Skip to main content

Слова арцыбіскупа Станеўскага з нагоды літургічнага ўспаміну Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

21 лістапада
  • 21 лістапада, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Дарагія браты і сёстры!

Вітаю вас сардэчна ў дзень, калі Касцёл аддае пашану Найсвяцейшай Панне Марыі ў таямніцы Яе Ахвяравання.

У літургічным годзе ёсць шмат дзён, якія Касцёл прысвячае ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. І кожнае з гэтых свят прысвечанае або падзеі з Яе жыцця, або таямніцы Яе душы.

Кардынал Караль Вайтыла ў сваім разважанні зазначаў, што «Свята Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі грунтуецца як на падзеях з жыцця Марыі, так і на таямніцы Яе душы, з якой мы сустракаемся на пачатку зямнога жыцця Найсвяцейшай Панны. І падкрэслівае, што гэта першая свядомая сустрэча Марыі з Богам».

Калі гэта адбылося? У Протаевангеллі Якуба чытаем, што бацькі Марыі Яўхім і Ганна сталі Яе бацькамі ў пажылым узросце. Апокрыфы падкрэсліваюць, што яны вызначаліся святасцю жыцця і таму аддалі Марыю на выхаванне і навучанне ў Ерузалемскую святыню, калі Марыі было ўсяго тры гады. Бацькі Найсвяцейшай Панны Марыі здзейснілі акт ахвяравання свайго Дзіцяці Богу, прадстаўляючы Яго ў найважнейшым для рэлігійнасці біблійнага Ізраэля месцы, якое таксама мае важнае тэалагічнае вымярэнне. З самага моманту ахвяравання Марыя прадстаўлена як Тая асоба, якая мае асаблівую місію ў справе Збаўлення. У гэтай гісторыі ахвяравання Марыі мы даведваемся пра пачатак таго, што адбудзецца потым, калі Марыя выканае найважнейшую ролю: стане Маці Сына Божага. Ахвяраванне Найсвяцейшай Панны Марыі – гэта своеасаблівыя ўводзіны ў Яе будучае жыццё. Інакш немагчыма зразумець, чаму крыху пазней гэтая 13-14-гадовая дзяўчынка будзе так стала і незалежна размаўляць з Арханёлам Габрыэлем. Найбольш уражвае ў сцэне Звеставання менавіта самастойнасць рашэння Марыі. Яна не кажа, што звернецца да каго-небудзь са старэйшых па параду і спытае, што рабіць. Яна размаўляе з анёлам і задае вельмі дарослыя пытанні, а потым прадстаўляецца, кажучы: «Вось я, слуга Пана». Гэтае азначэнне таксама можа адносіцца да таго, чым Яна займалася ў дзяцінстве – пачаткам чаго стала ахвяраванне. Усё Яе ранейшае жыццё было звязана са святыняй. Напэўна, Яна павінна была спазнаць школу жыцця ў блізкасці да Бога так, каб умець слухаць Яго, а потым здолець адважна адказаць Богу: «Няхай Мне станецца…».

Браты і сёстры! Сённяшні ўспамін Ахвяравання прапануе нам важную тэалагічную выснову: Марыя была прысвечана Богу на працягу ўсяго свайго жыцця – ад моманту Беззаганнага Зачацця да свайго нараджэння, а затым да ахвяравання ў святыні. Такім чынам, Яна стала больш дасканалай святыняй, чым любая святыня, узведзеная рукамі чалавека. Спрадвеку ў Божых планах Марыі было прызначана выканаць вялікую збаўчую місію. Выбраная Божым Провідам стаць Маці Збаўцы, Яна такім чынам сталася дарам для Бога Айца. Марыя рыхтавалася да сваёй місіі вельмі рупліва і з поўнай адданасцю, аб чым сведчаць хоць бы Яе ўласныя словы, сказаныя Арханёлу Габрыэлю (Лк 1, 38). Марыя свядома называе сябе Божай слугой, гатовай сваім жыццём выканаць Яго волю, нават калі гэта патрабуе найвялікшых ахвяраў і вырачэнняў. І на працягу ўсяго жыцця Яна ахвяруецца Богу – ад нараджэння Езуса, праз Яго сталенне, ажно да мукі і смерці Сына на крыжы і Яго ўваскрасення. Святы Ян Павел ІІ падкрэсліваў: «У гэты дзень Марыя з’яўляецца нам як святыня, у якой Бог змясціў сваё збаўленне, і як слуга, якая цалкам адданая свайму Пану».

Мае дарагія! Бог адарыў Найсвяцейшую Панну Марыю паўнатою ласкі. Таму ўспамін аб ахвяраванні Марыі Богу трэба разглядаць у шырокім кантэксце гістарычнай падзеі: ахвяраванне Марыі Богу сведчыць аб тым, што ўсё Яе жыццё было сфарміравана ў ззянні Божай ласкі. Марыя была выбрана Богам і ўключана ў гісторыю збаўлення. Бог падрыхтаваў Яе для дасканалага выканання Яго волі і заданняў, якія Марыя павінна была выканаць як Багародзіца. Яе знаходжанне ў святыні ўказвае на ўвесь народ Старога Запавету, з якога вырасла Марыя як самая сапраўдная, жывая святыня Сына Божага. Яна найбольш дасканала выканала волю Нябеснага Айца. Тая, якая даверылася Богу і зачала ў веры, найперш была выбрана самім Богам, каб ад Яе нарадзілася для людзей збаўленне. Ад пачатку свайго жыцця Марыя была благаслаўлёная, бо слухала Божае слова і верна яго захоўвала.

