Слова арцыбіскупа Кандрусевіча на Урачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі
- 19 сакавіка, 2025
- Catholicminsk.by

Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае Урачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і апекуна Езуса Хрыста. Ужо той факт, што гэтае свята адзначаецца падчас Вялікага посту, гаворыць аб значэнні гэтага святога ў гісторыі збаўлення.
У літаніі да святога Юзафа ёсць шмат тытулаў, якім народ Божы праслаўляе яго. Сёння звернем увагу на тытул, які называе яго “наймужнейшым”.
Часта ў нашым жыцці мы трапляем у сітуацыі, якія могуць быць для нас вельмі скаладанымі і няёмкімі. Яны таксама часта суправаджаюцца пачуццём страху. Чым складаней рашэнне, якое мы павінны прыняць, тым большы наш страх, таму што яно патрабуе ад нас адказнасці за ўласныя ўчынкі. Сённяшняе Евангелле апісвае гісторыю цяжкага рашэння святога Юзафа, якое адыграла ключавую ролю ў гісторыі збаўлення.
У габрэйскай традыцыі заснаванне сям’і складалася з двух этапаў. Першы – гэта заручыны. Але жаніх браў нявесту да сябе дамоў толькі праз нейкі час.
Калі пасля заручын было зачата дзіця, бацькоўства, паводле закону, прыпісвалася жаніху, пры ўмове, што ён публічна не адмаўляўся ад гэтага. Калі ж адмаўляўся, то нявеста прысуджалася да смяротнага пакарання праз укаменаванне.
У такую сітуацыю трапіў святы Юзаф. Перш, чым Марыя прыйшла жыць у яго доме, Яна зачала. І тут распачынаецца самае цікавае. Ён мог западозрыць Марыю ў здрадзе. Але ён моцна кахаў Яе і не хацеў, каб Яна была пакарана смерцю. Таму, будучы справядлівым, каб не зняславіць Марыю, ён вырашыў патаемна Яе пакінуць.
Але Бог меў адносна яго іншы план і не пакінуў Юзафа аднаго ў гэтую цяжкую хвіліну, калі трэба было прыняць складанае рашэнне. Праз анёла Ён растлумачыў яму, што Марыя зачала ад Духа Святога і народзіць Збаўцу свету. Магчыма, Юзаф, вызваліўшыся ад аднаго страху, спазнаў новы, яшчэ большы страх перад вялізарным заданнем і пакліканнем, якое яго чакала. Аднак яго жыццё паказвае, што замест таго, каб уцячы, ён вырашыў даверыцца Богу і прыняць гэты выклік. Таму зрабіў так, як яму загадаў анёл Пана. У гэтым трагічным кантэксце праявілася мужная постаць Юзафа.
А як мы спраўляемся са складанымі і незразумелымі жыццёвымі сітуацыямі? Часта мы прымаем рашэнні ў стане страху і з няўпэўненасцю. У такія моманты варта кіравацца не толькі інстынктам, але і сумленнем.
Марцін Лютэр Кінг, які змагаўся з расавай сегрэгацыяй у ЗША ў 1960-х гадах, паказаў, як вырашаць важныя пытанні штодзённага жыцця. Менавіта, у такіх сітуацыях неабходна памятаць, што:
- Баязлівасць пытаецца: ці гэта бяспечна?
- Апартунізм: ці гэта выгодна?
- Ганарыстасць: ці будзе спрыяць росту папулярнасці?
- А сумленне задае сутнаснае пытанне: ці гэта згодна з Божай воляй?
З упэўненасцю можна сказаць, што святы Юзаф таксама мог задаць сабе падобныя пытанні. Пакінуць Марыю ці прывясці ў свой дом?
Страх можа нас паралізаваць або мабілізаваць. Пад уплывам страху мы можам прымаць як мудрыя, так і паспешлівыя рашэнні. Таму варта спытаць у Бога, ці правільны абраны намі кірунак. Нам лягчэй пераадолець страх, калі мы ведаем, што робім правільна.
Хрысціянскія мучанікі першых стагоддзяў здзіўлялі сваіх пераследнікаў вялікім спакоем у хвіліну смерці. Яны, безумоўна, адчувалі страх, але былі ўпэўнены, што Бог побач і, умацаваныя Яго моцай, прымалі самыя складаныя рашэнні. Іх прыняцце стварала магчымасць яшчэ большага даверу Богу. Таксама і нам трэба памятаць, што не трывога і страх павінны нас весці да Бога, а любоў, бо гэта найвялікшая Божая запаведзь.
Любоў пераадольвае ўсе перашкоды. Калі б святы Юзаф застаўся ў страху, то мы б сёння не называлі яго нашым абаронцам. Таму ён з’яўляецца для нас узорам таго, як адкінуць страх і выбраць тое, чаго хоча ад нас Бог.
Падчас велікапосных рэкалекцый у адной з парафій адбылася адмысловая канферэнцыя для мужчын, у якой святар прадставіў святога Юзафа як дасканалы узор бацькі і мужа. Ён таксама заклікаў іх маліцца да Юзафа і старацца наследаваць яго.
Пасля канферэнцыі да святара падышоў мужчына і сказаў, што той перастараўся з праслаўленнем святога Юзафа. Усё таму, што жыццёвая сітуацыя Юзафа была зусім іншай, чым наша. Па-першае, яго жонка Марыя была без граху. Па-другое, яго Сын быў Сынам Божым.
Рэкалектант усміхнуўся і адказаў: “Тое, што ты кажаш – гэта праўда. Але дазволь спытаць у цябе: ці твая нявеста была цяжарная перад тым, як стаць тваёй жонкай, так, як Марыя? Ці ў цябе былі сумненні наконт бацькоўства дзіцяці? Ці тваё дзіця нарадзілася ў стайні? Ці прыйшлося вам уцякаць у іншую краіну, як Марыі і Юзафу з Дзіцяткам Езусам у Егіпет?”
Юзаф, як кажа сённяшняе Евангелле, зрабіў так, як сказаў яму анёл. Ён вырашыў прыняць Марыю і Езуса ў сваё жыццё. Яму было нялёгка, хаця ён быў выбраны Богам. Нягледзячы на цяжкасці, Юзаф заўсёды дзейнічаў паводле Божага плану. Яго рашэнне прыняць Езуса стала пачаткам шляху, на якім ён застаўся верным да канца. І гэта самы важны ўрок, які ён нам пакінуў.
Выслоўе кажа, што найбольш глухі той, хто не хоча слухаць. Яно нагадвае пра сітуацыю, у якую мы так часта трапляем: мы толькі гаворым і не прывыклі слухаць. Часта мы не можам пачуць ні сябе, ні іншых людзей, а тым больш голас Бога. Святы Юзаф пакінуў нам прыклад паслухмянасці Божай волі.
Кожны з нас стаіць перад цяжкім выбарам. Часам страх прымушае нас бегчы, але любоў дае нам смеласць заставацца на месцы. Ці можам мы, як Юзаф, даверыцца Богу і прыняць правільнае рашэнне?
Няхай святы Юзаф дапамагае нам у гэтым і выпрошвае ў Бога патрэбныя дары і ласкі, каб мы маглі прымаць нашыя рашэнні згодна з Яго воляй.
✠ Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 19 сакавіка 2025 года