Skip to main content

У Барысаве з удзелам іерархаў адзначылі срэбраны юбілей святарства двух святароў

29 красавіка
  • 1 мая, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: з архіва парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве // Catholicminsk.by

У аўторак 29 красавіка ў парафіяльным касцёле Спаслання Духа Святога ў Барысаве (Барысаўскі дэканат) урачыста адзначылі 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння двух святароў.

Юбілей святарства ў гэты дзень адзначалі ксёндз канонік Аляксей Раманчук, пробашч узгаданай вышэй аднайменнай барысаўскай парафіі, і ксёндз канонік Андрэй Яркавец, які сёння служыць як пробашч у парафіі святога Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі дэканат).

Сярод запрошаных гасцей было трох іерархаў: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Разам з імі малілася каля дваццаці святароў — аднакурснікаў па семінарыі, сяброў, знаёмых і нават сваякоў юбіляраў — якія прыбылі на ўрачыстасць з усіх чатырох дыяцэзій Беларусі. У супольнай малітве прынялі ўдзел таксама законныя сёстры і вернікі — мясцовыя парафіяне і госці.

Святую Імшу за святароў юбіляраў узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напачатку ксёндз канонік Аляксей Раманчук прывітаў іерархаў і святароў, прадстаўляючы кожнага з іх прысутным і дзелячыся ўспамінамі, якія былі выразам сувязі юбіляраў з запрошанымі духоўнымі асобамі.

Гамілію, якая па сваёй сутнасці была разважаннем аб святарстве, прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. Ён распачаў ад гістарычнага нарысу інстытуцыі святарства ў свеце. Святары як сацыяльны клас існавалі яшчэ ў старажытнасці. У Выбраным народзе патомкі Аарона і Левія былі выбраны Богам, каб прыносіць ахвяраванні і маліцца за людзей.

Езус Хрыстус выбраў 12 апосталаў для таго, каб яны абвяшчалі Евангелле аж да краю зямлі. Пры гэтым Настаўнік з Назарэта выразна падкрэсліў: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16). Цяпер не спадчына і не прыналежнасць да народа адыгрывае рашаючую ролю, але факт паклікання Хрыстом.

Далей іерарх распавёў слухачам гісторыю жыцця і паклікання святароў юбіляраў. Абодва яны паходзілі з Удзела, што на Віцебшчыне. Разам вучыліся ў адной школе, у адным класе, сядзелі за адной партай. Касцёл ва Удзеле ў гэты час быў зачынены, таму на святую Імшу трэба было ездзіць у суседнія парафіі. Аднак неўзабаве прыехаў ксёндз Юозас Булька і Аляксей з Андрэем сталі міністрантамі. Тады была вялікая патрэба дапамагчы святару, які быў пробашчам некалькіх дастаткова вялікіх парафій, заносіць хворым Святую Камунію. Ксёндз Булька менавіта для гэтых хлопцаў атрымаў ад біскупа дазвол, каб праз іх Хрыстус трапляў у сэрцы людзей.

І так сталася, працягваў біскуп Юрый, што яны абодва разам паступілі ў семінарыю на адзін курс. Семінарыйныя гады праляцелі вельмі хутка, і вось настаў момант святарскага пасвячэння. Паслухмяныя голасу дыяцэзіяльнага біскупа, маладыя святары прыступілі да выканання сваіх абавязкаў. Вучоба ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, функцыя выхаваўцы семінарыстаў у Пінску, будаўніцтва матэрыяльнага касцёла і супольнасці вернікаў у Барысаве — гэта шлях ксяндза каноніка Аляксея Раманчука. Адказнасць за парафіяльныя супольнасці ў Касцяневічах, Бабруйску і Багданаве — гэта частка гісторыі жыцця ксяндза каноніка Андрэя Яркаўца. Кожны з іх на сваім месцы на працягу 25-і гадоў ажыццяўляў руплівае служэнне Богу і людзям.

Іерарх пажадаў юбілярам надалей заставацца руплівымі святарамі паводле Божага сэрца, працягваць быць, паводле слоў Папы Бэнэдыкта XVI, «спецыялістамі ад сустрэчы чалавека з Богам» і, паводле слоў Папы Францішка, «пахнуць сваімі авечкамі», застаючыся да канца добрымі людзьмі.

Напрыканцы святой Імшы шматлікія парафіяльныя групы з Барысава і іншых мясцовасцяў віншавалі святароў з юбілеем святарскага пасвячэння.

Апошнім пунктам урачыстасці быў супольны фотаздымак іерархаў і святароў.