Парафіяльнае свята з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адзначылі ў Чавусах
- 21 мая, 2024
- Паводле Chausynews.by

У панядзелак пасля Урачыстасці Спаслання Духа Святога у Касцёле адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла.


У гэты дзень рымска-каталіцкая супольнасць у Чавусах адзначыла сваё парафіяльнае свята. Ва ўрачыстай святой Імшы прынялі ўдзел біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святары, якія нясуць служэнне ў Магілёўскім дэканаце, а таксама мясцовыя вернікі і прадстаўнікі парафій з Горак, Касцюковіч, Крычава, Мсціслаўля і Магілёва. Узначаліў Эўхарыстыю арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які прыбыў на ўрачыстасць разам са сваім сакратаром ксяндзом-канонікам Юрыем Ясевічам.




Арцыбіскупа Станеўскага цёпла віталі чавускія вернікі з хлебам-соллю, дзякуючы яму за ўвагу да парафіі. Іерарх павіншаваў усіх удзельнікаў Святой Імшы з урачыстасцю, прысвечанай прысутнасці Маці Божай у жыцці вернікаў.

Падчас казання арцыпастыр звярнуў увагу прысутных на ролю Найсвяцейшай Панны Марыі ў жыцці Касцёла. Яна апякуецца намі, дапагае, умацоўвае, заклікае да любові і павагі бліжняга. Сваім жыццём Яна вучыць нас дараваць крыўды, дапамагаць тым, каму цяжка, маліцца Богу за дзяцей, моладзь, родных, хворых, жыць з Хрыстом у сэрцы. Да практыкавання гэтых учынкаў заклікаў слухачоў Мітрапаліт.

Урачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, была насычана пранікнёнай атмасферай і радасцю. Для вернікаў на Магілёўшчыне, якіх колькасна няшмат у парафіях, гэта была дадатковая нагода сустрэцца разам і маліцца праз заступніцтва Маці Божай за сябе, родных, блізкіх і за ўвесь Касцёл.