У Будславе адбылася сустрэча касцёльных рухаў і супольнасцяў Беларусі
- 2 мая, 2024
- Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант

1 мая ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе па ініцыятыве і запрашэнні Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага адбылася сустрэча ўдзельнікаў касцёльных рухаў і супольнасцяў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ўсіх чатырох дыяцэзій Беларусі. Усяго на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі 23-х рухаў і супольнасцяў.

Спачатку адбылася аўдыёвізуальная прэзентацыя касцёльных рухаў і супольнасцяў, дзякуючы якой усе прысутныя маглі больш даведацца пра іх заснавальнікаў і дзейнасць у Беларусі. Затым распачалася ружанцовая малітва, галоўнай інтэнцыяй якой было ўміласціўленне Беззаганнаму Сэрцу Марыі за знявагі ад людзей, пасля чаго словамі Ларэтанскай Літаніі была ўшанавана Маці Божая ў месяцы маі, прысвечаным Ёй.








Цэлебрацыю святой Імшы разам з 17-ю святарамі, сярод якіх быў ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк, які ў маі бягучага года адзначае Залаты Юбілей святарства, здзейсніў і ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Эўхарыстычную літургію ўпрыгожыў спевам хор “Effatha” з парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску.

У гаміліі іерарх распавёў, як распачаўся звычай запрашаць у Будслаў розныя касцёльныя рухі. Аднойчы яго запрасілі разам памаліцца ў Будслаў 1 мая, у выходны дзень, рухі “Хатні Касцёл” і “Каштоўная Пярліна”. Паступова да іх далучалася ўсё больш супольнасцяў, і так “з малых ручайкоў паўстала рака”.
Кожны рух пры сваім узнікненні атрымаў ад Духа Святога розныя харызматычныя дары. Каб пацвердзіць праўду аб тым, што ў Касцёле казалі пра харызмы не толькі ў XXI ст., але фактычна ад пачатку яго існавання, біскуп Юрый прывёў словы св. Яна Хрызастома, які жыў у IV ст.: “З гэтай крыніцы Духа Святога выплываюць дары аб’яўленняў, ласкі аздараўленняў і ўсе іншыя харызмы, якія ўпрыгожваюць Касцёл Божы”.
Гэтыя словы айца Касцёла сугучныя дэвізу сёлетняга пастырскага года: “Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі”. Свету, які ўсё больш аддаляецца ад сапраўднай веры ў Бога, патрэбна новая евангелізацыя. Сённяшні чалавек, які не адмаўляецца ад веры ў існаванне Бога, часта сам сабе стварае вобраз “свайго” Бога, які павінен заспакойваць яго пажаданні. Часта вернікі прыходзяць у святыню, бо там яны сябе добра адчуваюць, “забываючыся” пра малітву і навяртанне з грахоў. Яны асаблівым чынам патрабуюць абвяшчэння жыццядайнага Божага слова, каб кожны з іх змог далучыцца да шляху, якім ідзе за Хрыстом Яго Касцёл.
Іерарх прызнаўся, што малітва касцёльных рухаў, такіх як “Маргарытка” ці “Маці ў малітве”, з’яўляецца для яго вельмі адчувальнай. Таксама ён падзяліўся тым, што ведае пра выпадкі, калі суладная малітва шматлікіх касцёльных рухаў за аднаго “вялікага” грэшніка прывяла да яго “раптоўнага” навяртання. Напрыканцы біскуп выразіў пажаданне, каб асабліва ў часе, калі Касцёл разважае аб з’яве “сінадальнасці” і ўдзеле свецкіх вернікаў у яго жыцці, усе прадстаўнікі касцёльных рухаў і супольнасцяў адчулі сваю “патрэбнасць” для супольнасці Касцёла, былі злучаныя духоўна ў адзінае цэлае і вучыліся ад Марыі служэння бліжнім.







Падчас святой Імшы іерарх ахінуў малітвай асаблівым чынам тых прысутных, хто 1 мая адзначае свой дзень народзінаў. Сярод іх аказаўся Андрэй, міністрант і скаўт, які святкаваў свой 13 дзень народзінаў у Нацыянальным санктуарыі. Эўхарыстыя працягнулася працэсіяй з дарамі да алтара, якія прынеслі прадстаўнікі паасобных касцёльных рухаў і супольнасцяў.

Пасля абеду з духоўнай канферэнцыяй “Касцёльныя рухі і супольнасці як подых новай евангелізацыі сёння” да прысутных звярнуўся а. Андрэй Авен OCD. Ён прывёў словы апостальскай адгартацыі “Christifideles laici” пра ролю свецкіх у Касцёле, якія выразна паказваюць існаванне абавязку свецкіх вернікаў на моцы сакрамэнту хросту “сведчыць пра Хрыста памерлага і ўваскрослага”. Дзякуючы харызмам касцёльныя рухі шукаюць новыя шляхі евангелізацыі, не змяняючы вучэння Касцёла, але даносячы яго іншым. Сёння для таго, каб паказаць Евангелле як адзіны шлях жыцця, каб падзяліцца сваёй верай у Хрыста, патрэбная адвага, якой прапаведнік пажадаў усім.

Сустрэча закончылася Выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту з малітвамі Вяночка да Божай Міласэрнасці і Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.