Радасная падзея ў літургічнай службы алтара парафіі святога Казіміра ў Маладзечне
- 5 чэрвеня, 2024
- Тэкст: Ігар Лапата, Алена Арлоўская, фота: Алена Арлоўская, відэа: Алена Каралькова // Pio.by
У нядзелю, 2 чэрвеня, у касцёле святога Піо, які належыць парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, дзе служэнне ажыццяўляюць браты капуцыны, шасцёра кандыдатаў: Арсеній Арлоўскі, Даніла Іода, Цімафей Квяцінскі, Мацвей Рудкевіч, Станіслаў Трыпуцька і Сцяпан Туровіч – прынялі стан міністранта хараліста.
Пасля адпаведнай падрыхтоўкі і здачы іспыту былыя кандыдаты распачалі свой шлях у літургічнай службе алтара. Будучы ў ступені міністранта хараліста падчас святой Імшы яны могуць падаваць ахвярныя дары, а таксама даваць знакі званкамі падчас кансэкрацыі хлеба і віна.
Склаўшы перад прысутнымі вернікамі свае абяцанні, нова ўстаноўленыя міністранты атрымалі белыя комжы – сімвал чысціні сэрца і розуму, а таксама прыналежнасці да выбранага народу.
Брат Уладзіслаў Мінько OFMCap падчас казання звярнуўся да будучых міністрантаў з наступнымі словамі:
““Служыць” па-лацінску гучыць як “ministrare”. Таму вашае служэнне пры алтары (падаванне ампулак, званенне званкамі, прынясенне келіха) – гэта таксама прыклад служэння і даверу Богу. Нават калі вы проста прыгожа стаіце і моліцеся, вы паказваеце, што Ён ёсць тут, побач”.
Парафіяльнае душпастырства міністрантаў лічыцца асноўнай крыніцай новых пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця ў Беларусі.