«Спадчына многіх пакаленняў вернікаў»: з’явіўся новы малітоўнік ад выдавецтва «Про Хрысто»
- 19 чэрвеня, 2024
- Тэкст: Ганна Шаўчэнка, фота: Выдавецтва «Про Хрысто» // Catholicminsk.by

Доўгачаканая і вельмі патрэбная кніга пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто» — гэта зборнік літаній, навэннаў і вяночкаў «Прасіце і атрымаеце».
Гэта ўнікальны малітоўнік, у якім сабрана 69 літаній, 52 навэнны і 18 вяночкаў да Пана Бога, Панны Марыі, святых, а таксама ў розных інтэнцыях. Ёмістае выданне аб’ёмам каля 650 старонак стала плёнам шматгадовай працы калектыву рэдакцыі часопіса «Ave Maria», на старонках якога на працягу больш чым 20 гадоў друкавалася пераважная частка малітоўных тэкстаў, што ўвайшлі ў кнігу. Акрамя таго, некаторыя літаніі, навэнны і вяночкі былі адмыслова падрыхтаваныя для новага малітоўніка.
Кожны практыкуючы вернік усведамляе неацэнную вартасць тых формаў набажэнства, якія прапануюцца ў гэтым зборніку. Угрунтаваныя на глыбокай духоўнасці, многія з гэтых тэкстаў маюць старажытнае паходжанне. Яны былі складзены шмат стагоддзяў таму і ўвабралі ў сябе духоўны вопыт многіх пакаленняў вернікаў, невычэрпнае багацце малітоўных заклікаў, актаў і формулаў. Гэта своеасаблівая і важная частка хрысціянскай культуры, з якой мы павінны няспынна чэрпаць натхненне і якой вельмі важна напаўняць наша штодзённае жыццё. Іначай мы можам загразнуць у няпэўнасці і расчараваннях, трывозе і стрэсе.
Нездарма да навэннаў, літаній і вяночкаў як да любімых формаў прыватнай малітвы часта звярталіся святыя і благаслаўлёныя, пакінуўшы нам шматлікія сведчанні пра эфектыўнасць такой малітоўнай практыкі. Варта падкрэсліць, што дзейснасць малітвы заключаецца не ў нейкай асаблівай сіле яе словаў ці выразаў (не будзем надаваць ёй магічных уласцівасцяў!), а ў тым, што гэтыя традыцыйныя набажэнствы патрабуюць ад верніка паслядоўнасці і пастаянства, што ў сваю чаргу фармуе ў душы цвёрдую, нязломную веру і дапамагае не збочваць з абранага духоўнага шляху. Так, навэнна звычайна доўжыцца дзевяць дзён — а гэта ўжо патрабуе пэўнай дысцыпліны ва ўласным духоўна-рэлігійным жыцці. Літаніі і вяночкі часцей за ўсё заснаваныя на мностве малітоўных паўтораў і заклікаў, таму дапамагаюць максімальна «акунуць» свае думкі ў малітву, напоўніць ёю штодзённыя справы і абавязкі.
Згадаем, што Пан Езус, жадаючы ўсяму свету аб’явіць бязмежнасць сваёй Міласэрнасці і заахвочваючы чалавецтва маліцца аб уміласціўленні за грахі, прадыктаваў святой Фаўстыне Кавальскай менавіта гэтыя тры формы малітвы да Божай Міласэрнасці: Літанію, Навэнну і Вяночак (дарэчы, у 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з часу з’яўлення Вяночка да Божай Міласэрнасці). Менавіта ў гэтай святой містычкі мы можам вучыцца вытрываласці ў малітве.
«Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванне, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і [неабходнасць] прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы. Я сама адчула, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі і прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі» (Дзённік, 147), — разважае святая Фаўстына.
Яна таксама разам з іншымі нябеснымі заступнікамі падае нам добры прыклад маліцца Навэнну не толькі перад святамі і ўрачыстасцямі, але і перад важнымі рашэннямі, у цяжкіх сітуацыях, у сумненнях і просьбах да Пана Бога аб Яго ласках. Але нават калі нам здаецца, што мы прыклалі так шмат намаганняў у малітве, а нашыя просьбы не выслуханыя, мы ўсё роўна атрымалі вельмі вялікі дар — сталі бліжэй да Бога, правялі з Ім свой час, спазналі прысутнасць Духа Святога…
Чаканне таксама плённа фармуе нашыя сэрцы. А плён малітвы неабавязкова праяўляецца адразу ж, бо «ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння» (1 П 3, 8–9).
Спадзяемся, што духоўныя тэксты гэтых навэннаў, літаній і вяночкаў да Пана Бога, Маці Божай, святых і благаслаўлёных, упершыню сабраныя пад адною вокладкаю, дапамогуць вам, дарагія чытачы, узмацняць свой давер да Пана, выпрацоўваць пакору і вытрываласць у малітве, зноў і зноў адважна прыносіць да Бога ў малітве ўсе свае цяжкасці, сумненні і просьбы.

Пазнаёміцца з кнігаю «Прасіце і атрымаеце» і набыць яе можна будзе падчас галоўных урачыстасцяў у Будславе, Тракелях, Гудагаі і Браславе. Таксама просім звяртацца да пробашчаў вашых парафій і ў парафіяльныя кіёскі.