Skip to main content

Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Свята Узвышэння Святога Крыжа, якое прагучала падчас перадачы «Слова Мітрапаліта» на тэлеканале «Беларусь 1»

14 верасня
  • 14 верасня, 2024
  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

«Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 17).

Браты і сёстры, паважаныя тэлегледачы! Сёння ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Наша асаблівая ўвага звернута сёння на крыж як на знак нашай веры, знак нашага збаўлення. Але таксама мы павінны ўзірацца на крыж як на прыладу ўзвышэння Сына Чалавечага Езуса Хрыста, нашага Збаўцы. На нашай планеце, паводле падлікаў вучоных, існуе каля трох трыльёнаў дрэваў і больш за 70 тысяч іх відаў. Але паводле Бібліі ў гісторыі свету сярод мноства гэтых дрэваў найважнейшымі з’яўляюцца тры: райскае дрэва, якое стала прычынай гібелі і першароднага граху першых людзей; дрэва, з якога быў зроблены слуп у пустыні і якое стала паратункам для ізраэльцян; і дрэва, на якім быў укрыжаваны Езус Хрыстус – наш Пан і Збаўца.

Папа Бэнэдыкт XVI у гаміліі, прамоўленай падчас яго пілігрымкі на Кіпр, трапна падкрэсліў: «Многія людзі маглі б запытаць: чаму хрысціяне ўшаноўваюць прыладу катавання, знак пакуты, няўдачы і падзення. Сапраўды, крыж сімвалізуе ўсё гэта. Аднак, дзякуючы Таму, Хто быў узняты на крыж дзеля нашага збаўлення, крыж таксама паказвае канчатковы трыумф Божай любові над усім злом гэтага свету».

Разважаючы над укрыжаваннем Хрыста, мы ўсведамляем, што з аднаго боку крыж з’яўляецца сімвалам болю, цярпення і мучаніцтва. Але, з іншага боку, крыж з’яўляецца знакам паяднання, спакою і любові, знакам перамогі – у крыжы і на крыжы Бог найбольш выразна паказаў, як моцна Ён любіць кожнага чалавека. Людзі будуюць масты – вялікія і малыя, каб без праблем пераехаць ці перайсці на другі бераг. Можна з упэўненасцю сказаць, што Хрыстовы Крыж з’яўляецца менавіта такім мостам, які злучае Неба і зямлю, Боскія справы са справамі чалавечымі, – таму крыж становіцца месцам паяднання паміж Богам і людзьмі.

Мае дарагія! У размове з Нікадэмам Хрыстус казаў пра сутнасць сваёй місіі, якая заключаецца ў сапраўднай любові Бога да чалавека: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Мука Збаўцы мае пэўную мэту – для кожнага з нас Езус становіцца Божым Ратаўніком, вызваляе і ратуе з пасткі граху. Таму без Езуса крыж губляе сваё найважнейшае значэнне – ён не быў бы прыладай збаўлення, калі б на ім не было Боскага Адкупіцеля. І заданне, і місію, з якімі Езус прыйшоў да чалавека, нельга разумець у катэгорыях толькі чалавечых, зямных. Бо Яго моц – гэта любоў, а Яго ўсемагутнасць – гэта міласэрнасць. Такім чынам, крыж можна назваць вялікім прызнаннем у любові да чалавека. Але крыж з’яўляецца таксама вялікім знакам перамогі над грахом, пыхай і эгаізмам, таму што з вышыні крыжа Езус спазірае на зямлю і на кожнага чалавека з вялікай любоўю, Ён не думае пра сябе, але пра тых, каму патрэбна Яго ахвяра, і таму Ён гатовы ахвяраваць сябе на дрэве крыжа.

Нядаўна Папа Францішак сказаў, што «ў крыжы ёсць новы пачатак. Бог ператварыў самую страшную прыладу катавання ў найвялікшы знак любові». Ён падкрэсліў: «Езус Хрыстус нагадвае нам пра тое, што трэба вярнуцца да праўды. З крыжа Езус не абвінавачвае, але любіць і прабачае. Гэта надзвычайная і спрадвечная сімволіка крыжа.

Браты і сёстры! Хрысціянства мае свой незвычайны парадокс: тое, што здаецца іншым людзям невыносным, супярэчыць прыродзе, мабілізуе хрысціян да ўмацавання нашай веры і даверу, да неверагоднай рашучасці, адвагі і сілы, якія вынікаюць менавіта з Крыжа Хрыста.

