Skip to main content

«Скарбонка Дабрыні»: Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае дзяцей дапамагчы аднагодкам, якія змагаюцца з цяжкімі хваробамі

Вялікі пост 2026 года
  • 17 лютага, 2026
  • Тэкст: Ірына Фаміна / Фота: з архіва Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі // Catholicminsk.by

Набліжаецца Вялікі пост — час асаблівай малітвы, пакаяння і добрых учынкаў. Рэлігійная місія «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае дзяцей з катэхетычных груп далучыцца да «светлай» ініцыятывы «Скарбонка Дабрыні». 

Вялікі пост трымаецца на трох «фундаментах»: малітве, посце і міласціне.

Акцыя «Скарбонка Дабрыні» — гэта не проста збор сродкаў, а сапраўдны жывы ўрок міласэрнасці, які дапаможа дзецям зразумець гэтую важную частку духоўнага жыцця на практыцы.

Якая ідэя акцыі?

Вельмі простая. Напачатку Вялікага посту дзеці ў парафіях робяць свае персанальныя скарбонкі і ў першыя тры тыдні збіраюць туды свае невялікія ахвяраванні — грошы, зэканомленыя на прысмаках, ці сімвалічны заробак на добрую справу.

Завяршэнне акцыі прыпадае на 3-ю Нядзелю Вялікага посту, якая ў Касцёле ў Беларусі з’яўляецца Нядзеляй Caritas.

Каму дапамагаем?

Усе сабраныя сродкі будуць накіраваны на падтрымку Дзіцячага дабрачыннага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра святога Лукі. 

Цэнтр працуе з 2003 года і з’яўляецца сапраўдным прытулкам для сем’яў, чые дзеці праходзяць складанае лячэнне ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах.

У Цэнтры святога Лукі можа бязвыплатна размясціцца да 19 сем’яў. Тут праходзяць рэабілітацыю дзеці з розных куткоў Беларусі. Кожная сям’я атрымлівае асобны ўтульны пакой, а ежу можна гатаваць на агульнай кухні. Тэрыторыя цэнтра спрыяе аднаўленню здароўя. Тут ёсць сэнсарны і гульнявы пакоі, вялікая дзіцячая пляцоўка. Побач знаходзіцца лес, дзе можна гуляць на свежым паветры. Супрацоўнікі Caritas імкнуцца стварыць хатнюю атмасферу, забяспечваючы не толькі матэрыяльную і псіхалагічную, але і духоўную падтрымку, што так важна ў час цяжкіх выпрабаванняў.

Як можна далучыцца? 

Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сардэчна запрашае шаноўных пробашчаў, катэхетаў і бацькоў падтрымаць гэтую ініцыятыву. Для каардынацыі дзеянняў і падрыхтоўкі сімвалічных падарункаў для ўсіх удзельнікаў просім катэхетаў і бацькоў зарэгістраваць свае групы і азнаёміцца з падрабязнай інструкцыяй.

Зарэгістравацца для ўдзелу ў акцыі «Скарбонка Дабрыні» можна па спасылцы ТУТ>>>

А падрабязную інструкцыю можна спампаваць ТУТ>>>

Давайце разам напоўнім гэты Вялікі пост канкрэтнымі справамі любові і пакажам нашым дзецям, што нават самая маленькая скарбонка можа змясціць у сабе вельмі вялікае сэрца.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем акцыі ў вашай парафіі, можна звяртацца да каардынатара акцыі па тэлефоне:
+375 (29) 117-97-72 (Ірына Фаміна)