На партале catholicminsk.by з’явілася новая рубрыка – “Лісты чытачоў”
- 22 красавіка, 2024
- Кс. Павел Эйсмант
Фота ўзята з адкрытых крыніц
“Усё цячэ, усё мяняецца і нічога не стаіць на месцы”, – так некалі выказаўся старажытнагрэчаскі мысліцель Геракліт, паказваючы, што і ў прыродзе, і ў чалавечым грамадстве можна ўбачны пэўны рух, развіццё, калі паўстае нешта новае, свежае, невядомае. З часам, аднак, гэта новае становіцца чымсьці звычайным, будзённым, трываючы надалей, або знікае, будучы нікім не запатрабаваным.
На партале catholicminsk.by паўстала пэўнае “novum”. Гэта новая рубрыка, якая называецца “Лісты чытачоў”. З’яўленне гэтай рубрыкі невыпадковае. На электронную скрынку рэдакцыі прыходзяць лісты карыстальнікаў, якія заходзяць на партал, чытаюць навіны, артыкулы, анонсы і іншую інфармацыю пра Мінска-Магілёўскаю архідыяцэзію, праглядаюць фотаздымкі і хочуць падзяліцца з іншымі карыстальнікамі падзеямі, якія адбыліся ў іх роднай парафіі, мясцовасці або там, дзе яны цяпер знаходзяцца. Традыцыйна мы называем такіх актыўных карыстальнікаў чытачамі.
Рэдакцыя партала гатова прыняць і апублікаваць лісты нашых чытачоў. Каб новая рубрыка існавала і напаўнялася цікавым кантэнтам, яе трэба падтрымліваць. Таму, Паважаныя Чытачы, дасылайце, калі ласка, вашыя тэксты і фотаздымкі на электронную скрынку рэдакцыі: catholicminsk@gmail.com.