Skip to main content

Прадстаўлена энцыкліка «Dilexit nos» па-беларуску

6 сакавіка
  • 6 сакавіка, 2025
  • Тэкст і фота: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ // Catholicminsk.by

У Мінскай архікатэдры 6 сакавіка падчас пастырскай сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася прэзентацыя энцыклікі Святога Айца Францішка «Dilexit nos» ў перакладзе на беларускую мову.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Дакумент падрыхтаваны да друку ў выдавецтве «Про Хрысто».

Беларускае выданне чацвёртай энцыклікі Святога Айца Францішка прадставіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў. Энцыкліка «Палюбіў нас» прысвечана разважанню аб чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста і скіравана да ўсіх людзей добрай волі. Яна складаецца з пяці раздзелаў.

«Прашу Пана Езуса Хрыста, – піша Пантыфік, – каб з Яго Найсвяцейшага Сэрца цяклі рэкі жывой вады для ўсіх нас, каб гаіць раны, якія мы сабе наносім, умацоўваць нашую здольнасць любіць і служыць, натхняць нас вучыцца ісці разам у кірунку справядлівага, салідарнага і братэрскага свету. І ўсё гэта аж да часу, калі мы разам будзем радасна святкаваць на гасціне Нябеснага Валадарства».