Браты і сёстры! Што гэтае свята Ахвяравання азначае для нас? Найперш, ахвяраванне Марыі з’яўляецца сімвалам прысвячэння жыцця Богу і Касцёлу. Задумаемся над гэтым: што значыць ахвяраваць сваё жыццё Богу? Мы, на жаль, вельмі часта забываем пра прыклад Марыі, якая пакорна выконвала свае заданні з самага ранняга дзяцінства. У наш час ужо не прынята ахвяроўваць Богу сваіх дзяцей на служэнне ў святыні. Аднак усіх нас як бы прадставілі Богу нашыя бацькі падчас хросту. Таму не трэба забывацца пра тую падзею, але пастаянна аднаўляць у сваім жыцці жаданне прысвяціць сябе Богу і шукаць Яго волі.

Мае дарагія! У гэты святочны дзень мы можам таксама разважаць і вучыцца ў Марыі пакоры, самаахвярнасці, удзячнасці, даверу да Бога. Мы можам вучыцца ў Марыі, як ахвяраваць Богу сваё жыццё, здольнасці і працу, пачынаючы з малых штодзённых справаў і заканчваючы вялікімі справамі. На жаль, сучасны чалавек часта жыве з эгаістычным перакананнем, што ён сам гаспадар свайго жыцця. Але нам трэба адкінуць гэтую ілюзію сваёй значнасці. Мы павінны ўзгадаць, Хто з’яўляецца пачаткам і Хто павінен быць таксама мэтаю ўсяго нашага жыцця. Бог скіроўвае таксама да нас свой заклік – заклік да навяртання. Ён адрасаваны да кожнага з нас. Гэта заклік ісці шляхам веры, да сапраўднага шчасця. Усё, што нам патрэбна, гэта згода, нашае рашэнне пайсці за Хрыстом. Ад майго і твайго «так» залежыць збаўленне і тое, ці стане маё і тваё сэрца жыллём Божым. Нездарма святы апостал Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў кажа: «Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?» (1 Кар 3,16).

Браты і сёстры! Збаўленне адбываецца там, дзе мы жывём, у час, у якім Бог выбраў нас, таму што Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збавіць кожнага з нас. Калі мы аддамо усё, як Марыя, – мы атрымаем вельмі шмат, мы атрымаем дары значна большыя, чым матэрыяльныя дары.

Бог скіроўвае таксама да нас свой заклік – заклік да навяртання. Гэта заклік ісці шляхам веры да поўнага шчасця. Усё, што нам патрэбна, – гэта згода, нашае рашэнне пайсці за Хрыстом. «І Пан даў мне зразумець, – піша святая Фаўстына, – што ўся таямніца залежыць ад мяне, ад маёй дабравольнай згоды на гэтую ахвяру з усёю свядомасцю. У гэтым дабравольным і свядомым акце ёсць уся сіла і каштоўнасць у вачах Яго Ввелічы. Хоць бы нічога з таго, на што я ахвяравалася, я не дасягнула, аднак перад Панам ужо ўсё як быццам здзейснілася. У гэты момант я зразумела, што ўваходжу ў лучнасць з Неспасцігальнаю Веліччу Бога. Я адчуваю, што Бог чакае майго слова, маёй згоды. Тады дух мой заглыбіўся ў Пана, і я прамовіла: “Божа, Рабі са мною, што Табе заўгодна, я падпарадкоўваюся Тваёй волі. З сённяшняга дня Твая святая воля – мой падмацунак. Я буду верная Тваім патрабаванням з дапамогай Тваёй ласкі. Рабі са мною, што Табе заўгодна. Малю Цябе, о Пане, будзь са мною ў кожны момант майго жыцця”». (Дз. 135-136).

Браты і сёстры! Папросім жа ў Бога такой веры, якую мела Найсвяцейшая Панна Марыя; а таксама будзем прасіць, каб нашае жыццё было цалкам прысвечана Богу, каб мы імкнуліся кожны дзень аддаваць Яму ўсё і нічога не пакідалі для сябе. Не будзем баяцца ахвяраваць Богу сваё жыццё, бо яно і так належыць да Бога. Ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе. «Бо калі жывём, то жывём для Бога, калі ж паміраем – для Бога паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем, мы належым Богу», – навучае Апостал Павел Рымлянаў. (пар. Рым 13, 7-8).

Мае дарагія! Няхай сённяшняе свята Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі ўчыніць нас яшчэ больш якаснымі паслядоўнікамі нашай нябеснай Маці ў дарозе да святасці.

Ад шчырага сэрца благаслаўляю: ✠ у Імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі