Skip to main content

Tolle et lege — бяры і чытай: кніжныя парады на Вялікі пост

Вялікі пост 2026 года

Сёння распачынаецца літургічны перыяд Вялікага посту, час інтэнсіўнай малітвы і шчырага навяртання перад Урачыстасцю Змёртвыхпаўстання Пана.

Касцёл у сваёй мудрасці на працягу стагоддзяў выпрацаваў шмат практык, якія спрыяюць духоўнаму росту і фармаванню пабожнай свядомасці ў гэты час: гэта і набажэнства Крыжовага шляху, і спяванне «Песняў жальбы», і практыка ўстрымання ад ежы, якая прыносіць задавальненне, а таксама канкрэтныя пастановы ў працы над сваімі заганамі і грэшнымі схільнасцямі, рэкалекцыі г. д.

Фармаваць сваю хрысціянскую свядомасць можна таксама праз чытанне добрай духоўнай літаратуры.

Безумоўна, для хрысціяніна найбольш важнай і незаменнай кнігай з’яўляецца Святое Пісанне. Апрача гэтага, дазволіць Богу прамаўляць да свайго сэрца можна, правёўшы час у чытанні годных увагі выданняў хрысціянскіх аўтараў.

Прапануем вашай увазе падборку 5 кніг айчыннага выдавецтва Pro Christo, якія дапамогуць лепш перажыць перыяд Вялікага посту.

1. Юзаф Аўгустын SJ
САКРАМЭНТ ПАКАЯННЯ
Указанні для пэнітэнта і спаведніка

Адзін з найлепшых спосабаў падрыхтавацца да свята Пасхі — перажыць добрую, глыбокую споведзь.

Кніга будзе карысная ўсім, хто хоча больш свядома і плённа прыступаць да сакрамэнту пакаяння. Яна прызначана і для пэнітэнтаў, і для спаведнікаў. Аўтар дае асабістае сведчанне, прыводзіць пэўныя практычныя інструкцыі для спаведнікаў і закранае асноўныя пытанні, якія датычаць споведзі: што такое сакрамэнт пакаяння? Якая роля святара? Як чалавек перажывае раскаянне? Вялікая ўвага ўдзяляецца магчымым праблемам у адносінах паміж пэнітэнтам і спаведнікам, а таксама спосабам іх вырашэння.

2. Юзаф Аўгустын SJ
ЧВЭРЦЬ ГАДЗІНЫ ШЧЫРАСЦІ
Уводзіны ў малітву штодзённага рахунку сумлення

Рахунак сумлення рабіць перад споведдзю лягчэй, калі робіш яго штодзённа на працягу 15 хвілін.

Кніга змяшчае два ўступныя разважанні пра тое, што значыць сур’ёзна ставіцца да свайго жадання маліцца і ў чым заключаецца сэнс агульнага рахунку сумлення, а таксама пяць разважанняў, якія грунтуюцца на паасобных пунктах рахунку сумлення, прапанаваных святым Ігнацыем Лаёлам у «Духоўных практыкаваннях». Напрыканцы кожнага разважання чытачам прапаноўваюцца канкрэтныя практыкаванні, якія можна выкарыстоўваць у якасці ўводзінаў у асабістую малітву.

3. Анна Чайкоўска WDC
АДПУСТЫ — СКАРБ КАСЦЁЛА

Дбаць пра вечнасць — галоўнае заданне чалавека на зямлі.

Кніга пра адзін з самых недаацэненых духоўных скарбаў, які мы можам атрымліваць штодзённа пры пэўных умовах. У гэтай кнізе падаецца вучэнне Каталіцкага Касцёла пра адпусты і распавядаецца пра тое, як вернікі могуць скарыстацца гэтай невычэрпнай яго скарбніцай, якія ўмовы неабходна выканаць, каб атрымаць адпуст за сябе або ахвяраваць яго за памерлага. У часе Вялікага Посту такія малітоўныя практыкі могуць прынесці шмат духоўнай карысці.

4. Святы Альфонс Лігуоры
НАВЕДВАННЕ НАЙСВЯЦЕЙШАГА САКРАМЭНТУ

Вялікі пост — найлепшы час, каб працаваць над сваёй духоўнай дысцыплінай і развіваць эўхарыстычную пабожнасць.

Месцы, дзе адбываецца ўшанаванне Езуса Эўхарыстычнага, адзначаюцца вялікімі ласкамі: аздараўленнямі, навяртаннямі, пакліканнямі да кансэкраванага жыцця.

Кніга святога Альфонса Лігуоры «Наведванне Найсвяцейшага Са­крамэнту» — гэта асаблівы скарб для тых, хто жадае прабываць перад Езусам Эўхарыстычным і выкарыстоўваць парады святога доктара Касцёла дзеля паглыблення адносінаў з Хрыстом. Кніга складаецца з разважанняў, у кожным з якіх адкрываецца глыбокая праўда пра прысутнасць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

5. Святая сястра Фаўстына Кавальская ZMBM
ДЗЁННІК
Божая Міласэрнасць у маёй душы

Зразумець сэнс Крыжовай Мукі і Ахвяры Хрыста можна толькі ўсвядоміўшы глыбіню Божай Любові і Міласэрнасці.

Святая сястра Фаўстына Кавальская пісала свой «Дзённік» на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця (1934–1938) па наказе духоўнага кіраўніка благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі і па выразным загадзе Пана Езуса, з якім яна кантактавала містычным чынам. Праз сястру Фаўстыну мы атрымалі пасланне аб невычэрпнай міласэрнасці Бога да ўсяго чалавецтва і Яго неспасцігальнай любові да нас.

Менавіта ў «Дзённіку» святая Фаўстына запісала прадыктаваны Панам Езусам «Вяночак да Божай Міласэрнасці», «Навэнну перад святам Божай Міласэрнасці», якая распачынаецца ў Вялікую пятніцу, а таксама літанію да Божай Міласэрнасці.

Гэтая кніга — не толькі багатая крыніца для спазнання вялікай міласэрнасці Бога, але і гісторыя глыбокіх містычных адносінаў душы з Панам Богам.

Містычны досвед сястры Фаўстыны робіць асабліва каштоўнымі яе парады наконт споведзі, рахунку сумлення, дапамагае лепш зразумець сэнс і вялікае значанне Мукі і Ахвяры Хрыста.

Азнаёміцца з поўным каталогам выданняў і замовіць іх вы можаце на сайце выдавецтва.

Добры выбар духоўнай літаратуры прадстаўлены таксама ў кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.