фларыян Станіслаў Міладоўскі нарадзіўся 4 мая 1819 года ў Мінску ў сям’і калісьці заможнай наваградскай шляхты, што пераехала ў горад пасля страты свайго маёнтка ў пошуках сродкаў для існавання. Яго бацька, Фабіян Міладоўскі, свабодна валодаў фартэпіяна, скрыпкай і гітарай і стаў яго першым настаўнікам.
Упершыню Фларыян выступіў публічна ў дзесяцігадовым узросце ў Мінску. Хлопчык-віртуоз займеў вялікую папулярнасць у музычным асяроддзі. Актыўная сольная канцэртная дзейнасць хлопчыка-віртуоза ў Мінску, Слуцку і Вільні працягвалася да 1834 года. Усе найважнейшыя імпрэзы ў Вільні з удзелам знакамітых выканаўцаў не абыходзіліся без Фларыяна Міладоўскага. Але, нягледзячы на папулярнасць сына, грошай сям’і катастрафічна не хапала. Гэта, верагодна, і стала штуршком да ранняй педагагічнай кар’еры Міладоўскага, які ўжо ў 14 гадоў даваў заняткі ігры на фартэпіяна ў заможных віленскіх дамах.
У 1836 годзе Фларыян прыняў запрашэнне выкладаць фартэпіяна ў сям’і Бэнэдыкта Тышкевіча. У кароткі пяцігадовы перыяд прабывання ў графскім маёнтку, дзякуючы спрыяльным умовам, адбылося прафесійнае сталенне Фларыяна Міладоўскага. Аднак, нягледзячы на вялікі практычны досвед, ён адчуваў недахоп адукацыі, таму пад кіраўніцтвам дасведчаных музыкантаў рушыў у вандроўку ў культурныя цэнтры Еўропы.
На фармаванне кампазітарскага светапогляду Міладоўскага аказалі ўплыў заняткі з Феліксам Мендэльсонам-Бартольдзі. Прыняўшы наказы геніяльнага кампазітара ўдасканальваць фартэпіяннае майстэрства і ўзяўшы дзеля гэтага рэкамендацыйныя лісты да прафесараў венскай кансерваторыі, Фларыян накіраваўся ў сталіцу Аўстрыі. Пасля вяртання на радзіму Міладоўскі займаўся рознабаковай дзейнасцю.
Паўстання 1863–1864 гадоў раздзяліла жыццё і творчасць Фларыяна Міладоўскага на дзве часткі. Цудам пазбегнуўшы пакарання за ўдзел у паўстанні, ён быў вымушаны эміграваць у Францыю. Міладоўскія пераехалі спачатку ў Страсбург, пасля — у Мец, дзе на працягу пяці гадоў Фларыян выкладаў фартэпіяна ў езуіцкай калегіі святога Клімэнта. Яго педагагічную дзейнасць абарвала хвароба вачэй, у выніку якой у пачатку 1870 года ён страціў зрок. Паспяхова праведзеная аперацыя дазволіла Фларыяну займацца напісаннем музыкі, але актыўна працаваць ён ужо не мог. Апошнія гады ён правёў у Бардо, дзе і памёр 8 ліпеня 1889 года.
Фларыян Міладоўскі быў бліскучым піяністам-віртуозам, выключным дырыжорам, але галоўным яго пакліканнем стала кампазітарская творчасць. Яе высока ацэньваў яго сябар Станіслаў Манюшка, наракаючы на недастатковыя апублікаванасць і гучанне яго твораў. Аднак, жыццё ў цені вялікага прафесара і кампазітара, а таксама пазнейшая эміграцыя паўплывалі на тое, што творчасць Міладоўскага доўгі час не была запатрабавана, а аўтарства яго твораў нярэдка прыпісвалася Манюшку. Публікацыя «Спеваў да святой Імшы», якая павінна была адбыцца яшчэ ў беларускі перыяд жыцця і творчасці Фларыяна Міладоўскага, так і не ажыццявілася.
Цяперашні лёс «Спеваў да святой Імшы»
Твор кампазітара знайшла кандыдат мастацтвазнаўства Святлана Шэйпа. Яна зрабіла навуковую апрацоўку выдання і перадала яго для далейшай музычнай рэдакцыі. Другое жыццё твору Міладоўскага даў Віктар Кісцень, які ажыццявіў сучасную рэдакцыю партытуры сачынення, аднавіўшы цалкам незахаваную арганную партыю ў «Sanctus», «Benedictus», «Agnus Dei», «Benedictio» і часткова захаваныя партыі першай і другой валторны і трамбона, а таксама карпатлівай працы паэткі Юліі Шэдзько па перакладзе вершаў Уладзіслава Сыракомлі, якія сталі асновай музычнага твора. Урэшце пасля працяглага часу «Спевы да святой Імшы» былі выдадзены друкам у 2016 годзе.
Упершыню канцэрт-прэзентацыя твора «Спевы да святой Імшы» кампазітара Фларыяна Міладоўскага для хора, камернага ансамбля і аргана прайшоў 10 верасня 2023 года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску як заключная частка праграмы III Фестывалю хрысціянскай культуры пад дэвізам «Адна культура — адно багацце», пра што раней паведамляў партал Catholic.by. Для выканання музычнага твора быў запрошаны хор Белтэлерадыёкампаніі дырыжорам якога з’яўляецца Андрэй Саўрыцкі. Арганную партыю выканаў кампазітар Віктар Кісцень.
Пры падрыхтоўцы матэрыяла да публікацыі быў выкарыстаны артыкул Святланы Шэйпы «Magnum opus Ф. Міладоўскага», апублікаваны ў часопісе «Наша Вера» ў 2018 годзе.






