Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2025 года
- 19 красавіка, 2025
- Catholicminsk.by
НАША НАДЗЕЯ ВА ЎВАСКРОСЛЫМ ХРЫСЦЕ
Хрыстус Увасрос! Сапраўды Уваскрос! Ён сярод Нас!
Дарагія браты і сёстры!
1. Гэтымі словамі віншую ўсіх вас са святам Пасхі Хрыстовай.
Сёлета ўвесь хрысціянскі свет адзначае сваё галоўнае свята ў той самы дзень, што з’яўляецца яшчэ адным Божым заклікам да так патрэбнага адзінства хрысціян. Той самы Хрыстус цярпеў за нашыя грахі, быў укрыжаваны на Галгоце і ўваскрос. Ён заснаваў адзін Касцёл, але хрысціяне падзяліліся.
Адсутнасць адзінства паміж хрысціянамі розных канфесій з’яўляецца крываточачай ранай на Містычным Целе Хрыста, якую неабходна лячыць, каб пацвердзіць нашу хрысціянскую тоеснасць і сумесна адказваць на небяспечныя выклікі часу.
Божым заклікам да адзінства таксама з’яўляецца Юбілей 1700-годдзя Першага Нікейскага сабору, які адзначаецца сёлета. Гэты сабор ухваліў адзіны для ўсіх хрысціян Сімвал веры. Калі злы дух нас раздзяляе, то Нікейскі Сімвал веры, які з’яўляецца сімвалам хрысціянскай ідэнтычнасці, – аб’ядноўвае.
Галоўным заданнем усіх хрысціян з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля ўсім народам, да чаго ўваскрослы Езус заклікаў апосталаў (пар. Мц 28, 19). А эфектыўнасць гэтага працэсу будзе залежаць ад сумеснага хрысціянскага прапаведавання і сведчання (пар. Ян 17, 23).
2. Аднойчы падчас гульні дзяцей у футбол мяч паляцеў у густыя цярністыя кусты. Ніхто з іх не адважыўся зайсці ў іх, каб знайсці яго. Тады хлопчык, які назіраў за гульнёй, пайшоў, знайшоў мяч і перадаў яго сваім сябрам, а сам, радасны, пайшоў дамоў. Пры гэтым дзеці былі так занятыя гульнёй, што нават не падзякавалі яму.
Тое, што хлопчык з гэтай гісторыі зрабіў для сваіх сяброў, вельмі кранае, а факт, што яны не змаглі гэтага ацаніць, выклікае глыбокае шкадаванне.
Падобнае адбылося і з пасхальнай таямніцай Езуса. У Вялікую пятніцу Ён шукаў жыцця, якое было страчана з-за першароднага граху. Шукаў, знайшоў і сваім уваскрасенннем перадаў людзям. Пры гэтым Ён вельмі ўзрадаваўся. Але ці чалавецтва цэніць Яго за гэта? Ці радуецца? Ці дзякуе?
А мы павінны быць удзячныя і радавацца. Нездарма псальміст кажа пра Пасху, што «гэта дзень, які стварыў Пан, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім» (Пс 118, 24). Як тыя дзеці, што гулялі ў футбол, мы павінны радавацца таму, што загубленае жыццё знайшлося і працягваецца.
Няма сэнсу спяваць «Аллелюя!», не ўсведамляючы і не ацэньваючы таго факту, што Бог збавіў нас праз Свайго Сына, бо гэта будзе толькі абсурдная акламацыя. Паводле апостала Пятра Уваскрасенне Езуса – гэта рэальная падзея, сведкам якой ёнбыў (пар. Дзеі 10, 34.37-43). І мы павінны яе прыняць.
3. На трэці дзень пасля укрыжавання Езуса раніцай, калі яшчэ было цёмна, Марыя Магдалена прыйшла да Яго магілы (пар. Ян 20, 1-9). Яна ішла і пыталася сама сябе, хто адваліць камень ад магілы, якім яна была закрыта (пар. Мк 16, 3).
Сёння вялікія і цяжкія камяні закрываюць чалавечыя надзеі. Гэта камяні грахоў, ваенных канфліктаў, гуманітарных крызісаў, парушэнняў правоў чалавека, забіцця ненароджанага жыцця, гандлю людзьмі, амаральнасці, неўтаймаванага імкнення да ўзбагачэння і прыемнасцяў, і т. п. Так як Марыя Магдалена мы пытаемся: «Хто адваліць нам камень ад уваходу ў гэтую магілу сучаснасці?»
Якой жа дзіўнай была тая велікодная раніца, бо камень ад магілы Езуса быў адвалены. Здзіўленне Марыі Магдалены – гэта таксама і нашае здзіўленне. Магіла Езуса адкрытая і пустая! З гэтага моманту ўсё распачынаецца нанова! Праз гэтую пустую магілу вядзе новы шлях жыцця сярод смерці, шлях міру сярод ваенных канфліктаў, шлях прымірэння сярод нянавісці, шлях братэрства сярод варожасці.
Што падштурхнула Марыю Магдалену наведаць магілу Езуса? Яна верыла ў Яго і сваю надзею пакладала ў Ім. А вера і надзея базуюцца на любові, як вучыць святы апостал Павел (пар.1 Кар 13, 13).
Калі нашае жыццё заснавана на каштоўнасцях веры, надзеі і любові, то яно набірае боскага сэнсу. Марыя Магдалена не баялася жаўнераў, якія сцераглі магілу. Яна толькі хацела наведаць Езуса і таму смела ішла да гэтай мэты. Падобна і мы павінны рабіць у нашым жыцці. Менавіта з вераю, надзеяю і любоўю крочыць да мэты, якой ёсць радасць вечнага жыцця.
