Skip to main content

Супрацоўнікі Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі удзельнічалі ў велікапосных рэкалекцыях у Пінску

З 2 па 4 сакавіка
  • 6 сакавіка, 2026
  • Тэкст: біскуп Андрэй Зноска, Ганна Якімовіч / Фота: кс. Чэслаў Ладыка, Лаліта Арлоўская, Алеся Арлова / Catholicminsk.by

2 па 4 сакавіка Пастаральны цэнтр Пінскай дыяцэзіі стаў на тры дні домам для супрацоўнікаў дабрачыннай каталіцкай арганізацыі Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія разам з калегамі са ўсёй Беларусі аб’ядналіся на велікапосных рэкалекцыях.

Духоўныя практыкаванні праводзіў ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC, пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе (Пінская дыяцэзія, Кобрынскі дэканат).

Разам са сваімі супрацоўнікамі ў рэкалекцыях узяў удзел кіраўнік Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі айцец Анатоль Ярошка OFMCap.

Тэма рэкалекцый — «Учынкі міласэрнасці паводле цела».

Учынкі міласэрнасці адносна цела засяроджваюцца асабліва на тым, каб накарміць галодных, бяздомным даць дах над галавой, апрануць голых, адведаць хворых і вязняў, пахаваць памерлых. Сярод гэтых учынкаў міласціна, якая даецца убогім, з’яўляецца адным з асноўных сведчанняў братэрскай любові; яна з’яўляецца таксама практыкаваннем справядлівасці, якая падабаецца Богу.

«Справы міласэрнасці дапамагаюць нам ісці шляхам, які вядзе ў неба, бо робяць нас падобнымі да Езуса, які асабіста паказаў, якімі павінны быць нашы паводзіны адносна іншых. Нагодай для ўчынкаў міласэрнасці, напэўна, у нас будзе дастаткова, патрэбна толькі агледзецца вакол і ўбачыць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе»,
 

— падкрэсліў ксёндз Станіслаў.

Цудоўным духоўным падарункам для ўдзельнікаў рэкалекцый стала міні-пілігрымка ў Іванава, да месца мучаніцтва святога Андрэя Баболі, якую арганізаваў дырэктар Caritas Пінскай дыяцэзіі ксёндз Чэслаў Ладыка.

У апошні дзень рэкалекцый супрацоўнікі Caritas удзельнічалі ў святой Імшы ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі разам з біскупам Пінскім Антоніем Дзямʼянка і дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі Андрэем Зноска.

«Цяжка знайсці у Беларусі месца, больш прыдатнае для правядзення як рэкалекцый, духоўных практыкаванняў і дзён засяроджання, так і разнастайных, неабавязкова рэлігійных па сваім змесце, сустрэч, канферэнцый, сімпозіўмаў, чым Пастаральны цэнтр Пінскай дыяцезії, размешчаны ў сталіцы Палесся, у будынку былой духоўнай семінарыі. Гэта старажытнае і намоленае месца, яно напоўнена духоўнасцю мінулых пакаленняў і нясе ў сабе нешта па-над часовае, месца сілы. А ў дадатку тут утульныя пакої, непаўторныя інтэрʼеры, смачная ежа, а галойнае — цудоўная прыватная капліца, у якой яшчэ нядаўна маліліся будучыя святары»,
 

 — сцвердзіў біскуп Андрэй.

Пасля набажэнства супрацоўнікі памаліліся каля месца спачынку Слугі Божага Зігмунда Лазінскага, дзе біскуп Андрэй Зноска прачытаў малітвы аб атрыманні ласкаў і цудаў праз заступніцтва першага біскупа Пінскай дыяцэзіі.

Сумесны ўдзел супрацоўнікаў у рэкалекцыях стаў важным крокам да ўмацавання іх унутранага свету і каманднага адзінства. Духоўныя практыкаванні дазволілі ім не толькі пераключыць увагу з паўсядзённых клопатаў, але і глыбей зразумець свае каштоўнасці і наладзіць унутраны баланс.