Skip to main content

Святыня, праца і збаўленне: знакавы дзень у парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы

1 мая
  • 2 мая, 2025
  • Тэкст і фота: кс. Аляксандр Улас // Catholicminsk.by

Гэтая гісторыя падобная на жывы вобраз пераўтварэння і духоўнага адраджэння. Калісьці электрастанцыя, напоўненая шумам механізмаў і мірганнем лямпаў, стала месцам цішыні, малітвы і благаслаўлення. 6 мая 2012 года мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў новую каталіцкую святыню ў Мар’інай Горцы, ператвараючы прамысловае мінулае будынка ў сімвал веры і надзеі.

1 мая, у Дзень Святога Юзафа рамесніка, арцыбіскуп Тадэвуш зноў наведаў каталіцкую святыню ў Мар’інай Горцы. Наведванне іерархам гэтай святыні ў такі важны дзень стала знакавай падзеяй для вернікаў, нагадаўшы ім пра сувязь веры і працы. Тым больш, што пасля таго, як парафіяне сустрэлі свайго пастыра старадаўнім звычаем — хлебам і соллю — яму давялося ўзгадаць тое, чаму як ён сам засведчыў, навучыўся ў дзяцінстве, і дапамагчы сваёй фізічнай працай.

Іерарх разам з Рамуальдам Стужынскім, які доўгі час дапамагаў розным касцёлам Беларусі сваёй працай і служэннем у якасці чырвонадрэўшчыка, стварылі крыж. Падчас працы былі выкарыстаны практычна тыя ж ручныя прылады, што і ў часы Езуса, надаючы працэсу асаблівае сімвалічнае значэнне і падкрэсліваючы сувязь з традыцыямі стагоддзяў. Гэта не толькі даніна павагі гісторыі, але і спосаб адчуць духоўную блізкасць да тых часоў, калі на такіх самых прыладах ствараліся сакральныя сімвалы хрысціянства. Крыж не проста драўляная канструкцыя — гэта сімвал веры, надзеі і духоўнага адзінства. Тое, што ў яго стварэнні ўдзельнічаў спадар Рамуальд, вядомы сваёй адданасцю справе, надае крыжу асаблівую каштоўнасць. Яго праца ў многіх касцёлах зрабіла іх яшчэ больш утульнымі і велічнымі, а гэты новы крыж таксама стане знакам памяці і святасці.

Ён будзе ўсталяваны на могілках, каб служыць не толькі сімвалам, але і месцам малітвы і роздуму для вернікаў. Устаноўка крыжа на магіле — гэта не проста традыцыя, а моцны духоўны сімвал. Ён нагадвае пра веру ва ўваскрашенне, вечнае жыццё і працяг духоўнай сувязі паміж жывымі і памерлымі. Крыж становіцца месцам малітвы і памяці, дзе родныя могуць знайсці суцяшэнне і надзею.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш увёў таксама ў святыню пяцярых дзяцей, якія падчас гэтай літургіі павінны былі ўпершыню ў сваім жыцці прыняць поўны ўдзел у Эўхарыстыі — спажываючы Святую Камунію.

Гэта асаблівы момант у духоўным шляху кожнага верніка, бо Першая Камунія  азначае найбольшае і найглыбейшае яднанне з Хрыстом і Касцёлам. Для гэтых дзяцей гэта не проста абрад, а пачатак новага этапу веры, які будзе суправаджаць іх усё жыццё.

Звяртаючыся да іх падчас гаміліі, іерарх заўважыў, што на гэтым іх удзел у Эўхарыстыі не павінен завяршыцца.

«Як трэба штодзённа сілкавацца матэрыяльным хлебам, таксама трэба сілкавацца і духоўным, якім з’яўлецца Эўхарыстыя»,

— заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш.

Звярнуўся ён таксама і да прысутных вернікаў, узгадваючы, што святы Юзаф — гэта не толькі апякун Святой Сям’і, але і прыклад адданасці, цярпення і вернасці Божай волі. Ён маўкліва выконваў свае абавязкі, давяраючы Богу нават у складаных абставінах. Сваю справядлівасць і працавітасць ён ператварыў у служэнне, паказваючы, што праца можа быць шляхам да святасці.

«Праца — не проста неабходнасць, а магчымасць служыць Богу і людзям. Святы Юзаф вучыць нас, што важна не тое, чым мы займаемся, а тое, з якім сэрцам. Калі праца выконваецца з верай і любоўю, яна набліжае чалавека да Бога. У свеце, дзе праца часта ўспрымаецца як цяжар, святы Юзаф паказвае, што яна можа быць святой».

Напрыканцы сваёй гаміліі іерарх пажадаў усім прысутным: «Няхай прыклад святога Юзафа натхніць нас усіх да сумленнай працы і малітвы ў Божым вінаградніку, памятаючы, што нашыя рукі працягваюць справу Творцы, бо тады ў вечнасці пачуем словы Езуса: “Слуга верны ўвайдзі ў радасць твайго Валадара”».

Пасля святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся і здзейсніў асвячэнне новага абраза «Дзяцінства Хрыста», які цяпер упрыгожвае ўваход у касцёл. Гэта копія мастацкага твору, напісанага Герардам ван Хонтхорстам каля 1620 года, мае глыбокі духоўны сэнс, адлюстроўваючы момант з дзяцінства Езуса, калі ён дапамагае святому Юзафу ў працы. На карціне можна ўбачыць Юзафа, які працуе з дрэвам, а побач маленькі Хрыстус трымае свечку, асвятляючы працоўнае месца. Гэта не проста мастацкі аб’ект, а сімвал веры, пакоры і Божай прысутнасці ў штодзённым жыцці.

Абраз, на якім Юзаф працуе, а Езус трымае свечку, сімвалізуе перадачу ведаў, духоўнае асвячэнне працы і блізкасць да Бога нават у звычайных штодзённых абавязках. Такім чынам, усе падзеі гэтага дня — стварэнне крыжа, святкаванне свята святога Юзафа рамесніка, Першая Камунія і асвячэнне абраза — узаемна спляліся ў парафіі і святыні, утвараючы глыбокае духоўнае пасланне: праца — гэта дар, шлях да Бога і святы акт служэння.