4. Адвалены ад магілы Езуса камень вучыць нас, што ў жыцці нам не трэба турбавацца аб пэўных рэчах, бо пра іх паклапоціцца Бог. Ён усемагутны і для Яго няма нічога немагчымага. Марыя Магдалена верыла, што Езус уваскрэсне, і хацела быць першай сведкай гэтага самага вялікага Божага цуду.
Пасля таго, як убачыла пустую магілу, яна паведаміла аб гэтым апосталаў. Такім чынам яна стала першай прадвесніцай праўды Уваскрасення, апосталкай апосталаў.
Ці ж гэта не дзіўна? Здавалася б, першае сведчанне аб уваскрасенні Езуса павінна было паходзіць ад аднаго з вучняў Езуса — Пятра, Яна, Якуба ці іншага апостала. Між тым Бог любіць здзіўляць і выкарыстоўвае простых і непрыкметных людзей не з першых палос газет, часопісаў, экранаў тэлевізараў і інтэрнэту для перадачы важных пасланняў.
Любоў Марыі Магдалены да Хрыста была ўзнагароджана. Уваскросламу Хрысту больш не патрэбна намашчэнне пахучым алеем. Яму патрэбна поўнае любові сэрца, за што Ён шчодра яе ўзнагароджвае.
Любоў Марыі Магдалены да Езуса, як раней Веранікі ці Сымона Кірынэйца падчас Крыжовага шляху, або міласэрнага злачынца на крыжы, — гэта жэсты, якія перамяняюць чалавечае сумленне і распальваць агонь любові да Бога ў сэрцах іншых людзей. Яны здольны перамяніць свет на лепшы. Яны нагадваюць аб тым, што ў чалавечым сэрцы ёсць прагненне Бога і збаўлення, а таксама, што чалавек створаны для вышэйшых справаў, а не толькі проста для існавання на зямлі.
5. Радасць уваскрасення Хрыста адчыняе брамы нашага сэрца, адбіваецца на нашым твары і ў нашых вачах. Гэта знак таго, што мы з’яўляемся ўдзельнікамі праўды Змёртвыхпаўстання.
Пры гэтым Хрыстус чакае, што, па прыкладу Магдалены, мы таксама станем сведкамі Яго Уваскрасення і занясём гэтую радасную навіну нашым сям’ям, перададзім дзецям, сябрам і знаёмым.
Уваскрасенне — гэта не рэанімацыя ці вяртанне да жыцця на імгненне, на 5, 10, 20 гадоў. Уваскрасенне — гэта ўваход у іншае, якасна новае Божае жыццё. Не такое, што мы, магчыма, зможам хадзіць на сваіх нагах ва ўзросце 100 гадоў, а такое, што будзем любіць, прабачаць і быць міласэрнымі, як Бог.
Таму неабходна, каб кожны аспект нашага жыцця быў пазначаны праўдай Уваскрасення. Наша хрысціянская вера вырастае з яе, адкрывае перад намі новыя гарызонты і вядзе да змены жыцця.
6. Браты і сёстры, Езус Хрыстус уваскрос! Бяручы на сябе грахі свету і прабачаючы іх нам, Ён адвальвае камень, які загароджвае нам шлях да жыцця ў Божай ласцы, і вядзе да міру, прымірэння і братэрства.
Без Божага прабачэння нельга зрушыць гэты камень. Немагчыма таксама пераадолець бар’еры зла, узаемных абвінавачванняў, меркавання, што мы заўсёды маем рацыю, а іншыя памыляюцца. Толькі ўваскрослы Хрыстус, даючы нам прабачэнне нашых грахоў, адкрывае дарогу да абнаўленя свету. Толькі Ён адчыняе перад намі дзверы жыцця, якія мы зачыняем сваімі грахамі.
Змёртвыхпраўстанне Хрыста адносіцца да кожнага чалавека і надае сэнс нашаму жыццю, цярпенню і смерці. Паўстаючы з мёртвых, Хрыстус вызваліў нас з палону злога духа, граху і смерці. Кожнаму з нас без нашых заслугаў Ён дае радасць вечнага жыцця ў небе. Але гэта радасць стане нашай толькі тады, калі мы супрацьпаставімся граху, з верай і даверам звернемся да Змёртвыхпаўсталага Хрыста і падпарадкуем Яму сваё жыццё.
Сёння, калі мы святкуем перамогу жыцця над смерцю, падзякуем Богу за яго бясконцую любоў да нас, якая перамагае кожны грэх і дае новую надзею.
Папа Францішак з нагоды юбілейнага 2025 года, які праходзіць пад дэвізам «пілігрымы надзеі», падкрэслівае, што дзякуючы пасхальнай таямніцы Хрыста як падмурку нашай веры і надзеі мы маем упэўненасць, што свет не асуджаны на тупік ці цёмную бездань, але скіраваны да сустрэчы з Панам славы (пар.SnC 19).
Шчаслівага і поўнага Божай ласкі і Ягоных дароў свята Пасхі. Няхай яно абудзіць у нас новую надзею нават насуперак надзеі, як кажа святы апостал Павел (пар. Рым 4, 18), каб мы з ёй ішлі ў новае, асвечанае праўдай уваскрасення Хрыста, заўтра.
З благаслаўленнем
✠ Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 13 красавіка 2025 г.
Пальмовая нядзеля
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Францішак. Була Spes non confundit (SnC).