Таму на працягу гісторыі хрысціянства крыж стаў знакам перамогі Хрыста над сатаной, смерцю і грахом, а таксама сапраўдным сімвалам хрысціянства. Свята Узвышэння Крыжа нагадвае нам, што вучань Хрыста павінен сур’ёзна прыняць вучэнне Боскага Настаўніка, каб праз крыж дасягнуць хвалы неба. Гэта будзе цяжка, калі крыж для чалавека з’яўляецца толькі нейкім дэкаратыўным сімвалам ці застаецца дзесьці ў шуфлядзе, бо «не ўпісваецца» ў сучасны дызайн інтэр’ера. Нашыя адносіны да крыжа паказваюць таксама, наколькі аўтэнтычным з’яўляецца нашае штодзённае сведчанне веры ў сучасным свеце.

Браты і сёстры! Знак крыжа тысячагоддзямі з’яўляецца натуральным і ў нашым беларускім ландшафце: крыжы нашыя продкі заўсёды ўстанаўлівалі на перакрыжаваннях і ўздоўж дарог, на вежах касцёлаў і цэркваў, капліцаў і прыдарожных алтарыкаў. Гэтая традыцыя аднавілася за 30 гадоў адраджэння хрысціянства ў Беларусі. І адметная наша Радзіма тым, што ў многіх мясцовасцях сустракаюцца крыжы праваслаўнай і каталіцкай традыцыі ўстаноўленыя побач як знак прыналежнасці да аднаго і таго ж Збаўцы, як знак мірнага суіснавання паміж канфесіямі. І гэта не толькі рэлігійны сімвал, але гэта знак вернасці пэўным прынцыпам, знак еднасці і прымірэння паміж людзьмі, знак здольнасці на самаахвярнасць і прысвячэнне сябе бліжнім. Ва ўсе часы гісторыі свету вельмі важна, што крыж з’яўляецца знакам паяднання, прабачэння і міласэрнасці. І мы павінны навучыцца гэтаму найцяжэйшаму мастацтву – узаемаразуменню, дыялогу і пагадненню, цярплівасці і ўзаемапавагі — «важна, Хто нас яднае», – а нас яднае Езус Хрыстус, які з любові да нас дазволіў прыбіць сябе да крыжа. Ён не думае пра сябе, але памірае за ўсіх без выключэння – каб усе сталі ўдзельнікамі збаўлення.

Гэта зразумеў кардынал Казімір Свёнтэк, сведка веры, якога 110 –год ад нараджэння будзем сёлета адзначаць 21 верасня. Кардынал Свёнтэк, першы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі – чалавек незвычайнага лёсу, і незвычайны ў сваёй веры, у сваім даверы Хрысту і Найсвяцейшай Божай Маці. Ён быў незвычайны ў сваёй цярплівасці і любові. Падчас пасвячэння капліцы Паяднання і Міру ў Іркуцку, ён гаварыў: «Мы павінны дзейнічаць, як Езус Хрыстус, Пастыр пастыраў».

Мае дарагія! Богу не патрэбныя нявольнікі. Богу патрэбна нашае сэрца, Бог любіць кожнага з нас без аніякіх умоваў – Ён даказаў гэта на крыжы. Бог прагне наладзіць з намі сяброўскую сувязь. Бо ў сяброўстве заўсёды знойдзецца час адзін для аднаго, у сяброўстве мы гатовыя на сапраўдную ахвярнасць, мы можам цалкам давяраць свайму сябру. Бо сапраўдным сябрам з’яўляецца той, на каго мы можам разлічваць у кожнай сітуацыі, бо «сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе».

І Езус хоча такіх адносінаў, Езус хоча нас благаславіць кожны дзень, хоча прабываць з намі ўсюды і ва ўсіх годных справах, Ён прагне, каб мы ахвотна ішлі за Ім. Ісці за Хрыстом азначае несці крыж – крыж сваіх штодзённых абавязкаў, заданняў, крыж паклікання, крыж навучання, працы, крыж, які часта даводзіцца несці ў адзіноце. Несці свой крыж цярпліва, цалкавіта давяраючы Збаўцы, бо Ён заклікае нас да збавеннай вандроўкі з Ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай возьме крыж свой і ідзе за Мною». Безумоўна, быць сапраўдным хрысціянінам у сучасным свеце няпроста. Калі выбіраем шлях з Хрыстом, многія будуць спрабаваць адгаварыць нас ад гэтага шляху. Шмат хто будзе спакушаць нас, што бываюць іншыя часы, што немагчыма так жыць, цалкам захоўваючы вучэнне Хрыста, Але колькі б нам гэта ні каштавала – памятайма словы Боскага Настаўніка: «Хто трывае да канца – будзе збаўлены» у наш час, у якім Бог выбраў нас.

Любыя браты і сёстры! У гэты святочны дзень давайце з вялікаю пашанаю і гарачаю любоўю станем пад крыжам, які з’яўляецца прыладай Божай ласкі і крыніцай духоўнага ўмацавання. І ў сваім жыцці, дзякуючы Хрыстоваму крыжу, будзем старацца быць сапраўднымі сведкамі веры, прабачэння, любові і спакою.

На гэты шлях усіх вас благаслаўляю: + У Імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.