Слова арцыбіскупа Станеўскага на Пальмовую нядзелю
- 11 красавіка, 2025
- Фота: Christianity.com // Catholicminsk.by

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння мы адзначаем вялікую ўрачыстасць, якая ў народзе больш вядомая пад назвай Пальмовай або Вербнай нядзелі. Сёння каталіцкія і праваслаўныя вернікі спяшаюцца да сваіх святыняў, несучы ў руках ўпрыгожаныя вербачкі.
Пальмовая нядзеля, адкрывае Вялікі тыдзень – гэта значыць перажыванне дзён цярпенняў нашага Збаўцы. Кожны з нас павінен адпаведна падрыхтавацца і імкнуцца, каб праз слова, сімвалы і літургічную прысутнасць падзеі мы маглі сустрэцца з Адкупіцелем чалавека і чалавецтва.
Калі Езус уваходзіў у Ерузалем, людзі віталі Яго, трымаючы ў руках галіны. Некаторыя евангелісты запісалі, што гэта былі галінкі з дрэваў, зрэзаныя ў полі, ці пальмавыя галіны. Што ж азначаюць гэтыя галінкі вербаў, якія мы трымаем у руках падчас працэсіі і літургіі на ўспамін урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем? У старажытнасці ў многіх рэлігіях пальма лічылася святым дрэвам. Гэтая традыцыя захавалася ў Ізраэлі. Яна мела асаблівае значэнне пры будаўніцтве святыні ў Ерузалеме. Сцены і ўваход у сакральную частку у храме Саламона ўпрыгожвалі пальмамі. Такім чынам яны сімвалізавалі дрэва жыцця ў раі. Перад уваходам у святыню на капітэлях дзвюх калонаў былі ўпрыгожанні ў выглядзе пальмаў і ланцугоў. Гэта азначала мяжу, якую не мог перайсці ні адзін няверны ці грэшнік. Пальма асацыявалася з веліччу Бога. Гэта сімвал усяго высакароднага, справядлівага і прыгожага, сімвал жыцця, якое ніколі не заканчваецца. У хрысціянскім мастацтве пальма, якая расце паміж дзвюма вінаграднымі лозамі, з’яўляецца сімвалам крыжа Хрыста. На старажытных хрысціянскіх надмагіллях можна таксама ўбачыць выяву пальмы, якая сімвалізуе перамогу над тленным жыццём.
Мае дарагія, а ці задумваліся мы, што азначае пальма ці вербачка ў нашых руках? Гэта нашае праслаўленне Езуса Хрыста, гэта знак пашаны і пакланення Таму, Хто мяне збавіў. Але пальма ў маіх руках з’яўляецца і знакам таго, што на гэтым Вялікім тыдні ў сваім рэлігійным жыцці я хачу перайсці яшчэ адну мяжу, аб якой было ўзгадана. Мяжу, якая датычыць вернасці Хрысту, майго рашэння ўнутрана перамяніцца, а таксама імкнення рабіць дабро і праяўляць любоў да бліжніх. Езус Хрыстус уваходзіць у Ерузалем як Той, хто атрымлівае перамогу над злом. Сёння, трымаючы пальму ў руках, мы вызнаем, што разам з Хрыстом праз малітву, пост і міласціну прагнем спазнаць ласку адкуплення.
Браты і сёстры. Кожны год ўрачыстасць Пальмовай нядзелі выклікае пачуццё здзіўлення: яна пераходзіць ад радасці вітання Езуса, калі Ён трыумфальна ўязджае ў Ерузалем, да смутку і болю, калі Езус асуджаны на смерць, на зняважлівае ўкрыжаванне. Такім чынам, нашае збаўленне праходзіць праз дрэва крыжа. Папа Францішак у адной са сваіх гамілій на Пальмовую нядзелю заклікаў: «Паглядзім на Крыж і вызнаем: Ты сапраўды Сын Божы. Ты — мой Бог».
Мае дарагія. Сёння перад нашымі вачыма паўстаюць як бы два абліччы Хрыста. Адным з іх з’яўляецца вобраз Хрыста, які трыумфуе; Езус моцны сваімі вызнаўцамі, Ён Хрыстус — Пан і Валадар. А ў іншым вобразе Езус паўстае перад намі зневажаны, знясілены катаваннямі, церпячы, самотны… Перад нашымі вачыма паўстае натоўп, які зневажае Бога ў Вербную нядзелю і ў Вялікую пятніцу. У Пальмовую нядзелю мы стаім, моцныя вераю, з непахісным намерам чыніць дабро, чакаючы славы. А ў Вялікую пятніцу мы, знявераныя, разам з натоўпам, пад крыжам крычым нашыя блюзнерствы. Разам з натоўпам мы суправаджаем Езуса аж да апошняга моманту. Так, як апостал Пётр, мы тройчы, а, можа, і больш разоў, адракаемся ад асуджанага Хрыста. Некаторыя з нас, так, як мужная Вераніка і Сымон з Кірэнэі, праяўленнем дабрыні спрабуюць пратэставаць супраць несправядлівага асуджэння Настаўніка з Назарэта. Аднак мала хто з нас мае адвагу стаць разам з Багародзіцай Марыяй і апосталам Янам каля падножжа крыжа. Бо менавіта Крыж — гэта рэчаіснасць, пра якую многія людзі хацелі б забыць. Крыж — гэта сімвал, які многіх прыводзіць у жах. У той жа час Крыж — гэта знак цалкавітай ахвярнасці, адмаўленне любові да сябе.
Папа Францішак падкрэслівае, што ў Пальмовую нядзелю «мы таксама думаем пра цярпенні, якія Яму, нашаму Валадару, давядзецца перажыць на гэтым тыдні. Мы думаем пра зласлоўі, знявагі, здраду, пакінутасць, несправядлівы прысуд, бічаванне, пра цярновы вянок… і, нарэшце, думаем пра Крыжовы шлях, аж да смерці на Крыжы. Пра гэта Езус ясна сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мц 16, 24). Ён ніколі не абяцаў славы і поспехаў. Евангеллі гавораць выразна. Ён заўсёды папярэджваў сваіх сяброў, што гэта Яго шлях і што канчатковая перамога павінна прайсці праз муку і крыж. Гэта датычыць таксама і нас. Каб верна ісці за Езусам, просім аб ласцы, каб мы рабілі гэта не словамі, а ўчынкамі, і каб мелі цярплівасць несці свой крыж: не адкідваць яго, не пазбаўляцца ад яго, але, углядаючыся ў Хрыста, прымаць гэты крыж і несці дзень за днём».
Пальмовая нядзеля, урачысты ўезд Пана Езуса ў Ерузалем, у горад, дзе Ён будзе ўкрыжаваны, быў пачаткам Яго канчатковага трыумфу — Уваскрасення. Варта было перанесці столькі знявагаў і пераследу, каб пацвердзіць, што Валадарства Божае знаходзіцца ў такім Сэрцы, якое любіць, нягледзячы на цярпенні. Хрыстус любіў тых, хто падрыхтаваў Яму крыж, Ён любіў тых, хто Яго пераследаваў, Ён любіў тых, хто асудзіў Яго і тых, хто Яго ўкрыжаваў. Ён любіў іх, нягледзячы ні на што, бо яны былі дзецьмі Бога, якія, на жаль, выбралі шлях цемры. Ён не праклінаў іх, не злаваўся, не пагражаў ім. Сваёй пакорнай паставай, у глыбокім спакоі, Ён да самай смерці паказаў сваім пераследнікам, наколькі моцна іх любіць, даючы ім магчымасць навяртання. Ён з пакораю прыняў прысуд, хоць той быў несправядлівым. Хрыстус падпарадкаваўся катам дзеля любові да нас, каб у выніку перамагчы зло і нас збавіць.
Браты і сёстры. Пальмовая нядзеля з’яўляецца для нас таксама яскравым сведчаннем таго, што зло трэба перамагаць дабром, бо ў канчатковым выніку перамагае толькі любоў. Варта любіць, нават калі з розных бакоў мы спазнаем прыніжэнне, бо гэта знак таго, што мы зразумелі логіку Божай любові, якая вядзе нас да збаўлення. І мы зразумеем, што, чым больш яднаемся з укрыжаваным Хрыстом, тым бліжэй будзем да Хрыста-пераможцы. Давайце ўсвядомім адвечную праўду: Хрыстус не змяняецца, іншага Езуса не існуе. Гэта той самы Езус Хрыстус, які, як нагадвае нам Папа Францішак, увайшоў у Ерузалем сярод натоўпу, што вітаў Яго пальмавымі і аліўкавымі галінамі. Гэта той самы Езус, што дзеля нашага збаўлення быў прыбіты да крыжа і які памёр паміж двума злачынцамі. У нас няма іншага Збаўцы, акрамя Яго — Езуса, пакорнага Валадара справядлівасці, міласэрнасці і спакою.
Шчыра заахвочваю вас, мае дарагія, каб глыбей увайсці ў таямніцу ахвяры Хрыста і нашага збаўлення, чытаць Божае слова, разважаць над ім і, прыняўшы сакрамэнт паяднання, годна ўдзельнічаць у бяскроўнай Ахвяры, якою з’яўляецца Эўхарыстыя. Заахвочваю вас маліцца, асабліва падчас Вялікага тыдня, за ўсіх людзей, каб, людзі змаглі прабачаць і любіць, сілкуючыся бясконцай Божай міласэрнасцю і любоўю. Прашу, каб так, як Пан Езус, мы не былі прадузятымі ў адносінах да бліжніх і паказвалі прыклад таго, як у імя Бога прымаць нават балючыя прыніжэнні і знявагі. Гэта нялёгка, але дзякуючы еднасці з Езусам усё можна пераадолець і перанесці.
Браты і сёстры. Кожны год у Вялікім тыдні Касцёл з хваляваннем уваходзіць у пасхальную таямніцу, узгадваючы смерць і ўваскрасенне Хрыста: менавіта дзякуючы моцы пасхальнай таямніцы, з якой Касцёл бярэ пачатак, ён можа абвяшчаць свету словамі і чынамі сваіх сыноў: «Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца» (Флп 2, 11). Ён — Пан часу і гісторыі, Адкупіцель і Збаўца чалавека. Мае дарагія. За прароком Ісаяй які ў свой час, а мы ў час, у якім Бог выбраў нас — гэта значыць сёння, пацвердзім гэтую праўду словамі: «Пан Бог ратуе мяне, таму я не буду асаромлены, (…), і ведаю, што не спазнаю сораму» (пар. Іс 50, 4-7).
На плённае перажыванне Вялікага тыдня і падрыхтоўку да ўрачыстасці Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста ад шчырага сэрца ўсіх благаслаўляю. У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.