Skip to main content

Прысвячэнне Найдаражэйшай Крыві Хрыста. Па старонках часопіса Ave Maria нумар № 7-8

  • 27 жніўня, 2026
  • Тэкст: Іна Бігель // Паводле
  • Ave-maria.by

Новы нумар часопіса Ave Maria распачынаецца рэпартажам з Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай і вельмі значнаю падзеяй, якая там адбылася, — «Прысвячэнне Найдаражэйшай Крыві Хрыста Касцёла ў Беларусі», а таксама падзякаю Богу за аднаўленне структураў Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі, просьбаю аб прабачэнні за ўчыненыя грахі і правіны. Тут жа змешчаны Малітва да Крыві Хрыста і Заклік да Маці Божай.

Тэму будслаўскага фэсту працягвае матэрыял Яна Лысага «Неба Будслава».

Далей ідзе рубрыка «Школа малітвы», дзе айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Глядзіце, каб вас не звялі» піша пра перасцярогі Езуса, які ведае пра розныя небяспекі, якія пагражаюць на шляху развіцця рэлігійнага жыцця.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка, як заўсёды даходліва і глыбока адказвае на пытанне, якое не раз задае сабе вернік: «Чым адрозніваецца духоўнае жыццё ад рэлігійнага?».

Рэдакцыя Ave Maria звяртае ўвагу чытачоў, што з гэтага нумара распачынаецца вельмі цікавы цыкл разважанняў ксяндза Сяргея Сурыновіча пра вобразы жанчынаў у Бібліі. «Таямніца першай жанчыны» называецца першы артыкул гэтага цыклу, у якім распавядаецца пра Еву, драму ў Эдэме, пра трагедыю маўчання Адама, пра імя Евы, пра гісторыю ад Евы да Марыі.

У артыкуле «Знакавыя падзеі» Марыя Мяжэвіч з захапленнем распавядае пра знакавыя падзеі для парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якая прапісалася на Бараўлянскай горцы ў пасёлку Лясны.

Удзячныя парафіяне вілейскай парафіі ў артыкуле «Пра тых, хто стаяў каля вытокаў…» дзеляцца ўспамінамі пра тых, вернікаў, які сталі памочнікамі святароў, якія прыслугоўвалі каля алтара і апекаваліся святыняю, і ўзносяць словы ўдзячнасці Богу за іх жыццё, адданае і ахвярнае служэнне.

У гэтым нумары ў рубрыцы «Старонка псіхолага» сястра Паўла Бобер MSF у артыкуле «Шлях да Бога — шлях да сябе» працягвае медытатыўныя практыкаванні, прысвечаныя пазнанню сябе праз адкрыццё любові Бога.

Галіна Калевіч распавядае пра духоўную дачку легендарнага ксяндза Станіслава Жука — Ванду Савіцкую ў дзявоцтве Лобач.

Змешчаны таксама віншаванні чарговым юбілярам лета: кс. Аляксандру Барылу, а. Аляксандру Шамрыцкаму, супрацоўніцам рэдакцыі часопіса «Ave Maria» Лідзіі Камінскай і Іне Бігель.

На старонках вокладкі прапануюцца малітвы, літанія і вяночак да святой сястры Марыі ад Укрыжаванага Езуса.