Skip to main content

«Цывілізацыя любові». Па старонках майска-чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria»

Май-чэрвень 2026
  • 18 чэрвеня, 2026
  • Тэкст: Іна Бігель // Паводле
  • Ave-maria.by

З чарговым выпускам знаёміць Іна Бігель.

Гэты нумар распачынаецца інфармацыяй ксяндза Аляксандра Амяльчэні пра публікацыю першай энцыклікі Папы Льва ХIV Magnifica humanitas аб праблемах і выкліках штучнага інтэлекту. У гэтай энцыкліцы Папа напісаў словы, над якімі варта задумацца: «Штучны інтэлект неабходна раззброіць», падкрэсліўшы, што кожная вялікая тэхналогія павінна суправаджацца маральнай адказнасцю і грамадскім кантролем. Следам за гэтым тэкстам змешчана інфармацыя пра візіт арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў Ватыкан. Пад назваю «Аптымізм, які дае надзею» прапануецца цікавае інтэрв’ю галоўнага рэдактара часопіса Крыстыны Лялько з біскупам Юрыем Касабуцкім, які шчыра дзеліцца сваім досведам жыцця, святарства і біскупства.

Чытачоў чакаюць іншыя цікавыя артыкулы. Пад рубрыкаю «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Абыякавасць і крыніца любові» разважае над актуальнаю і цяпер праблемаю любові і абыякавасці. У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка распавядае, як распазнаць Божую волю ў сваім жыцці. У артыкуле «Маці Божая з Вайланкані дае надзею і спакой» ксёндз Мікалай Ліпскі піша пра парафію ў Чашніках і гісторыю з’яўлення фігуры Маці Божай Добрага здароўя з Вайланкані. Нягледзячы на тое, што Яе арыгінал знаходзіцца ў далёкай Індыі, Марыя прамаўляе да кожнага: «Прымі жыццё такім, якім яно ёсць: не толькі са шчаслівымі днямі, але таксама і з трагедыямі. Вытрывай! Не ўцякай! Я выпрашу ў Бога для цябе аздараўленне душы і цела…».

У матэрыяле «Касцёл не можа існаваць без біскупаў», які пераклала Ганна Шаўчэнка, ідзе гаворка пра біскупаў, наступнікаў Апосталаў, і іх служэнне. Пра асаблівую радасць у парафіі ў Мар’інай Горцы распавядае аўтар рэпартажу і фотаздымкаў Ян Лысы.

Гэты год выдаўся багатым на юбілеі, пра якія мы з радасцю апавядаем і сардэчна віншуем усіх юбіляраў: 45 гадоў святарства адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч; 50 гадоў святарства і 35 гадоў біскупскай сакры — біскуп Аляксандр Кашкевіч; 85 гадоў жыцця — старэйшая катэхетка Ганна Раманаўна Гей; 95-годдзе з дня нараджэння — айцец марыянін Юзаф Пятушка MIC, верны слуга і сведка Хрыста; 50 гадоў жыцця — пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным ксёндз Павел Шылак; 25 гадоў святарскага пасвячэння — ксёндз канонік Віктар Шчучко; 75 гадоў — паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца, наша аўтарка, Ірына Багдановіч; 50 гадоў — наш калега, супрацоўнік рэдакцыйна-выдавецкага калектыву Віталій Царык. 25-гадовы юбілей адсвяткаваў таксама ў гэтым годзе рух «Маці ў малітве», які арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў «жаночым духоўным войскам Езуса Хрыста».

У рубрыцы «Сведчанні» змешчаны артыкул Віктара Яблонскага «Плён пілігрымкі» пра пераломны момант у яго жыцці пасля пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай. У рубрыцы «З паэтычнай пошты» друкуюцца вершы Ірыны Багдановіч і Паўла Каралёва.

На апошніх старонках вокладкі прапануюцца вельмі патрэбныя малітвы на сённяшні дзень: навэнна і літанія да Маці Божай Добрага здароўя.

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.